
21 кастрычніка спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка. Прайшло ўжо 8 гадоў як Яго Эмінэнцыі няма сярод нас. Незаўважна, імкліва бяжыць наш зямны час: падрастае ўжо новае пакаленне тых, хто прыйшоў на гэты свет пасля адыходу кардынала ў вечнасць.
Наша рэдакцыйная моладзь распытвае пра Яго Эмінэнцыю як пра чалавека-легенду. Ён сапраўды быў чалавекам-легендаю, сімвалам адраджэння каталіцкай веры ў нашым Краі і яе мужным, непахісным сведкам. Такім і застаўся назаўсёды ў нашай удзячнай памяці і ў тых шматлікіх і такіх важных для адраджэння Касцёла справах: у адкрытай ім Пінскай вышэйшай духоўнай семінарыі, у старажытным харастве адрэстаўраванай ім пінскай катэдры і вернутай з небыцця мінскай архікатэдры, у цэлай плеядзе беларускіх святароў, якім ён удзяляў сакрамэнт святарства, імкнучыся быць для іх прыкладам і добрага пастыра, і клапатлівага, чулага айца. Памяць аб ім жыве і ў нашых каталіцкіх часопісах, заснаваных па яго благаслаўленні і пры ягонай дзейснай падтрымцы, і ў фільмах пра яго любае Палессе, па-мастацку знятых ім жа самім, і ў дакументальных фільмах рэжысёра Юрыя Гарулёва і, паўтаруся, ва ўдзячнай памяці тых, хто быў побач з ім, хто з ім працаваў, хто слухаў яго натхнёнае пастырскае слова...
У выдавецтве «Про Хрысто» рыхтуецца да выдання кніга ўспамінаў пра кардынала Казіміра Свёнтка, у якую ўвойдуць таксама інтэрв’ю з ім. Яго Эмінэнцыя быў не толькі ахвярным пастырам, але й надзвычай цікавым чалавекам, шматграннаю і таленавітаю асобаю. Ён валодаў дарам слова і тонка адчуваў стылістыку мовы: нездарма адразу пасля гімназіі хацеў паступаць на філалагічны факультэт Віленскага ўніверсітэта; ён быў начытаны, з ім было цікава паразмаўляць пра літаратуру і гісторыю; ён быў дасціпным апавядальнікам, іранічным і мудрым суразмоўцам; ён любіў класічную музыку і йграў на аргане... Але, апрача ўсяго, было ў нашага кардынала з самай маладосці яшчэ адно захапленне, бадай, самае моцнае — захапленне прыродаю, а ягоную душу поўніла вялікая любоў да ўсяго жывога.
Сёння мы знаёмім вас, шаноўныя чытачы, з прыгажосцю прыроды Палесся, якою ўсё сваё доўгае жыццё любаваўся і захапляўся ксёндз кардынал Казімір Свёнтэк, якую ў маладосці ён замілавана здымаў сваёю фотакамераю і ў якой заўсёды ўдзячна бачыў і пазнаваў руку Створцы.
Рэд.