«У гісторыі чалавецтва было шмат каралёў, розных каралёў, магутных, моцных, валадароў гэтага свету. Куды ж яны падзеліся? І следу пасля многіх з іх не засталося. Тое самае чакае і цяперашніх валадароў: яны адыдуць у нябыт з гісторыі чалавецтва. Адзін толькі Валадар — Хрыстус — валадарыць ужо дзве тысячы гадоў і будзе валадарыць да сканчэння свету», — з казання кардынала Казіміра Свёнтка на ўрачыстасць Хрыста Валадара (Мінск, лістапад 2005 г.)
<...> Калі Пілат запытаўся ў Езуса Хрыста: «Ты Кароль Юдэйскі?», Езус адказаў яму: «Ты кажаш, што Я — Кароль». Пра сваё Валадарства Езус сказаў: «Валадарства Маё не з гэтага свету». Давайце паразважаем над гэтымі словамі Езуса: «Ты гаворыш, што Я — Валадар. Я для таго нарадзіўся... і Валадарства Маё не з гэтага свету».
Хрыстус — гэта Валадар. Што сведчыць пра тое, што Ён — Валадар? Дзе Яго каралеўскі палац? Яго каралеўскі палац — гэта бэтлеемская стаенка з яслямі. Дзе Яго падданыя? Яго падданыя — гэта пастушкі з хатняю жывёлаю. Дзе Яго міністры? Яго міністры — гэта дванаццаць вучняў-апосталаў. А дзе ж Яго армія, войска? Быў адзін ці два мячы, ды і тыя Ён загадаў схаваць у ножны. А кім былі Ягоныя бацькі? Маці — сціплая жанчына, а бацька, няхай сабе і прыёмны, — цясляр з Назарэта. А дзе Яго каралеўскі трон? Ёсць. Ён там, на Галгоце, — крыж. А каралеўская карона? Яго каралеўская карона — гэта вянок з церняў, што сваімі шыпамі ўрэзаліся ў Яго галаву. А жазло? Яно таксама ёсць, — гэта трысціна, дадзеная Яму ў руку. А каралеўская пурпуровая мантыя? Так, пурпуровая, але гэта была зрэбная тканіна, кінутая на мёртвае Яго цела. Адзін вялікі прыгожы «ордэн» — прабіты дзідаю, ззяючы крывёю бок. І каралеўскія пазументы — тая кроў, што сачылася з боку Езуса; і пярсцёнкі — тыя крывавыя раны рук і ног, прабітыя цвікамі, і каралеўскія скарбы... За гэтыя скарбы кідалі жэрабя, калі знялі з Яго адзіную вопратку.
Вось сапраўдны Валадар, ёсць усе Ягоныя адзнакі, толькі Ён не з гэтай зямлі, гэта не зямны кароль, гэта іншы, зусім іншы Валадар. Яго Валадарства мае ўсе прыкметы дзяржавы, толькі таксама паходзіць не з гэтай зямлі. Як Ён сам сказаў, Яго Валадарства — гэта чалавечыя душы, без увагі на нацыянальнасць, расу, мову, узрост, веравызнанне, багацце, здольнасці. Усе без выключэння пакліканы ў Яго дзяржаву, у Яго Валадарства, а падданыя — гэта тыя, хто паходзіць з праўды і слухае словы Ягоныя, як гаворыць нам Евангелле. Пашпартам, які сведчыць пра прыналежнасць да гэтай дзяржавы, да гэтага Валадарства, з’яўляецца хрост, а Канстытуцыяй — Евангелле. Адукацыя — гэта сакрамэнт бежмавання, трыбунал — гэта канфесіянал, суд — сакрамэнт пакаяння, а «банкеты» і «прыёмы» адбываюцца штодзённа, на ахвярным стале ўзнаўляецца ахвяра Крыжа, на ім цэлебруецца святая Імша, і пры ім удзяляецца святая Камунія. Вось такія адметнасці Валадарства Хрыстовага. Кодэксам у гэтым Валадарстве з’яўляюцца справы любові да Бога і да бліжняга, законамі — Дэкалог, Божыя і касцёльныя запаведзі. Мэта Валадарства гэтай Хрыстовай дзяржавы — хвала Божая і збаўленне душы чалавека, заданне — быць маральна добрым. Як жа гэтае Валадарства адрозніваецца ад усіх валадарстваў свету! Яно існуе ўжо дзве тысячы гадоў і будзе існаваць да канца свету. Вось такі наш Валадар, вось такое Валадарства Хрыстовае.
У гісторыі чалавецтва было шмат каралёў, розных каралёў, магутных, моцных, валадароў гэтага свету. Куды ж яны падзеліся? І следу пасля многіх з іх не засталося. Тое самае чакае і цяперашніх валадароў: яны адыдуць у нябыт з гісторыі чалавецтва. Адзін толькі Валадар — Хрыстус — валадарыць ужо дзве тысячы гадоў і будзе валадарыць да сканчэння свету.
Шмат гісторыя чалавецтва ведае валадарстваў і дзяржаваў. Яны былі рознымі: магутнымі, вялікімі, са шматлікім насельніцтвам і зусім малымі... Як жа часта яны мяняліся! Адны хутка павялічваліся, іх панаванне сягала на паўсвету, а потым знікалі са старонак гісторыі чалавецтва — замест іх утвараліся новыя, і гэтак далей. Такім чынам адбывалася пастаянная змена аднаго зямнога валадарства другім. І толькі адно Валадарства, Валадарства Хрыстовае, заснаванае Хрыстом Валадаром, існуе дзве тысячы гадоў, а яго бачным знакам ёсць Касцёл Хрыстовы. Гэта бачны знак, а нябачнае яго вымярэнне — гэта Валадарства Хрыстовае ў душах людзей.
«Я з вамі ва ўсе дні аж да канца свету», і «брамы пякельныя не перамогуць» Касцёл... Былі выпрабаванні, і не адно на працягу двух тысячаў гадоў, былі спробы знішчыць, прыбраць з паверхні зямлі Хрыстовае Валадарства. Прыгняталі, пераследавалі, знішчалі, крыжавалі, зажыва палілі, здзекаваліся. Імператар Дыяклетыян у сваім манетным двары нават адчаканіў медаль, на якім было напісана: «У памяць знішчэння хрысціянства». Ён лічыў, што ўсіх знішчыў, усіх пазабіваў. Цяпер гэты медаль можна ўбачыць у музеі Ватыкана. Пасля Дыяклетыяна застаўся толькі гэты недарэчны медаль, а хрысціянства ёсць і будзе трываць вечна.
Цяпер, у нашым стагоддзі і ў канцы мінулага стагоддзя, колькі ж прыкладалася такіх намаганняў па шматлікіх нашэптах сатаны! І на нашай зямлі знішчалася, прыгняталася, руйнавалася хрысціянства. Як пахваляліся змагары з хрысціянствам, што будзе сапраўдная дзяржава, сапраўднае валадарства без Бога, без Касцёла, без Хрыста. А куды ж яны падзеліся? Сціхлі, галовы паапускалі, прызналі, што памыляліся, але гэта ўжо іх справа. Наша справа — Божая. Валадарства Хрыстовае, нягледзячы на гэтыя знішчэнні, пераследы, існавала, існуе і будзе існаваць.
І вось, дарагія вернікі, у сённяшнюю ўрачыстасць у нашай прыгожай архікатэдры схілім жа галовы мы — католікі, мы — хрысціяне, мы — людзі Хрыста, падданыя Хрыстовага Валадарства, схілім перад нашым Каралём, нашым Валадаром, перад нашым Панам, каб Яму аддаць належную пашану, бо Яго Валадарства трывае няспынна і трываць будзе вечна, бо Хрыстус — гэта не звычайны чалавек, а Сын Божы, гэта Бог. Валадарства Хрыстовае — гэта не зямное валадарства, а Валадарства Божае.
Таму мы сёння схіляем галовы перад Хрыстом Валадаром, а не перад якім-небудзь зямным бажком, перад Богам Валадаром. І можам ганарыцца, што належым да гэтага Божага Валадарства, а не да чалавечага. Адсюль вынікае наш абавязак: быць годнымі грамадзянамі Валадарства Хрыстовага, не здраджваць Хрысту Валадару, не даць пранікнуць злу ў Хрыстовае Валадарства, імкнуцца выканаць усе свае абавязкі падданых Хрыстовага Валадарства і дзякаваць, дзякаваць Богу за тое, што маем магчымасць вызнаваць Найвышэйшага Валадара ў нашым жыцці — Хрыста, Сына Божага — і належаць да Яго Валадарства.
Мы павінны сёння паабяцаць Хрысту Валадару, што да канца жыцця будзем заўсёды Яму вернымі і будзем годнымі называцца падданымі Хрыстовага Валадарства. Пашырайма гэтае Хрыстовае Валадарства перадусім у сваёй душы, у сваім сэрцы, каб у нашай душы, каб у нашым сэрцы непадзельна панаваў Хрыстус Валадар з Яго Евангеллем, Яго запаведзямі і Яго Касцёлам... Да канца аддадзім сябе Хрысту Валадару і будзем вернымі падданымі ў Яго Валадарстве; будзем пашыраць гэтае Валадарстве не толькі ў сабе, але і ў сваіх блізкіх. Будзем жа сапраўднымі падданымі гэтага Валадарства, каб усе навокал бачылі і пазнавалі, што мы сапраўды належым да Валадарства Хрыстовага. Пра гэта павінна сведчыць наша жыццё, нашы ўчынкі, наша справядлівасць, наша дабрыня, наша добразычлівасць, а перадусім наша любоў да Бога і бліжняга. Па гэтым няхай пазнаюць, што мы належым да Валадарства Хрыстовага, што мы стараемся быць вернымі нашаму Пану — Хрысту Валадару.
Умілаваныя вернікі, многіх людзей расстрэльвалі за Хрыста Валадара. Многія з іх, ужо стаўшы да сцяны перад выкананнем прысуду, прамаўлялі апошнія словы: «Няхай жыве Хрыстус Валадар!». Я за імі ўслед паўтараю: «Няхай жыве Хрыстус Валадар!». Амэн.
***
Роўна 9 гадоў назад, 21 ліпеня 2011 года, кардынал Казімір Свёнтэк адышоў у вечнасць да Пана. Молячыся за яго душу, давайце не будзем забывацца, што мы можам маліцца і праз яго заступніцтва, звяртацца да нашага дарагога пастыра са сваімі просьбамі, каб ён скіроўваў нашыя інтэнцыі да Бога.
Фота: Serge Serebro