Мацярынская любоў. Духоўныя практыкаванні. Частка 2

Працягваем серыю духоўных практыкаванняў на тэму мацярынскай любові. Прапануем чытачам паразважаць над ёю ў форме хрысціянскай медытацыі, як на рэкалекцыях. Кожнае разважанне пачынаецца з малітвы і абапіраецца на Божае слова.


Для гэтага духоўнага практыкавання спатрэбіцца прыблізна 50 хвілін: 45 хвілін для разважання, і 5–7 хвілін, каб запісаць свае думкі. Пастарайцеся дакладна прытрымлівацца гэтага часу.

Пачніце медытацыю са знака крыжа і малітвы «О душа Хрыстова...», папрасіце Пана Бога аб дары еднасці з Ім. Пасля выберыце спакойнае месца, дзе вас ніхто не патрывожыць, сядзьце, каб вам было зручна, вазьміце Біблію і папрасіце Бога: «Божа, адкрый маё сэрца да таго, як я адкрыю кнігу, каб яно было чулае да таго, што Ты жадаеш мне сказаць». Адкрыйце Біблію і вельмі павольна прачытайце ўрывак. Падчас медытацыі да вас могуць прыйсці нейкія ўспаміны, асобныя фразы, думкі. Запішыце іх.

Падчас медытацыі Дух Святы дае чалавеку нешта ўзгадаць, узбуджае нейкія дзіўныя адчуванні, і далей можна будзе працаваць таксама з імі.

Цяпер мы будзем разважаць пра жыццё Ганны, гераіні Старога Запавету з Першай Кнігі Валадарстваў. Прачытайце 1 раздзел, вершы 1–20.

Гэта апавяданне пра жанчыну, якая стала маці. Жыла-была дзяўчынка Ганна, яна вырасла, стала маладой дзяўчынай, выйшла замуж. Гэта ўсё звычайныя жыццёвыя этапы. Ганна была бясплоднаю і вельмі хацела нарадзіць дзіця. Чаму? Паглядзім, як яна жыла: у яе мужа была яшчэ адна жонка, якая нарадзіла шмат дзяцей, і сыноў і дачок. Ганна — любімая жонка, але бясплодная, і нішто не можа яе суцешыць — яна хоча мець дзіця. Якую матывацыю мае гэтая жанчына? Магчыма, гэта было проста жаданне перадаць жыццё. Малітва Ганны сведчыць, што яна хоча нарадзіць дзіця і ахвяраваць яго Богу. Ганна ў адчаі: адначасова яна перажывае вельмі шмат чалавечых пачуццяў: вялікую ганьбу і сорам ад бясплоднасці, бо ў тыя часы жанчына магла рэалізаваццца толькі праз мацярынства, асабліва калі яна станавілася маці сына. Лічылася, што бясплодная жанчына пакінутая Богам.

Ганна адчувае сябе нікчэмнаю і да таго ж церпіць здзекі другой жонкі, якая моцна раўнуе і мае перавагу над Ганнаю — шмат дзяцей. Ганну турбуюць і гэтыя адносіны, і ціск грамадства, і нізкі сацыяльны статус. Гэта таксама ўплывае на яе матывацыю. Ганна гатовая на ўсё: самыя розныя прычыны, і рэлігійныя, і сацыяльныя, і чыста чалавечыя змешваюцца, і яе бясконца турбуе адно жаданне — нарадзіць. З цягам часу, дарэчы, яе матывацыя ачышчаецца, і мы пра гэта яшчэ паразважаем.

Далей звярніце ўвагу на тое, што Ганна — сапраўдная верніца, яе вера жывая. Яна і яе сям’я захоўваюць рэлігійныя традыцыі, як і ўсе, але, апроч гэтага, Ганна па-сапраўднаму верыць. У адчаі яна не робіць невядома што, а звяртаецца да Бога: пачынае маліцца. Яна плача і ўсклікае да Бога, выліваючы ўсю сваю душу, нягледзячы на тое, што з ёю побач святар, які бачыць яе. Зрэшты, тады было не прынята, каб жанчыны так паводзілі сябе. Ганна выходзіць па-за межы прынятай традыцыі, каб пакутамі сваёй душы дастукацца да жывога Бога. Святар увогуле падумаў, што Ганна п’яная, бо яна малілася не там, дзе ў святыні было месца для жанчын, і малілася не так, як звычайна, не ўслых. Пасля складання ахвяры звычайна заставалася шмат віна і мяса, і людзі святкавалі. Ганна ж замест гэтага пайшла ў іншае месца гаварыць з Богам. Яна ўстала перад Ім такая, якая ёсць, з усім грузам пачуццяў і перажыванняў, і пачала сапраўдную малітву ад самага сэрца, у адчаі, у безвыходнасці.

Вядома, што Бог пачуў малітву Ганны. Невядома, колькі часу прайшло. Біблія гаворыць, што сям’я кожны год хадзіла складаць ахвяру, і Ганна, магчыма, малілася ў сваёй інтэнцыі шмат гадоў. У рэшце рэшт Бог яе пачуў і даў ёй сына. Падкрэслім тое, што менавіта Бог дае дзіцяці жыццё, бо жадае гэтага, Ён — Нябесны Айцец кожнага з нас, і кожны з нас — Яго ўлюбёнае дзіця.

Цяпер паразважайце: можа, вы ведаеце, якая матывацыя была ў мамы нарадзіць вас? Калі не ведаеце, не трэба прыдумваць, але, можа, узгадаеце, што мама вам гаварыла пра гэта. Можа, вы нешта чулі ад іншых сваякоў ці суседзяў. Успаміны могуць быць радасныя: магчыма, вы не раз чулі, што мама і тата вельмі чакалі вашага нараджэння. Так бывае не заўсёды. Нярэдка людзі выпадкова даведваюцца, што не былі жаданымі дзецьмі, што маці была цяжарная яшчэ да таго, як ісці замуж, і ўсе гэта ведалі, і цяжарнасць увогуле была недарэчнаю… Або ёсць нейкая іншая не вельмі прыемная гісторыя.

Калі раптам ёсць нешта падобнае ў вашым жыцці, галоўнае не завязнуць у гэтых перажываннях, не дазволіць, каб яны атручвалі вам жыццё. Шчыра скажыце пра гэта ў малітве Езусу, Богу Айцу, Марыі, а пасля глыбока зазірніце ў сваё сэрца і падумайце: нават калі бацькі вас не хацелі, то Бог хацеў вашага нараджэння. Ганна шмат гадоў жадала мець дзіця і не мела. Бог дае жыццё —значыць Ён хацеў, каб вы нарадзіліся, незалежна ад матывацыі вашых бацькоў. Паразважайце над гэтым, пабудзьце з гэтаю думкаю: неістотна, чаму бацькі хацелі або не хацелі вашага нараджэння, галоўнае, што Бог хацеў вашага жыцця. Менавіта Ён пажадаў, каб вы прыйшлі ў гэты свет. Ён пажадаў, каб гэта адбылося ў пэўны час, у пэўным месцы, у пэўных бацькоў.

Добра ўсвядоміўшы гэта, паспрабуйце паразмаўляць з Богам у такім духу: «Мая мама — малайчына або, наадварот, цяжкі чалавек — неістотна; гэта Твая справа. Цяпер застаемся Ты і я. І Ты хацеў майго нараджэння. Дзякую Табе за гэта». У спантаннай малітве падзякуйце Богу за сваё жыццё і аддайце Яму ўсе непрыемныя ўспаміны, звязаныя з вашым нараджэннем, калі яны ёсць.

Гэтаю малітваю завяршыце медытацыю. Пасля, калі будзеце мець час, запішыце вашыя адчуванні і думкі падчас медытацыі.

Памятайце, што ні падчас медытацыі, ні падчас рэкалекцый задача не ў тым, каб разбірацца ў праблемах з вашымі мамамі. Вы пакліканыя вызваліцца ад шуму думак і перажыванняў, які ствараюць гэтыя адносіны. Ёсць спакуса палічыць: «Зараз я добра падумаю і памалюся, і тады адразу знікне ўсё, што мне перашкаджае». Але справа не ў гэтым, а ў тым, каб сярод праблемаў, у якіх мы жывем, з якімі сутыкаемся пастаянна, знайсці ўнутраны спакой. Паглядзіце, як было з Ганнаю: памаліўшыся, яна вярнулася дамоў, паела і перастала сумаваць. Ці адразу пасля малітвы яна зацяжарыла? Не. Але яна адразу атрымала ўнутраны спакой. Хутчэй за ўсё, другая жонка, Фяннана, гэтак жа здзекавалася з Ганны, і ўсе суседзі гэтак жа лічылі яе нікчэмнаю бяздзетнаю кабетаю. Малітва не стала імгненным рашэннем Ганніных праблемаў, знешне нічога не змянілася ў яе сітуацыі.

Гэтак жа здараецца і з намі: здаецца, мы так стараемся, чакаем, і нічога не адбываецца, але малітва, не прыносячы імгненных відавочных зменаў, усё ж напаўняе душу ўнутраным спакоем. Каб адчуць яго, трэба па прыкладзе Ганны пакінуць усё і ўсіх на нейкі час, каб адкрыта і шчыра паразмаўляць з Богам і пасля, адчуўшы спакой, вярнуцца да звычайнага жыцця, даверыўшы яго Богу.

Напрыканцы прачытайце малітву да Духа Святога, даверыўшы Яму плён сваёй медытацыі.


Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле матэрыялаў рэкалекцый сястры
Паўлы Бобер MSF

Сястра Паўла Бобер MSF —тэолаг, выкладчык, псіхолаг, псіхатэрапеўт са шматгадовай практыкай.

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней