"Чары Палесся" — творчая спадчына кардынала Казіміра Свёнтка

 Чары Палесся плятуць гушчары з дрыгвою,
Чары Палесся — стогнуць, галосяць вятры,
У змрочную ноч устае імгла над вадою,
У боязі дзіўнай сэрца маё дрыжыць.
Чую: у глыбінях багны расце нараканне, б’ецца,
Простае сэрца, у чары Палесся вер.
                           (урывак з песні Е. Касцецкага «Чары Палесся»,
                           пераклад Ю. Шэдзько)

У выдавецтве «Pro Christo» убачыла свет незвычайнае выданне (кніга з двума DVD-дыскамі), прысвечанае адной з найбольш выбітных асобаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі — кардыналу Казіміру Свёнтку, 100-годдзе якога мы адзначаем 21 кастрычніка.

Шмат вядома пра складаны жыццёвы лёс кардынала Казіміра Свёнтка. Мы ведаем яго як мужнага чалавека, які здолеў выжыць і захаваць нязломную веру у страшных умовах лагеру на Поўначы, як адданага святара, што адбудоўваў знішчаны Касцёл на Беларусі, як Пастыра, які шмат гадоў кіраваў гэтым Касцёлам. Але мала хто ведаў яго з іншага боку: як таленавітага творцу, рэжысёра дакументальнага кіно. Працуючы пробашчам у пінскай катэдры, ксёндз Казімір аддаваў шмат часу стварэнню кінафільмаў, прысвечаных дарагой яму прыродзе Палесся. Ён пісаў сцэнары, удумліва падбіраў тэксты і музыку да сваіх стужак, у амаль «палявых» умовах рабіў іх мантаж і агучванне.

Ксёндз кардынал надзвычай тонка адчуваў прыгажосць навакольнага свету, магчыма, менавіта таму, прайшоўшы праз страшныя жыццёвыя выпрабаванні, разумеў яе крохкасць, ведаў, як лёгка можна знішчыць гэты Божы скарб, дадзены нам у рукі. У сваіх фільмах ён імкнуўся як бы затрымаць хараство свету і раскрыць яго гледачу. Ксёндз Казімір быў упэўнены, што прыгажосць жыве нават у самых звычайных, будзённых рэчах. На яе лёгка натрапіць на лясных сцяжынах, убачыць у росных палявых зёлках і ў тым, як адбіваецца неба ў люстранай роўнядзі вады, пачуць у шапаценні саду, наталіцца ёю ў салодкім водары і колерах кветак. На гэтыя пошукі прыгажосці натхніла ксяндза Казіміра Свёнтка прырода Палесся.

Гармонія Божага стварэння і чалавечай працы адчуваецца ў фільмах ксяндза кардынала дзякуючы музыцы і тэкстам, якія гучаць у яго стужках. Як сапраўдны акцёр, ён натхнёна чытае свае любімыя вершы на фоне твораў Фрэдэрыка Шапэна, Антоніо Вівальдзі, Пятра Чайкоўскага, Ёгана Себасцьяна Баха, Роберта Шумана і многіх іншых. А ў гэты час на экране змяняюцца кадры такіх дарагіх яму палескіх краявідаў. Ксёндз кардынал так казаў пра сваю працу: «Я хацеў паказаць натуральную прыгажосць Палесся, не кранутую сучаснасцю, бо з-за абыякавых адносінаў да вялікага дару прыроды адбываецца паступовае знішчэнне непаўторнага краявіду гэтай зямлі».

Дзякуючы рэжысёру Юрыю Гарулёву, якому кардынал Казімір Свёнтэк даверыў сваю кіна-спадчыну, мы маем магчымасць убачыць на DVD-дысках гэтае незвычайнае кіно, а таксама прачытаць факсіміле мантажных лістоў фільмаў (сцэнарыяў, тэкстаў да фільмаў і г.д.), напісаных рукою аўтара, і апісанні да іх, убачыць фотаздымкі, зробленыя ксяндзом Казімірам Свёнткам падчас яго вандровак па Палессі.

Сапраўды, кіна-творчасць кардынала Казіміра Свёнтка — яшчэ адно пацвярджэнне вядомага выслоўя: таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Напярэдадні 100-годдзя з яго нараджэння гэтае выданне натхняе ўсіх нас наследаваць гэтага чалавека вялікай культуры, сапраўднага сведку веры, каб таксама, нягледзячы на выпрабаванні, не губляць надзеі і не заплюшчваць вочы на прыгажосць Божага стварэння.

Падрыхтавала Юлія Шэдзько

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней