Працягваем серыю духоўных практыкаванняў на тэму мацярынскай любові. Мы разважаем над ёю ў форме хрысціянскай медытацыі, як на рэкалекцыях. Кожнае разважанне пачынаецца з малітвы і абапіраецца на Божае слова. Матэрыял падрыхтаваны паводле рэкалекцый сястры Паўлы Бобер MSF.
Сястра Паўла Бобер MSF —тэолаг, выкладчык, псіхолаг, псіхатэрапеўт са шматгадовай практыкай.
Для гэтага духоўнага практыкавання спатрэбіцца прыблізна 45 хвілін. Пастарайцеся дакладна прытрымлівацца гэтага часу. Пакіньце 5–7 хвілін, каб запісаць свае думкі. Падчас разважання не забывайцеся адасобіцца і захоўваць маўчанне. Пачніце медытацыю са знака крыжа і паклону: няхай святы крыж будзе нашым шчытом і абаронаю. Пакладзіце побач закрытую Біблію і прачытайце малітву перад падарожжам: «Усёмагутны, вечны Божа, Ты наказаў Абраму выйсці з яго зямлі і з бацькоўскага дому. Ты захоўваў яго ў бяспецы на ўсіх шляхах яго пілігрымавання. Атуляй апекаю і нас, сваіх слугаў; будзь для нас, Пане, дапамогаю ў патрэбе, Сябрам і суцяшэннем у дарозе, абаронаю ў выпрабаваннях, каб мы пад Тваім кіраўніцтвам дасягнулі мэты нашага падарожжа і шчасліва вярнуліся ў свае дамы. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн».
Або: «Няхай усёмагутны і міласэрны Пан вядзе нас дарогаю спакою, а Яго анёл няхай беражэ нас, каб мы ў спакоі і бяспецы змаглі дасягнуць мэты свайго падарожжа. Амэн».
Спакойна пасядзіце хвілінку, дыхайце павольна, каб адчуць у сабе жыццё і ўсвядоміць, што вы целам і думкамі прабываеце на гэтым месцы, тут і цяпер.
Першы крок сённяшняй медытацыі мы назавем так: «Ці можна гаварыць пра маці дрэнна?» Гэтае пытанне можна задаць інакш, яно не абавязкова гучыць так рэзка. Перафразуем: «Ці маю я права гаварыць пра свае перажыванні? А да гэтага ці маю я права думаць пра свае перажыванні і пачуцці? Ці маю я права шукаць сябе і рэалізоўваць тыя дары, якія даў мне Бог? Ці маю я права жыць?» Гэта ўсё — адно пытанне. Таму, каб адказаць на яго, так неабходна спакойна сядзець на месцы і ясна адчуваць сябе ў прасторы.
Пакуль мы, жывучы і развіваючыся, шукаем адказы на гэтыя пытанні, а дакладней — на адно пытанне, нас часта кідае ў два палярныя бакі. Першая маральная ўстаноўка: пра маму ніколі нельга дрэнна думаць; у мяне няма на гэта права, бо яна мяне вынасіла, нарадзіла, не спала начамі, мучылася. Адсюль натуральна вынікае: калі я не маю права думаць пра маму дрэнна, значыць я маю абавязак думаць толькі добра, рабіць усё дзеля яе. Узнікае пачуццё віны. Я спрабую слухацца, упакорвацца, задавальняць усе матчыны чаканні, каб ёй было добра, але не заўсёды гэта атрымліваецца.
Здараецца, што і маці навязваюць пачуццё абавязку і віны дзецям: «Ты мне абавязаны. Я тут сяджу адна, а ты недзе там бавішся з сябрамі… Для чаго табе ехаць у адпачынак, калі ты можаш прыехаць і пабыць са мною?..» Чалавек апынаецца ў пастцы, заўсёды прабываючы ў стане ахвяры. Гаворка ідзе не пра тое, каб увогуле не дапамагаць бацькам і не падтрымліваць іх: вядома, пенсіі невялікія, і матэрыяльная дапамога бывае патрэбная, гэтак жа, як і нематэрыяльная. Аднак здараецца, што дарослая асоба, якая зарабляе на жыццё самастойна, не можа дазволіць сабе без згрызотаў сумлення выпіць у кавярні кавы з пірожным, бо адразу ўваччу ўзнікае мамін твар з дакорлівым позіркам, а ў вушах гучыць: «Я тут адна не спраўляюся, мне дрэнна, а табе толькі забаўкі, зусім пра мяне не памятаеш!».
Калі чалавек жыве на фоне пастаяннага пачуцця віны, унутры ўзнікаюць трывога і дыскамфорт. Спачатку прыходзіць неразуменне: здаецца, я жыву як трэба, я добрая дачка (або добры сын), малюся, захоўваю запаведзі, шаную бацькоў, але ўнутры канфлікт (асабліва, калі ад бацькоў чуваць пастаянныя прэтэнзіі); я не разумею, дзеля чаго жыву, чаго хачу, што мне патрэбна. Кажуць: будзь з Богам — і ўсё будзе добра. А мне чамусьці дрэнна… Пачуццё неразумення перахо дзіць у меланхолію і лёгкую дэ прэсію. Чалавек спрабуе ратавацца, апраўдваючыся, закрываючыся, абмяжоўваючы, па магчымасці, стасункі, каб не канфліктаваць, але ўнутры пануе трывога. Пасля дэпрэсія паглыбляецца. Чалавек ходзіць на богаслужэнні, моліцца і адчувае, аднак, што выйсця няма, усё дрэнна. Наступае крызіс, псіхічны або духоўны, а часцей і той, і другі разам. Чалавек пачынае хварэць: можа развіцца гастрыт, а пасля — язва, можа з’явіцца сур’ёзная алергія, праблемы са скурай, суставамі, з дыханнем. Бывае, што аналізы ў парадку, але самаадчуванне дрэннае — і ўсё тут. Пачуццё віны часам развіваецца інакш: дзіцяці здаецца, што іншых дзяцей у сям’і любяць больш (а магчыма, так сапраўды ёсць). І тады дзіця, падрастаючы, падглядае, як паводзяць сябе браты або сёстры, як размаўля юць, каб гэта падабалася бацькам, і пачынае паўта раць за імі (часта без поспеху). Гэтак з цягам часу чалавек сыходзіць усё далей ад сябе самога, і ўнутры яго нарастае крызіс, бо ён не ёсць сабою. Ізноў — віна, дэпрэсія, хваробы…
Апісаныя сітуацыі — гэта адна крайнасць. Ёсць і іншая крайнасць: агрэсія. Маўляў, вы мне сапсавалі жыццё, вы — таксічныя бацькі. Я буду помсціць і дакажу, што нечага варты, але не буду з вамі падтрымліваць стасункі і прыязджаць!
Чым бліжэй мы да крайнасці, тым далей ад саміх сябе, і ў адным, і ў другім выпадку. Паглядзіце, дзе знаходзіцеся вы, як блізка падышлі да краю. Часам чалавеку трэба пабываць на краі, пасумаваць, паплакаць, пазлавацца, каб пасля ісці далей. Спакойна гэта рабіце, не саромейцеся, але толькі нядоўга, бо ўсё гэта нішчыць вас і вашае жыццё, а Бог даў жыццё не для таго, каб мы яго руйнавалі. Не затрымлівайцеся на самашкадванні. Ведайце, што можаце і маеце права час ад часу злавацца і плакаць; вы можаце жыць, бо маеце права на жыццё.
Асноўная думка для ўсіх нашых далейшых медытацый: «Бог даў мне жыццё, значыць я маю права жыць». А значыць я маю права праяўляць эмоцыі, незалежна ад таго, разумеюць мяне ці не. Калі бясконца чакаць, што іншыя вось-вось мяне зразумеюць і тады я пачну жыць, гэтага можа не здарыцца ніколі. Чалавека могуць не зразумець да канца дзён, і нават не варта да гэтага імкнуцца. Удакладню, што адмоўныя эмоцыі і агрэсія маюць права на сваё праяўленне, бо мы іх перажываем, але яны павінны быць канструктыўнымі, а не знішчальнымі, не скіроўвацца ў адрас некага іншага.
Калі ў вашую псіхіку і свядомасць вельмі глыбока ўпісана думка пра тое, што нельга злавацца на бацькоў, магчыма, вам дапаможа духоўна ўмацавацца наказ св. Паўла, які добра разбіраўся ў сямейных адносінах: «Айцы, не раздражняйце дзяцей вашых, каб яны не падалі духам» (1 Клс 3, 21); «І вы, бацькі, не раздражняйце вашых дзяцей, але выхоўвайце іх праз навучанне і настаўленне Пана» (Эф 6, 4).
Цяпер падумайце пра тое, што бацькі — гэта людзі, пакліканыя Богам перадаваць жыццё іншаму, новаму чалавеку. Мама і тата — не ўласнікі жыцця сваіх дзяцей, не гаспадары ім. Гаспадар адзін — Бог Стварыцель. Бацькі пакліканыя захаваць дадзенае Богам жыццё несапсаваным. Сапраўды, гэта вялікае пакліканне, але яго вымушаны выконваць самыя звычайныя жанчыны і мужчыны са сваімі праблемамі і клопатамі, адсюль узнікаюць праблемы. Дзеці ж нараджаюцца не для таго, каб задаволіць маму і тату, не гэта іх пакліканне. Мама з татам «робяць гняздо», каб у добрых умовах нарадзілася і развівался жыццё, а пасля дзіця трэба своечасова «адняць ад грудзей», птушанятка павінна вылецець на волю. Бацькі мусяць выкарміць дзяцей, у тым ліку псіхічна і духоўна, а пасля адпусціць і застацца сам-насам, гэта іх час і радасць.
Дзякуйце Богу кожны дзень, калі вашая мама — сталая, мудрая жанчына. Такая мама ніколі не захоча, каб дзеці яе цалкам задавальнялі; яе жаданне, каб яны знайшлі сябе, развіваліся і жылі. Калі яна можа і ўмее, то дапаможа ў гэтым, калі не, то падтрымае дзяцей у пошуку. А калі мама нясталая і нямудрая, то ў вас ёсць прынамсі шанец набрацца вялікага досведу. Давядзецца праз многае прайсці, шмат працаваць над адносінамі і пакутаваць, злавацца і дэпрэсаваць, але атрыманы досвед можна прымяніць у адносінах да ўласных дзяцей, стаўшы сталымі і мудрымі бацькамі. Усё ў нашых руках. У дэпрэсіі і агрэсіі нам можа здавацца, што мы не кіруем сітуацыяй, але гэта памылка.
Нарэшце вазьміце ў рукі Біблію і, перш чым адкрыць і прачытаць урывак, сваімі словамі папрасіце Бога адкрыць вашыя сэрцы на Яго слова. Прачытайце ўрывак з Кнігі Быцця: 12, 1–4; 13, 5–12.
Бог гаворыць Абрагаму пакінуць сваю краіну і ісці на зямлю, якую Ён пакажа. А пасля браты Абрагам і Лот разыходзяцца і ідуць кожны сваім шляхам. Важна навучыцца выбіраць свой шлях у спакоі і міры, каб нікому не было цесна. Не трэба нічога даказваць, не трэба з ахвяры станавіцца агрэсарам. Паразважайце пра персанажаў Бібліі: яны заўсёды некуды ідуць, перасяляюцца, рухаюцца. Разумееце? Паглядзіце на Езуса — Ён сам увесь час ходзіць і гаворыць вучням: «Калі вас не прымуць, абтрасіце пыл з ног і ідзіце далей».
Паразважаўшы гэтак, памаліцеся сваімі словамі, ад сэрца. Паспрабуйце памаліцца як свабодны чалавек. Калі не атрымліваецца, папрасіце ў Бога навучыць вас маліцца ў свабодзе.
Ёсць час плакаць і смяяцца, гаварыць і маўчаць. Я ўзгадваю, як хварэла мая мама, але не дазваляла нам, дзецям, быць каля яе ўвесь час, удзень і ўначы. Яна казала: «Гэта мой час пакутаваць, гэта мой час». Яна нас адпусціла. І кожнаму з нас трэба вучыцца адпускаць. Усім вам, дарагія чытачы, жадаю Духа Святога на гэтым шляху.
Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле матэрыялаў рэкалекцый сястры Паўлы Бобер MSF
Чытайце яшчэ артыкулы з гэтай серыі:
- Мацярынская любоў. Духоўныя практыкаванні. Частка 1
- Мацярынская любоў. Духоўныя практыкаванні. Частка 2
- Мацярынская любоў. Духоўныя практыкаванні. Частка 3