Гэта серыя духоўных практыкаванняў на вельмі складаную і тонкую тэму мацярынскай любові. Рэкалекцыі, прысвечаныя разважанням над гэтай тэмай, праводзіліся ў 2018 г. у Баранавічах. Прапануем чытачам таксама паразважаць над ёю, але ў незвычайнай форме — форме хрысціянскай медытацыі, як на рэкалекцыях. Мы будзем пачынаць кожнае разважанне з малітвы і абапірацца ў ім перадусім на Божае слова.
Каб разважанні былі плённымі, неабходна знешняя і ўнутраная цішыня. Трэба вызначыць для іх час, засяродзіцца і пастарацца на гэтыя паўгадзіны або 45 хвілін аддаліцца ад іншых справаў, выключыць тэлефон і папрасіць родных не турбаваць вас. Трэба застацца сам-насам з Богам, каб слухаць, што Ён жадае вам сказаць. Гэта знешняя цішыня. Пастарайцеся спыніць шум справаў, чаканняў, жаданняў, клопатаў і думак, якія віруюць у галаве, у тым ліку і шум так званага рэлігійнага жыцця. Гэты шум не дае напоўніцу сустракацца ні з сабою, ні з Богам. Занадта шматслоўная малітва падобная да язычніцкай, і ў ёй няма ніякага сэнсу, адна мітусня. Цяпер не клапаціцеся ні пра што, пакіньце ўсё за замкнёнымі дзвярыма і прабывайце з Панам. Найперш трэба слухаць Яго ў сваім сэрцы і захоўваць спакой. Слухай, Ізраэлю — гаворыцца ў Святым Пісанні… Гэта ўнутраная цішыня.
У гэтай серыі духоўных практыкаванняў мы паразважаем пра мацярынства Багародзіцы і сваіх родных мамаў, пра нашыя з імі адносіны і тое, як гэтыя адносіны сфармавалі нас для дарослага жыцця. Якую псіхічную і духоўную спадчыну мы атрымалі Мацярынская любоў. ацярынская любоў. ад побыту разам з мамамі, ад іх выхавання? Для кагосьці гэтая тэма можа быць вельмі лёгкая, для кагосьці — складаная. Тут і любоў, і прыняцце, і адкрытасць, і жорсткасць, і неразуменне, і нават адкінутасць. Калі вы думаеце, што ваша мама ідэальная, пасля разважання можа высветліцца, што гэта не зусім так. Калі вы думаеце, што мама вас ніколі не прымала, не разумела, не давала дастаткова цяпла, гэта таксама можа быць не зусім поўная карціна рэальнасці. Папросім жа, каб Бог адкрыў нашыя сэрцы на праўду, якая дазволіць дыхаць свабодна, каб дапамог нам скласці ўсе цяжкасці, звязаныя з мацярынскаю любоўю, у сэрца Багародзіцы, Божай Маці і нашай Маці.
Для першага духоўнага практыкавання спатрэбіцца 30 хвілін. Пастарайцеся дакладна прытрымлівацца гэтага часу. Пачніце медытацыю са знака крыжа і гімна да Духа Святога, папрасіце Яго адарыць вас унутраным спакоем і дарам прабываць у гэтым месцы і ў гэты час: прыйдзі, Стварыцель, Дух Святы…
Калі ласка, уважліва паглядзіце на абраз. Такі тып іканаграфіі называецца «Узварушэнне Дзіцяці», існуе некалькі абразоў, напісаных па падобным каноне. Хвілінку падумайце пра адносіны Божай Маці і Яе Дзіцяці, паказаныя на абразе. Якія адчуванні ў вас узнікаюць? Запомніце іх.
Засяродзьцеся. Узгадайце абраз, які вы толькі што разглядалі, гэтак, як ён вам запомніўся. Узгадайце, як выглядае Езус. Ён і датыкаецца да сваёй Маці, Дзевы Марыі, і адначасова адштурхоўвае Яе. Адносіны паміж Імі — і ў блізкасці, і ў захаванні межаў. На працягу нашых разважанняў мы будзем узгадваць гэты абраз. Паразважайце крыху над тым, што вы ўбачылі. Пасля ўзгадайце вобраз вашай уласнай маці, але не шукайце фотаздымкі, скарыстайцеся толькі сваёю памяццю. Як выглядае ці выглядала вашая мама? Засяродзьцеся на тым, які вобраз маці вы жадаеце захаваць у памяці? Яна маладая ці старая? Як яна выглядае? Што вы адчуваеце, якія думкі ў вас узнікаюць, калі вы ўзгадваеце яе? Запішыце ўсе свае адчуванні і думкі пра Божую Маці і пра вашую маці, а пасля задайце сабе пытанне: як вы думаеце пра сваю маму і як гавораць пра яе іншыя людзі — сям’я і сваякі, яе сябры і знаёмыя?
Вашыя думкі пра маму могуць быць спакойнымі, а могуць усхваляваць вас, нават выклікаць слёзы. Пастарайцеся супакоіцца. Не шукайце цяпер ніякіх рашэнняў і адказаў, а, паразважаўшы, аддайце сваю маму ў рукі Божай Маці. Памаліцеся сваімі словамі, як вам захочацца, скажыце Пану Богу ўсё, што прыйдзе ў галаву. Калі надта расхвалюецеся, проста папрасіце ў Яго для сябе спакою ў сэрцы.
Нашыя мамы — такія, якія яны ёсць і былі; іх паводзіны і жыццёвая пазіцыя, іх спосаб выхавання дзяцей уплываюць на нас нашмат больш, чым мы гэта ўяўляем. Вельмі часта мы несвядома капіруем сваіх маці ва ўласных адносінах да іншых людзей. Вельмі важна разабрацца з духоўнай і псіхічнай спадчынай, якую яны нам пакінулі, каб сфармаваць уласную жыццёвую пазіцыю, свае рашэнні і выбар. Калі вы ўзгадваеце толькі станоўчае, гэта цудоўна, але калі вашая мама думала, што чыніць усё правільна, але гэта было не так, — іншая справа, хоць здараецца і такое. Аднак не стаўце маму з іншага боку ад вашага «фронту», памятайце: што б яна ні рабіла, што б ні гаварыла, яна ніколі свядома не жадала для вас зла (зразумела, маецца на ўвазе большасць выпадкаў, за выключэннем нейкіх паталогій ці псіхапатыі).
Калі раптам высвятляецца, што нешта, атрыманае ў спадчыну ад мамы, сёння псуе вам жыццё, то нічога страшнага, гэта можна паправіць. Не лічыце сваю маці ворагам, памятайце: яна свядома не рабіла і не жадала вам зла, бо яна — вашая маці. Памаліцеся за яе, аддайце яе, такую, якая яна ёсць, у рукі Божай Маці і на гэтым завяршыце духоўнае практыкаванне.
Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле матэрыялаў рэкалекцый сястры
Паўлы Бобер MSF
Сястра Паўла Бобер MSF —тэолаг, выкладчык, псіхолаг, псіхатэрапеўт са шматгадовай практыкай.