«Гэта вялікая таямніца веры...» Біскуп Юрый Касабуцкі пра кардынала Казіміра Свёнтка

У рубрыцы «Пастыры адраджэння» ў часопісе «Ave Maria» мы друкуем успаміны біскупа Юрыя Касабуцкага пра кардынала Казіміра Свёнтка, узятыя з кнігі ўспамінаў пра кардынала «Мяне заўсёды ратавала вера», якая рыхтуецца ў выдавецтве «Про Хрысто». 


У тым годзе, калі я пайшоў у семінарыю, кардынал Казімір Свёнтэк стаў Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім і дыяцэзіяльным біскупам. Нам як семінарыстам было вельмі прыемна, што чалавек такога рангу сустракаецца з намі, дзеліцца сваімі ўражаннямі, і нам было вельмі цікава слухаць яго аповеды. Мы часта служылі ў асысце падчас розных урачыстасцяў з удзелам кардынала, і здараліся такія сітуацыі, калі семінарысты падчас св. Імшы маглі ад хвалявання памыліцца, зрабіць штосьці не так. Пасля літургіі кардынал не папракаў нас за памылкі і не адчытваў, але канкрэтна гаварыў, што было зроблена не так, а каб зняць хваляванне, мог распавесці трапную гісторыю са свайго жыцця. Мне спадабалася і запомнілася адна з такіх гісторый. Калі Казімір Свёнтэк быў семінарыстам, падчас літургіі ён адказваў за адну з пальчаткаў біскупа. У старой літургіі да ІІ Ватыканскага Сабору, калі біскуп уваходзіў у катэдру, асыста пераапранала яго ў літургічную вопратку. У тыя часы існавала традыцыя, што біскуп, незалежна ад надвор’я, прыязджаў у фіялетавых пальчатках, таму семінарысты павінны былі здымаць пальчаткі біскупа перад літургіяй і адзяваць пасля яе. Кардынал Казімір распавядаў, што Пінскі біскуп Букраба быў чалавекам «у целе», таму было складана зняць і адзець на яго рукі пальчаткі. Казімір Свёнтэк вельмі стараўся, але было бачна, што рабіў біскупу балюча і нават зашчаміў яму пальцы. Аднак іерарх, сціснуўшы зубы, цярпліва стаяў і нічога не казаў. «І я вам нічога не кажу», — такімі словамі закончыў свой аповед кардынал...

Казімір Свёнтэк шмат распавядаў пра сваё лагернае прабыванне ў далёкай Варкуце, і нам гэта было вельмі цікава. Кардынал распавядаў пра тое, як цэлебраваў св. Імшу ў лагерных умовах. У аднаго са святароў з Літвы, зняволенага разам з Казімірам Свёнткам, быў сшытак з тэкстамі літургіі на лацінскай мове, які служыў ім замест Імшала. Яны бралі муку, змешвалі яе з вадою і клалі паміж дзвюх картак у сшытку, пасля чаго шмат разоў «праходзіліся» па ім прасам, аж пакуль не атрымлівалася аплатка. Пасля яе абразалі і рабілі Гостыю... Св. Імшу цэлебравалі ўначы: адзін чалавек сачыў, каб ніхто гэтага не бачыў, бо за такое «вялікае злачынства» маглі пакараць карцарам. Вязні адказвалі заклікі св. Імшы, лежачы ў ложках, а пасля па адным, каб не было бачна, падыходзілі прымаць святую Камунію...

Сакрамэнт святарства з рук кардынала Казіміра Свёнтка. Мінская архікатэдра. 7 снежня 1996 г.

Менавіта кардынал Казімір Свёнтэк удзяліў мне сакрамэнт святарства і пасля менавіта ён выдаваў мне ўсе дэкрэты: накіраваў мяне на вучобу. Кардынал умеў з пачуццём гумару арганізаваць усё так, як ён гэта бачыў. Напрыклад, калі я зрабіў ліцэнзіят па фундаментальнай тэалогіі і па рэлігіязнаўстве ў Каталіцкім універсітэце ў Любліне, кардынал выклікаў мяне і іншых святароў да сябе на вул. Шаўчэнкі ў Пінску і сказаў, што ў яго ёсць не толькі мары, але і канкрэтныя планы, і ён адчыняе семінарыю ў Пінску. Кардынал Казімір паведаміў, што я буду там прэфектам, чалавекам, які адказвае за дысцыпліну семінарыстаў, таму мы не вельмі любілі гэтую функцыю. Вядома, што ніхто не любіць, калі яму гавораць пра дысцыпліну, і таму праца прэфекта даволі няўдзячная. Тады я адказаў, што зусім не бачу сябе прэфектам, на што кардынал сказаў: «Падыдзі сюды». Я адразу не зразумеў яго, а ён падвёў мяне да шафы, дзе было вялікае люстэрка, і прамовіў: «Глядзі!» Нейкі час мы разам глядзелі ў люстэрка, пасля чаго кардынал запытаўся: «Бачыш? Гэта ж прэфект з кардыналам стаяць!» Мы засмяяліся, і больш я ўжо не мог супраціўляцца... 

Пазней кардынал Казімір Свёнтэк прызначыў мяне канцлерам мінскай курыі. У той час ён быў Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім і Апостальскім Адміністратарам у Пінску, і ўся курыя знаходзілася па месцы яго жыхарства ў Пінску. Каб ахапіць пастырскай апекаю абедзве дыяцэзіі, кардынал палову тыдня быў у Мінску, а палову — у Пінску. Ён хацеў падзяліць абавязкі і па-іншаму арганізаваць працу, таму прызначыў мяне канцлерам. Для мяне гэта праца была новай і незразумелай, і я папрасіў у кардынала магчымасці займацца душпастырствам у парафіі, а не «сядзець у паперах», на што кардынал Казімір адказаў мне з гумарам: «Душпастырства папераў таксама патрэбнае, яны ж таксама стварэнні Божыя, і ў іх таксама трэба зрабіць парадак». Так пачалася мая праца ў курыі і больш цеснае супрацоўніцтва з кардыналам.

Кс. Ян Саламон, кардынал Казімір Свёнтэк і кс. Юрый Касабуцкі. Пінск. 2007 г.

Падчас нашых сустрэчаў было шмат цікавых момантаў. Кардынал часта здзіўляўся, як мы вытрымліваем у такім вялікім і шумным горадзе. Ён сам вельмі любіў прыроду, таму часта мы ехалі за горад, каб шпацыраваць па лесе і там вырашаць розныя справы. Аднойчы я прапанаваў Эмінэнцыі прайсціся па парку, дзе я любіў бываць, і кардынал сказаў са здзіўленнем: «Няўжо тут можна шпацыраваць? Па-першае, мы ўвесь час ідзём па асфальце або плітцы, а па-другое, тут столькі людзей, што яшчэ больш шуму, чым у цэнтры горада». Калі мы прыязджалі ў лес, было бачна, як ён ажываў, услухоўваўся ў гукі прыроды, па спевах адрозніваў і называў птушак, дзяліўся сваімі ўспамінамі пра тое, як фатаграфаваў і фільмаваў на Палессі або распавядаў аб прыродзе далёкай Варкуты...

Казімір Свёнтэк меў добрае пачуццё гумару і ўмеў у гумарыстычнай форме распавядаць нават пра час свайго зняволення. Ён гаварыў, што, азіраючыся ў мінулае, бачыць зіму, лета, зіму, лета... І так 10 гадоў прайшлі вельмі хутка. Менавіта пачуццё гумару часта дапамагала яму праходзіць праз розныя выпрабаванні і складаныя сітуацыі таксама і ў біскупскім жыцці. 

Кардынал быў вельмі душэўным чалавекам і адносіўся да нас па-бацькоўску. Калі ён бачыў, што хтосьці без настрою, то заўсёды пытаўся, што здарылася. Калі я адказваў, што ўсё нармальна, яго не задавольваў такі адказ і ён прапаноўваў паехаць у лес, каб паразмаўляць у спрыяльнай атмасферы. У цяжкія моманты Казімір Свёнтэк заўсёды ўмеў падтрымаць.

Яго пакаленне святароў прывыкла знаходзіцца «пад ціскам», звыклася са старымі формамі душпастырства, калі людзі самі прыязджалі ў касцёл з розных мясцінаў, а святары служылі патаемна. Калі часы змяніліся і раптам усё стала адкрытым, святары часта не ведалі, што ім рабіць. Было бачна, што кардыналу таксама было складана пераключыцца, аднак ён разумеў патрэбу ў новых формах душпастырскай працы і падтрымліваў іх. Напрыклад, раней дзяцей рыхтавалі да Першай святой Камуніі толькі тыдзень, а ў лепшым выпадку два тыдні, хоць неабходна вучыць дзяцей цэлы год, але вернікі і старэйшыя святары не вельмі хацелі адвыкаць ад старога ўкладу. Эмінэнцыя ўмеў расчытваць знакі часу і быў адкрыты на ўсё новае, пра што сведчыць адкрыццё Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, у якой ён сам вучыўся, і катэхетычнага каледжа ў Баранавічах. 

Падчас сакрамэнту канфірмацыі. Мінская архікатэдра. 2006 г.

У дзейнасці кардынала было сапраўднае супрацоўніцтва з Богам. Ён даваў благаслаўленне на ўсе новыя справы, якія, можа, сам не да канца разумеў, але прыходзілася «ісці ў нагу з часам». Безумоўна, чалавеку амаль 100-гадовага ўзросту было складана адразу зразумець, напрыклад, інтэрнэт, аднак калі ён сам чагосьці не разумеў, то давяраў іншым людзям, даючы «зялёнае святло» новым пачынанням у Касцёле. Было бачна, што кардынал дазваляў Богу дзейнічаць праз яго. Ён сам прызнаваўся: «Я не разумею, пра што вы кажаце, бо ў мае часы такога не было, але — калі ласка». Сёння ў падобных сітуацыях я часта ўзгадваю кардынала, калі мне цяжка сказаць «так», бо я не разумею пэўнай справы і лепш устрымаюся, чым скажу «не». Кардынал дазваляў Духу Святому дзейнічаць праз яго асобу, і гэта было значным крокам для ўсяго нашага святарства. Ён быў сапраўды неардынарным чалавекам, які ўвайшоў у гісторыю нашага Касцёла і пакінуў у ім свой адметны след. 

Кардынал Свёнтэк быў чалавекам глыбокай веры і малітвы. Я мог назіраць, як ён доўга прабываў у нашай курыяльнай капліцы на прыватнай малітве, але так, каб яго ніхто не бачыў. Эмінэнцыя казаў пра гэта жартам: «Гэта мае асабістыя справы. Я размаўляю з Богам і не хачу, каб паміж намі яшчэ былі дадатковыя сведкі»...

Перад кожнай аперацыяй у шпіталі кардынал Казімір прасіў мяне прыехаць і ўдзяліць яму святое намашчэнне, пасля чаго гаварыў, што цяпер спакойна перажыве любую аперацыю. Я бачыў яго глыбокую лучнасць з Езусам Хрыстом, якая рабіла яго шчаслівым. Эмінэнцыя заўсёды казаў: «У мяне ўсё ў парадку, а калі ўсё ў парадку, то няма чаго хвалявацца». Нават тады, калі трэба было прымаць нейкія непапулярныя рашэнні, яго лучнасць з Богам не дазваляла яму ўпадаць у роспач і доўгія духоўныя ваганні.

...У апошнія гады Казімір Свёнтэк часта паўтараў, што адыдзе да Пана ў вечнасць менавіта 21 чысла. Ён не называў год і месяц, але кожны раз, калі набліжалася 21-е, пытаўся, ці не маем мы якіх-небудзь крыўдаў на яго. На нашыя пытанні, адкуль кардынал ведае пра 21-е, ён адказваў з гумарам: «Гэта вялікая таямніца веры». І сапраўды, менавіта 21 ліпеня кардынал Казімір Свёнтэк адышоў у вечнасць...


Біскуп Юрый Касабуцкі,
дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Паводле кнігі ўспамінаў
пра кардынала Казіміра Свёнтка
«Мяне заўсёды ратавала вера»,
якая рыхтуецца ў выдавецтве «Про Хрысто».

 

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней