Пане Езу, я такі мізэрны чалавек у гэтым вялікім свеце. Усведамленне гэтага вельмі засмучае мяне, таму я прыходжу да Цябе, мой Збаўца. Хачу даверыць Табе свой смутак і прасіць Цябе быць побач са мною, бо толькі ў Табе, Пане, усялякае шчасце і радасць.
Калі б Ты, Пане Божа, пажадаў адарыць нас толькі радасцю, мы не ведалі б, чаго вартая наша любоў да Цябе. Учыні, Божа, каб я заўсёды памятаў, што праз цярпенне чалавек асвячаецца, што праз выпрабаванні Ты благаслаўляеш нас. Дзякуем Табе, Пане! Амэн.
Псальм 23
Пан — пастыр мой,
ні ў чым не буду мець нястачы.
Ён дазваляе спачываць мне
на зялёных пашах,
да водаў спакойных вядзе мяне.
Ён душу маю пажыўляе,
накіроўвае мяне на сцежкі справядлівасці
дзеля Імя свайго.
Калі нават пайду далінай смяротнага ценю,
не буду баяцца зла, бо Ты са мною.
Тваё жазло і Твой посах мяне суцяшаюць.
Ты стол для мяне накрываеш
на вачах маіх ворагаў;
намашчаеш галаву маю алеем,
келіх мой перапоўнены.
Сапраўды, дабрыня і міласэрнасць Твая будуць са мною
ва ўсе дні жыцця майго,
і пасялюся я ў доме Пана на доўгія дні.
Малітва паходзіць з малітоўніка "Пакаленне "М". Выбраныя малітвы для моладзі", Про Хрысто, 2019