Дарагія чытачы, публікуем для вас другую частку маёвага набажэнства, складзенага з разважанняў на розныя дні, спяванай Ларэтанскай літаніі, а таксама малітвы аб спыненні эпідэміі каранавіруса.
Малітва Анёла з Фацімы
О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе. Прашу ў Цябе прабачэння для тых, хто не верыць у Цябе, не праслаўляе Цябе, не давярае Табе і не любіць Цябе.
Малітва Анёла з Фацімы да Найсвяцейшай Тройцы
О Найсвяцейшая Тройца — Айцец, Сын і Дух Святы. З глыбокаю пакораю хвалу Табе аддаю і ахвярую Табе Найсвяцейшае Цела і Кроў, Душу і Боскасць Пана нашага, Езуса Хрыста, прысутнага на ўсіх алтарах свету, як перапрашэнне за знявагі, святатацтва і абыякавасць, якімі Яго абражаюць. Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі прашу ў Цябе ласкі навяртання бедных грэшнікаў.
Разважанні на розныя дні маёвага набажэнства
Святая Багародзіца, маліся за нас!
Гэтыя словы здаюцца нам прывычнымі, відавочнымі, так часта мы вымаўляем іх у малітвах, антыфонах, песнях, закліках. «Багародзіца» — вельмі старажытны зварот да Дзевы Марыі, яшчэ ў ІІ ст. з’явіліся першыя абразы, на якіх Божая Маці трымае Дзіця Езуса на руках. Адна з найстарэйшых малітваў, якая шырока практыкуецца дагэтуль і дзе Марыя называецца Багародзіцаю — гэта «Тваёй абароне…», вядомая з ІІІ стагоддзя.
Хрыстус стаў Богам не пасля нараджэння, а яшчэ ва ўлонні Дзевы Марыі — у тое самае імгненне, калі Яна згадзілася стаць Маці Бога. Гэта значыць, што дыялог Марыі з Анёлам стаў найважнейшым у гісторыі, бо з яго пачалося збаўленне свету. Нехта сказаў, што падчас Звеставання на вуснах Марыі застылі неба і зямля, чакаючы, што Яна скажа...
Неабходна навучыцца ў Марыі яднаць любоў да чалавека з любоўю да Бога. Любоў Марыі да Сына літаральна была любоўю да Бога, у Яе жыцці стала рэальнасцю вучэнне Езуса, які гаварыў, што тыя, хто накарміў бліжняга, апрануў і наведаў у вязніцы, зрабілі гэта для Яго самога. Гэта важнае пакліканне для ўсіх нас: не аддзяляць адну любоў ад другой. Гэтак жа, як мы паводзім сябе ў адносінах да людзей, мы паводзім сябе і ў адносінах да Бога. Кожная праява любові да іншага чалавека — гэта праява любові да Бога, і наадварот. Гэтаму варта вучыцца ў Марыі, святой Багародзіцы.
Святая Панна над паннамі, маліся за нас!
У габрэйскай мове, каб выказаць вышэйшую ступень параўнанння (найпрыгажэйшы, найчысцейшы, наймлейшы), двойчы паўтаралі той самы прыметнік. Напрыклад, як назва кнігі Бібліі «Песня песняў». Паўтор слова азначае, што гэта вельмі асаблівая песня сярод усіх песняў. І заклік «Панна над паннамі» паказвае нам асаблівасць, выключнасць гэтага стану Марыі. У чым праяўляецца гэтая асаблівасць?
Само слова «Панна» кажа нам пра тое, што гэта незамужняя жанчына, Яна не аддала сябе нікому, можам сказаць, што Яна сама з’яўляецца сваёй уласнасцю. Яна валодае сабою. Яна не паддалася ніякай пажадлівасці, ніякім рэчам, якія былі мацнейшымі за Яе, не аддала сябе ў залежнасць гэтаму свету: ні людзям, ні моцам, ні духам. І такой свабодзе мы можам вучыцца ад Панны Марыі.
Другая асаблівасць у Яе быцці Паннаю заключаецца ў тым, што Яна ахвяруе сябе іншым. Як Дзева, якая ніколі не аддала сябе мужчыну, была ва ўсім адданая Богу. І часам мы думаем, што, калі чалавек цалкам ахвяруе сябе Богу, ён не можа аддаць сябе людзям, быццам Бог і людзі — гэта канкурэнты. Але адбываецца наадварот. Марыя з’яўляецца адною з постацяў у гісторыі свету, якая ахвяравала сябе ўсім нам. Нягледзячы на тое, што Яна была толькі паннаю, асобаю, цалкам прысвечанай Богу, Пан Езус учыніў Яе Маці для ўсіх людзей…
Маці Хрыстова, маліся за нас!
Кожны заклік да Божай Маці раскрывае нам пэўны аспект Яе мацярынства. Імя «Хрыстус» азначае «намашчаны», прызначаны для асаблівай ролі, каб выканаць пэўнае заданне для Бога. Рытуал намашчэння вядомы яшчэ са Старога Запавету: прарокі і святары намашчалі каралёў Ізраэля. Цяпер мы называем Хрыстом, намашчаным, аднаго толькі Езуса, але варта ўзгадаць пра старажытнае значэнне гэтага слова, каб зразумець, што значыць «Маці Хрыстова». Стаўшы Маці Хрыста, Марыя выхавала Яго для выканання асаблівай, найважнейшай місіі, навучыла Яго быць чалавекам. Яна сфармавала і развіла Яго характар, здольнасці, уменні, і гэта моцна паўплывала на Яго вучэнне: на тое, як Езус дзейнічаў, як размаўляў з людзьмі, будаваў адносіны з імі.
Боства Хрыста выяўлялася праз Яго чалавечнасць. Езус сам сказаў апосталу Філіпу, што, бачачы Яго, мы бачым Айца. Атрымліваецца, што па прыкладзе Хрыста можна напоўніць свае ўчынкі, словы, адносіны такім дабром і святасцю, міласэрнасцю і любоўю, стаць такім чалавекам, што праз гэта ў нас заззяе сам Бог. Марыя жадае выхоўваць і нас гэтак жа, як выхавала свайго Сына. Яна — Маці Хрыстова і наша Маці, якая вучыць нас станавіцца адлюстраваннем Бога і дапамагаць у гэтым іншым людзям.
Вежа з косці слановай, маліся за нас!
Гэты заклік складаецца з дзвюх частак: «вежа» і «косць слановая». Вежа — гэта сімвал мужнасці, абароны, моцы. Калі горад мае вежу, гэта значыць, што ў ім ёсць жаўнеры, якія абараняюць гэтае месца, могуць здалёк убачыць небяспеку. Такім чынам, вежа сімвалізуе велізарную сілу, пачуццё бяспекі.
Косць слановая — гэта вельмі каштоўны матэрыял. У «Песні песняў» жаніх кажа сваёй умілаванай: «Шыя твая, як вежа з косці слановай». А нявеста кажа жаніху, што яго жывот, як скульптура з косці слановай. Гэта сведчыць пра тое, што яны двое незвычайна прыгожыя. Калі вы калі-небудзь бачылі косць слановую, то заўважылі, што яна белая. І таму гэты заклік з’яўляецца таксама сімвалам чыстасці Марыі. Яна прыгожая, бо чыстая, не забруджаная ніякім грахом. Яна моцная, гэта значыць упэўненая ў тым, кім Яна з’яўляецца, упэўненая, што Бог любіць Яе, бо чыстая, беззаганная, незабруджаная. Яе пачуццё бяспекі бязмежнае, бо Марыя не мае ў сабе нічога, што Яе забруджвае, і такім чынам Яна не дае злому нагоды абудзіць у Ёй страх.
Мы гэта бачым і сярод святых. Яны не баяцца чужога меркавання, не баяцца нянавісці свету, не баяцца, што будуць адкінутыя, прыніжаныя. Яны моцныя дзякуючы свабодзе, якую атрымалі ад Бога. А гэта вызваляе іх з-пад улады граху. Мы таксама павінны берагчы сваю прыгажосць, пазбягаць таго, што нас забруджвае, бо тады мы адчуваем сябе бяспечна, і злы не мае да нас доступу.
Маці ласкі Божай, маліся за нас!
Марыя з’яўляецца Маці найбольшай і напрыгажэйшай ласкі, якая была дадзеная гэтаму свету, бо Яна Маці Езуса Хрыста. Святы Амброзій пісаў, што Марыя атрымала ласку, якой не мела ніякае іншае стварэнне, бо Яна была напоўненая Даўцам ласкі, самім Богам. Марыя адкрыла нам крыніцу ўсіх ласкаў, і кожны, хто з Ёю сустракаецца, шукае з Ёю кантакту і стараецца з Ёю прабываць, адначасова сустракаецца з крыніцаю ласкаў. І гэта крыніца знаходзіцца не ў Марыі, але ў Тым, Каго Яна прынесла.
У габрэйскай мове слова «ласка» азначае «дар», а ў грэцкай — «прыгажосць». Марыя была адораная і цалкам напоўненая ласкай. Яна ведае, што ў Ёй няма нічога ад Яе самой, аднак усё, што ў Ёй ёсць, Яна атрымала ў дар. І таму Марыя стала найпрыгажэйшай, бо дазволіла, каб Бог сам прывёў Яе да гэтай прыгажосці.
На адной з іконаў Маці Ласкавай мы бачым Багародзіцу, якая ў далонях трымае паламаныя стрэлы. Гэта стрэлы злога, якія Маці ласкі Божай зламала, а больш дакладна Езус у Ёй зламаў. Гэта вобраз жанчыны, у якой Хрыстус зламаў усе стрэлы і спакусы злога, і таму ў імені Маці ласкі Божай мы знаходзім абарону ад зла.
Панна верная, маліся за нас!
Азначэнне «верны» паходзіць ад слова «вера». Марыя была Паннай вернай, бо была напоўненая верай, была здольная паверыць у тое, што здаецца немагчымым. Словы, якія Марыя пачула ад анёла, і да чаго Яна была пакліканая пераўзыходзяць рацыянальнае разуменне. Ніхто, кіруючыся здаровым сэнсам, не мог бы прыняць праўды, што Дзева, якая не ведала мужа, можа зачаць Сына. Калі ж Марыя пачула ад анёла запрашэнне стаць Маці Бога, Яна з вераю яго прыняла. І гэта не азначае, што Марыя ўчыніла гэта без аніякіх цяжкасцяў. Яна запыталася ў анёла, як гэта станецца. Аднак анёл нічога Ёй не тлумачыў, толькі адказаў, што Бог сам усё ўчыніць у Марыі і Ёй дастаткова ў гэта толькі паверыць. Марыя згадзілася паверыць у тое, што Бог здольны чыніць справы, якія па-чалавечы немагчымыя.
Другое значэнне «быць верным» — гэта быць з кімсьці, спадарожнічаць камусьці ў жыцці. Марыя была верная свайму Сыну і была з Ім не толькі 33 гады Яго зямнога жыцця, але нават пасля Яго смерці і ўваскрасення Яна працягвае спадарожнічаць Хрысту. Марыя верная Богу кожную хвіліну свайго жыцця. Нават тады, калі Яна не разумела ўсяго, што адбывалася, Яна заставалася Яго вернаю спадарожніцаю ва ўсім і не пакідала Яго ні на хвіліну. Марыя прабывала з Хрыстом нават у найбольш складаныя моманты цярпення і ўкрыжавання. Сутнасць веры Марыі — гэта адносіны з Богам і вернасць Яму ва ўсе моманты свайго жыцця.
Падрыхтавалі Юлія Шэдзько, Кацярына Дурко і Дар’я Ахламёнак
паводле цыклу відэалекцый «Miriam» айца Адама Шустака OP
Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі (Ларэтанская)
Кiрые, элейсон, Хрыстэ, элейсон, Кiрые, элейсон,
Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас.
Ойча з неба, Божа, – змiлуйся над намi.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
Духу Святы, Божа,
Святая Тройца, адзiны Божа, – змiлуйся над намi.
Святая Марыя, – малiся за нас.
Святая Багародзіца,
Святая Панна над паннамi,
Мацi Хрыстова,
Мацi Касцёла,
Мацi ласкi Божай,
Маці Міласэрнасці,
Маці прачыстая,
Мацi беззаганная,
Мацi непарушная,
Маці нявінная,
Мацi наймiлейшая,
Мацi найцудоўнейшая,
Мацi добрай рады,
Мацi Стварыцеля,
Мацi Збавiцеля,
Панна наймудрэйшая,
Панна, хвалы годная,
Панна праслаўлёная,
Панна магутная,
Панна ласкавая,
Панна верная,
Люстра справядлiвасцi,
Сталiца мудрасцi,
Прычына нашай радасцi,
Святыня духоўная,
Святыня хвалебная,
Святыня слаўная пабожнасцi,
Ружа містычная,
Вежа Давiдава,
Вежа з косцi слановай,
Залаты доме,
Каўчэг Запавету,
Брама нябесная,
Зорка ранiшняя,
Аздараўленне хворых,
Прытулак грэшных,
Суцяшальнiца засмучаных,
Успамога хрысціянаў,
Каралева анёлаў,
Каралева патрыярхаў,
Каралева прарокаў,
Каралева Апосталаў,
Каралева мучанiкаў,
Каралева веравызнаўцаў,
Каралева паннаў,
Каралева ўсiх святых,
Каралева, без граху першароднага зачатая,
Каралева ўнебаўзятая,
Каралева Ружанца святога,
Каралева сем’яў,
Каралева супакою, – малiся за нас.
Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, – даруй нам, Пане.
Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, – выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, – змiлуйся над намi.
С.: Малiся за нас, Святая Багародзіца.
Н.: Каб сталiся мы годнымi абяцанняў Хрыстовых.
Молiмся: Просім Цябе, Пане Божа, дазволь нам, слугам Тваім, цешыцца трывалым здароўем душы і цела, і праз слаўнае заступніцтва Найсвяцейшай заўсёды Панны Марыі май ласку вызваліць нас ад цяперашняга смутку і адарыць вечнай радасцю. Праз Хрыста, Пана нашага.
Н.: Амэн.
Тваёй абароне
Тваёй абароне аддаёмся, Святая Багародзіца, у нашых патрэбах не пагарджай маленнем нашым. I ад усялякай злой прыгоды выбаўляй нас заўсёды, Панна хвалебная i благаслаўлёная.
О Панi наша, Апякунка наша, Суцяшальнiца наша, Ты Заступніца наша, з Сынам сваiм нас паяднай, Сыну свайму нас даручай, Сыну свайму нас аддавай.
Малiтва св. Бэрнарда
Памятай, о Найсвяцейшая Панна Марыя, што нiколi не здаралася, каб пакiнула таго, хто да Цябе ўцякае, Цябе на дапамогу клiча, Тваёй апекi просiць. Гэтым даверам натхнёны, да Цябе, о Панна над паннамi i Мацi наша, iмкнуся, да Цябе прыходжу, перад Табою, грэшны, плачучы, стаю. О Мацi Слова, не пагарджай словамi маiмi, але пачуй iх ласкава i выслухай. Амэн.
Малітва аб спыненні эпідэміі каранавіруса
Ойча Спрадвечны, з даверам просім Цябе, учыні, каб гэтая небяспечная хвароба перастала знішчаць людзей, май ласку як мага хутчэй спыніць эпідэмію. Просім Цябе аб аздараўленні для хворых і супакоі для жыхароў мясцовасцяў, у якія прыйшла эпідэмія. Божа, прымі ў сваё Валадарства тых, хто памёр ад гэтай хваробы, і суцеш іх сем’і. Падтрымай і абарані медыцынскіх работнікаў, якія лечаць хворых, натхняй і благаславі ўсіх, хто змагаецца з вірусам. Пане Езу, Лекар нашых душаў і целаў, мы адчуваем сябе бездапаможнымі ў гэтай сітуацыі сусветнай небяспекі, але цалкам давяраем Табе і просім, каб Ты адарыў нас супакоем і здароўем. Маці Божая, ахоўвай нас, апякуйся намі і вядзі нас у любові да Твайго Сына, Езуса Хрыста. Амэн.

