21 ліпеня спаўняецца 2 гады, як адышоў ад нас кардынал Казімір Свёнтэк — чалавек з багатым на выпрабаванні лёсам, ахвярнае служэнне якога Богу і Касцёлу не перастае і не перастане здзіўляць і захапляць сучаснікаў і нашчадкаў.

Ён быў сапраўдным пастырам і заўсёды клапаціўся пра даручаны яму Божым Провідам статак. Колькі разоў смерць заглядала яму ў вочы? Колькі разоў здавалася, што з Касцёлам скончана раз і назаўсёды? Колькі разоў смутак напаўняў ягонае сэрца? Аднак кожны раз ён верыў з надзеяй, нават насуперак надзеі, што Бог знойдзе выйсце з кожнай, нават безнадзейнай сітуацыі. Божы статак з-за пераследу веры і Касцёла застаўся без пастыраў, быў рассеяны і аддадзены на пагібель. Ксёндз Свёнтэк, будучы ў вязніцы, а потым у канцэнтрацыйным лагеры, збіраў яго. З узрушэннем ён распавядаў, калі атрымаў свабоду і вярнуўся ў Пінск, што ў катэдры застаў вялікую колькасць вернікаў, якія маліліся самі, бо не было ксяндза. У фуфайцы ён выйшаў да алтара і сказаў: „Імша будзе, я святар“. Якую радасць і надзею ён тады прынёс вернікам! І ён нёс яе да канца свайго жыцця. Найперш падчас жорсткага пераследу, верна служачы ўсім і клапоцячыся пра стан Божага дому. Менавіта яго стараннямі была адноўлена ў тыя цяжкія часы пінская катэдра. Не забуду, як падчас візіту кардынала Юзафа Глемпа ў 1988 годзе ў пінскай катэдры ксёндз Казімір Свёнтэк перадаў шаноўнаму госцю ад рукі перапісаны малітоўнік і папрасіў завезці яго папу Яну Паўлу II як знак пабожнасці і глыбокай веры нашага народа.
 
Калі настаў час свабоды і Казімір Свёнтэк ва ўзросце 77 гадоў быў прызначаны біскупам і першым Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, ён не мог у гэта паверыць. Калі быў прызначаны кардыналам, то сказаў: „У тое, што я жывы выйду з лагера, я верыў, але не мог нават дапусціць думкі, што стану кардыналам“.

З імем кардынала Казіміра Свёнтка звязана адраджэнне і станаўленне Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і яго структураў, у тым ліку Канферэнцыі Біскупаў, мінскай катэдры, правядзенне Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай і Пінскай дыяцэзій, заснаванне Пінскай духоўнай семінарыі, баранавіцкага Катэхетычнага каледжа імя Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага, выдавецтва «Pro Christo» і шмат іншага.

Цяжкая хвароба, якая працягвалася больш за год, стала ягонай Кальварыяй. Аднак, перажываючы яе, ён заўсёды заставаўся аптымістам і жыў надзеяй. Калі я яго наведаў пасля аперацыі на зламанай шыйцы сцягна, ён у мяне спытаўся, ці паеду я на беатыфікацыю кс. Ежы Папялушкі, якая набліжалася. Я адказаў, што гэта немагчыма, бо будзе працэсія Божага Цела. А ён мне сказаў: „А я збіраюся“. Вось прыклад надзеі, нават насуперак надзеі.
 
Кардынал Казімір Свёнтэк пакінуў на нашай зямлі бачны след Добрага Пастыра, які клапаціўся пра свой статак. Ён быў знакавай фігурай нашай Бацькаўшчыны. Яго жыццёвы прыклад, ахвярнае служэнне Богу і Касцёлу і надзея павінны падбадзёрваць нас, каб мы жылі паводле Евангелля, а калі заблукаем, каб слухалі Пастыра Езуса Хрыста, які ёсць у сваім Касцёле і які збірае нас, рассеяных, каб аднавіць і вярнуць на шлях святасці. Мінска-Магілёўскі Касцёл, як і Касцёл ва ўсёй Беларусі, удзячны кардыналу Казіміру Свёнтку і сёння моліцца аб Божай міласэрнасці для яго.

Прымі, Божа, у сваё Валадарства свайго вернага слугу, які, нібы марафонец, падчас свайго доўгага жыцця мужна і ахвярна вёў людзей да Цябе, каб ён быў яшчэ адным нашым заступнікам у небе і благаславіў нас з дому Нябеснага Айца.

З гаміліі мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Т. Кандрусевіча
падчас св. Імшы ў 1-ую гадавіну смерці кардынала Казіміра Свёнтка
21.07.2012 г.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней