Дарагія чытачы, прапануем вашай увазе першую частку маёвага набажэнства, складзенага з разважанняў на розныя дні, спяванай Ларэтанскай літаніі, а таксама малітвы аб спыненні эпідэміі каранавіруса.
Малітва Анёла з Фацімы
О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе. Прашу ў Цябе прабачэння для тых, хто не верыць у Цябе, не праслаўляе Цябе, не давярае Табе і не любіць Цябе.
Малітва Анёла з Фацімы да Найсвяцейшай Тройцы
О Найсвяцейшая Тройца — Айцец, Сын і Дух Святы. З глыбокаю пакораю хвалу Табе аддаю і ахвярую Табе Найсвяцейшае Цела і Кроў, Душу і Боскасць Пана нашага, Езуса Хрыста, прысутнага на ўсіх алтарах свету, як перапрашэнне за знявагі, святатацтва і абыякавасць, якімі Яго абражаюць. Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі прашу ў Цябе ласкі навяртання бедных грэшнікаў.
Разважанні на розныя дні маёвага набажэнства
1. Маці добрай рады, маліся за нас!
Культ Маці добрай рады пачаўся яшчэ ў XV стагоддзі ў Джэнаццана (Італія). На абразе Маці добрай рады мы бачым Марыю з Дзіцяткам Езусам, якія прытуляюцца шчокамі адно да аднаго. Хрыстус мае рысы твару дарослага чалавека, а Яго позірк поўны мудрасці. Марыя, апусціўшы вочы, злегку схіляецца да Сына, які вучыць Яе і настаўляе. Усё сваё жыццё Марыя ўслухоўвалася ў словы Хрыста і разважала над імі, пераасэнсоўвала іх у сваім сэрцы. Чытаючы Евангелле, мы заўважаем, што Марыя не заўсёды разумела Хрыста і Яго дзеянні. Яна не валодала звышведамі, была проста чалавекам, але такім, які заўсёды ўважліва прыслухоўваўся да голасу Бога. Не Марыя — крыніца добрых радаў, але Езус; і Багародзіца, да канца здзейсніўшы Яго волю ў сваім жыцці, можа падказаць нам шлях, па якім Бог хоча весці кожнага з нас. Менавіта таму квінтэсенцыяй гэтага закліку маглі б быць словы, з якімі Марыя звяртаецца да слугаў у Кане Галілейскай: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце».
2. Сталіца мудрасці, маліся за нас!
На іконе Марыі сталіцы мудрасці мы бачым Багародзіцу, перад якой стаіць Хрыстус падлетак і трымае Святое Пісанне. Першае, што нам трэба зразумець, што Марыя чэрпала мудрасць ад свайго Сына, калі прабывала з Ім, насіла Яго ва ўлонні, а потым захоўвала Яго словы ў сваім сэрцы. Але што гэта за мудрасць? Гэта геніяльная мудрасць Евангелля, тлумачыць святы Павел. Апостал кажа, што мудрасць Евангелля — гэта мудрасць крыжа, мудрасць, дзякуючы якой можна пераадолець цяжкасці, вытрываць тое, што чалавеку вытрываць проста немагчыма. І калі мы кажам пра Марыю як пра Сталіцу мудрасці, то ўшаноўваем Яе як тую, якая прайшла ў сваім жыцці праз усе выпрабаванні, не адводзячы вачэй ад Бога, крыніцы мудрасці, і дзякуючы гэтаму не страціла надзею там, дзе, здавалася б, надзеі ўжо няма. У гэтым закліку Марыю называюць Сталіцаю, вялікім, магутным горадам. Чаму? Таму што Яна настолькі глыбока прыняла мудрасць Хрыста, што гэта ўчыніла Яе вялікаю і збудавала ўсё Яе жыццё.
3. Вежа Давідава, маліся за нас!
Кароль Давід на адным з пагоркаў Ерузалема, там, дзе стаяў яго палац, пабудаваў вежу, якая павінна была абараняць горад і ўмацоўваць яго межы. Марыя, дзякуючы таму, што ў Ёй здзейснілася, таксама можа стаць крэпасцю, умацаванаю вежаю, якая здольная абараніць Новы Ерузалем. Яе муры пабудаваныя на адносінах з Богам. Усё, што мае Марыя, Яна мае ад Пана Езуса. Усё, што Яна можа раздаць, чым можа паблагаславіць, Марыя мае ад Бога. Касцёл бачыць у Багародзіцы сваю вежу, якая непахісна стаіць на Божым падмурку: прыняўшы ва ўсёй паўнаце дар чысціні сэрца, Марыя можа ўсцерагчы ад зла і нас.
У Песні песняў чытаем: «Як вежа Давідава — шыя твая, пабудаваная з умацаваннямі, тысяча шчытоў павешана на ёй, усё зброя моцных» (гл. Пп 4, 4). Гэтыя сімвалы ўжываюцца ў кантэксце любові паміж дзвюма душамі. Звяртаючыся да Багародзіцы словамі «Вежа Давідава», мы як бы кажам: «Марыя, Ты дазволіла Богу палюбіць Цябе, дазволіла Яго любові напоўніць Цябе». Хрыстус гэтаксама з любоўю глядзіць і на нас, параўноўваючы кожнага з вежаю Давідавай, якую Ён сам умацоўвае і падтрымлівае. Згадзіцца на Божую любоў і дапусціць яе да сябе — гэта вялікае майстэрства, якому мы вучымся ў Марыі.
4. Ружа містычная, маліся за нас!
Як ільва называюць каралём звяроў, так і ружу прынята лічыць каралеваю кветак. Параўноўваючы Марыю з ружаю, мы гаворым пра Яе асаблівую прыгажосць, Яе незвычайнасць, што вылучае Багародзіцу сярод іншых кветак, асабліва ў сферы духу. Цікава, што ў гэтым закліку мы можам таксама ўбачыць вобраз гэтага свету, які ў вачах Духа Святога выглядае як сад цудоўных кветак. Кожны з нас — непаўторная кветка. У Божым садзе сапраўды ёсць гэтая асаблівая ружа — Панна Марыя, якая здолела рэалізаваць у сваім жыцці ўсю прызначаную для Яе Божую волю. Менавіта тады, калі чалавек напоўніцу рэалізоўвае Божы план, у ім праяўляецца ўся прыгажосць яго істоты, у тым ліку і знешняя. Марыя была найпрыгажэйшаю жанчынаю ў свеце, таму што ў Яе вачах, рысах твару, усмешцы, позірку, валасах, маршчынках не было следу зла.
5. Прычына нашай радасці, маліся за нас!
«Узрадуюся ў Пану, узвесяліцца душа мая ў Богу маім; бо Ён апрануў мяне ў шаты збаўлення, плашчом справядлівасці ахінуў мяне, як жаніха, увянчаў каронай, як нявесту, упрыгожыў сваімі каштоўнасцямі» (Іс 61, 10). Ад самага пачатку Касцёл укладаў гэтыя словы ў вусны Марыі, якія, зрэшты, нагадваюць пра Яе Магніфікат. Ва ўрыўку з прароцтва Ісаі мы чытаем, што душа ўзвесялілася, бо атрымала ад Пана дзве шаты: збаўлення і справядлівасці.
Шаты збаўлення азначаюць, што я атрымаў штосьці дарма, штосьці, што пераўзыходзіць усялякае маё разуменне, да чаго я не падрыхтаваны, дзеля чаго я не працаваў. Збаўленне — гэта дар. І першае, што мы бачым у Марыі, — гэта радасць ад атрыманага збаўлення. Анёл прыходзіць да Марыі і кажа: «Вітай, Марыя!», а даслоўна: «Радуйся!»; «поўная ласкі» — гэта значыць, што «Бог Цябе ўсім адарыў, Ты ўсё атрымала»; «Пан з Табою» — «Пан хоча быць блізка Цябе», а шаты справядлівасці можна разумець як жыццё, згоднае з праўдаю. Марыя, усвядоміўшы велічыню атрыманага дару збаўлення, адчувае радасць, калі адказвае на яго Богу сваім годным, праведным жыццём.
Урывак з прароцтва Ісаі заканчваецца словамі пра жаніха і нявесту. Марыя стала не проста тою, якая выконвала закон і спаўняла запаведзі, Яна стала любаю душою Бога і ўвайшла з Ім у нязвыкла блізкія адносіны, што і прывяло да паўнаты Яе радасці ў Пану.
Айцец Адам Шустак OP
Падрыхтавала Дар’я Ахламёнак
паводле цыклу відэалекцый "Miriam"
Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі (Ларэтанская)
Кiрые, элейсон, Хрыстэ, элейсон, Кiрые, элейсон,
Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас.
Ойча з неба, Божа, – змiлуйся над намi.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
Духу Святы, Божа,
Святая Тройца, адзiны Божа, – змiлуйся над намi.
Святая Марыя, – малiся за нас.
Святая Багародзіца,
Святая Панна над паннамi,
Мацi Хрыстова,
Мацi Касцёла,
Мацi ласкi Божай,
Маці Міласэрнасці,
Маці прачыстая,
Мацi беззаганная,
Мацi непарушная,
Маці нявінная,
Мацi наймiлейшая,
Мацi найцудоўнейшая,
Мацi добрай рады,
Мацi Стварыцеля,
Мацi Збавiцеля,
Панна наймудрэйшая,
Панна, хвалы годная,
Панна праслаўлёная,
Панна магутная,
Панна ласкавая,
Панна верная,
Люстра справядлiвасцi,
Сталiца мудрасцi,
Прычына нашай радасцi,
Святыня духоўная,
Святыня хвалебная,
Святыня слаўная пабожнасцi,
Ружа містычная,
Вежа Давiдава,
Вежа з косцi слановай,
Залаты доме,
Каўчэг Запавету,
Брама нябесная,
Зорка ранiшняя,
Аздараўленне хворых,
Прытулак грэшных,
Суцяшальнiца засмучаных,
Успамога хрысціянаў,
Каралева анёлаў,
Каралева патрыярхаў,
Каралева прарокаў,
Каралева Апосталаў,
Каралева мучанiкаў,
Каралева веравызнаўцаў,
Каралева паннаў,
Каралева ўсiх святых,
Каралева, без граху першароднага зачатая,
Каралева ўнебаўзятая,
Каралева Ружанца святога,
Каралева сем’яў,
Каралева супакою, – малiся за нас.
Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, – даруй нам, Пане.
Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, – выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, – змiлуйся над намi.
С.: Малiся за нас, Святая Багародзіца.
Н.: Каб сталiся мы годнымi абяцанняў Хрыстовых.
Молiмся: Просім Цябе, Пане Божа, дазволь нам, слугам Тваім, цешыцца трывалым здароўем душы і цела, і праз слаўнае заступніцтва Найсвяцейшай заўсёды Панны Марыі май ласку вызваліць нас ад цяперашняга смутку і адарыць вечнай радасцю. Праз Хрыста, Пана нашага.
Н.: Амэн.
Тваёй абароне
Тваёй абароне аддаёмся, Святая Багародзіца, у нашых патрэбах не пагарджай маленнем нашым. I ад усялякай злой прыгоды выбаўляй нас заўсёды, Панна хвалебная i благаслаўлёная.
О Панi наша, Апякунка наша, Суцяшальнiца наша, Ты Заступніца наша, з Сынам сваiм нас паяднай, Сыну свайму нас даручай, Сыну свайму нас аддавай.
Малiтва св. Бэрнарда
Памятай, о Найсвяцейшая Панна Марыя, што нiколi не здаралася, каб пакiнула таго, хто да Цябе ўцякае, Цябе на дапамогу клiча, Тваёй апекi просiць. Гэтым даверам натхнёны, да Цябе, о Панна над паннамi i Мацi наша, iмкнуся, да Цябе прыходжу, перад Табою, грэшны, плачучы, стаю. О Мацi Слова, не пагарджай словамi маiмi, але пачуй iх ласкава i выслухай. Амэн.
Малітва аб спыненні эпідэміі каранавіруса
Ойча Спрадвечны, з даверам просім Цябе, учыні, каб гэтая небяспечная хвароба перастала знішчаць людзей, май ласку як мага хутчэй спыніць эпідэмію. Просім Цябе аб аздараўленні для хворых і супакоі для жыхароў мясцовасцяў, у якія прыйшла эпідэмія. Божа, прымі ў сваё Валадарства тых, хто памёр ад гэтай хваробы, і суцеш іх сем’і. Падтрымай і абарані медыцынскіх работнікаў, якія лечаць хворых, натхняй і благаславі ўсіх, хто змагаецца з вірусам. Пане Езу, Лекар нашых душаў і целаў, мы адчуваем сябе бездапаможнымі ў гэтай сітуацыі сусветнай небяспекі, але цалкам давяраем Табе і просім, каб Ты адарыў нас супакоем і здароўем. Маці Божая, ахоўвай нас, апякуйся намі і вядзі нас у любові да Твайго Сына, Езуса Хрыста. Амэн.

