Яго жывы голас... З казання кардынала Казіміра Свёнтка да моладзі на сімпозіуме «Моладзь Еўропы на шляху пераменаў»,

З казання кардынала Казіміра Свёнтка да моладзі на сімпозіуме «Моладзь Еўропы на шляху пераменаў»,

кастрычнік, 2003 г.

Наш сімпозіум прысвечаны моладзі Еўропы — кантынента, дзе за апошнія дзесяцігоддзі адбыліся вялікія перамены як у заходняй, так і ў цэнтральнай, і ўсходняй яго частках. Беларусь непасрэдна ўдзельнічала ў гэтых пераменах.

Знаходзячыся непадалёку ад Заходняй Еўропы, яна адчула вынікі гэтых гістарычных пераменаў, і ў той жа час перад ёю паўсталі цяжкасці, што ўзніклі пасля распаду Савецкага Саюза і ў выніку атрымання ўласнай незалежнасці.

Усе мы ўсведамляем, што падзеі, якія адбываюцца, толькі пазней, магчыма, будуць поўнасцю зразуметы ў гісторыі. Таксама і мы, тыя, хто асабіста ўдзельнічаў у гэтых пераменах, з цяжкасцю заўважаем, што яшчэ дзесяць гадоў таму мы былі падпольным Касцёлам, мелі зусім мала святароў і месцаў культу, а абвяшчэнне Добрай Навіны было абмежаваным – у малых супольнасцях і ў сем’ях.

Многія аспекты жыцця Касцёла сёння змяніліся радыкальна. Уведзены розныя формы актыўнасці, а вернікі радуюцца свабодзе вызнавання веры. Але наступствы мінулага працягваюцца і моладзь, хіба, у найбольшай ступені,  з’яўляецца галоўнай ахвярай гэтага мінулага.

Аднак нягледзячы на гэта моладзь з энтузіязмам і высакароднасцю працягвае імкнуцца да хрысціянскага жыцця. У асноўным гэта можна заўважыць у парафіях, якія з’яўляюцца галоўным месцам сустрэчы з Богам. Хоць большасць з іх з’явілася толькі нядаўна, у часовых, так бы мовіць, варунках, аднак там вельмі хутка сфармаваліся сапраўдныя асяродкі прапаганды хрысціянскага жыцця. Разам з парафіямі развіліся і некаторыя касцёльныя супольнасці, напрыклад, рух «Святло-Жыццё», «Хатні Касцёл», «Аднова ў Духу Святым», «Дарога неакатэхуменату» і іншыя.

Безумоўна, гэтае развіццё адбываецца сярод многіх перашкодаў, якія вельмі  ўскладняюць набліжэнне моладзі да рэлігійных каштоўнасцяў. У значнай ступені яны з’яўляюцца вынікам мінулай ідэалогіі, якая пакінула незапоўненай вялікую духоўную і культурную пустку. Калі да гэтага дадаць яшчэ факт хуткага распаўсюджвання ідэяў лібералізму і агнастыцызму, якія ідуць з Захаду, а таксама вялікі крызіс сям’і, можам зразумець, якое цяжкае заданне стаіць перад Касцёлам. У такіх умовах моладзі нялёгка захаваць вернасць Касцёлу, і часта яе пачатковы запал падвяргаецца выпрабаванням. Гэта асабліва бачна на прыкладзе пакліканняў, якіх, дзякуй Богу, хапае. Найбольш непакоіць недахоп вытрываласці. Новым кандыдатам цяжка згадзіцца прыняць абавязкі святарскага стану на ўсё жыццё. У дадатак, усё гэта адбываецца ва ўмовах вялікага грамадска-эканамічнага крызісу ў краіне. Таму, як і ўсюды, разам з бядой павялічваюцца выпадкі насілля, прыніжэння і ўпадку чалавека. Касцёл усведамляе, якім важным для яго будучыні з’яўляецца падтрымка ўсё больш адпаведнага душпастырства моладзі.

Як ужо было сказана, у гэтай сітуацыі парафія і надалей з’яўляецца  прывілеяваным месцам для фармацыі нашай моладзі. Асаблівае значэнне мае асабісты кантакт з душпастырам. Яго парада і яго духоўнае кіраўніцтва застаюцца самымі істотнымі элементамі, якія дапамагаюць маладым у пошуках Бога. Маладым людзям патрэбны высакародны прыяцель, які павёў бы іх да адкрыцця ўласнай чалавечай годнасці і асабістай веры і суправаджаў бы іх, калі будуць рабіць выбар, які датычыць іх асабістага жыцця. У парафіі яны знаходзяць таксама іншыя магчымасці для паглыбення іх духоўнага жыцця праз малітоўныя сустрэчы, катэхезу, літургічныя цэлебрацыі. Падчас важных перыядаў літургічнага году, асабліва Адвэнту і Вялікага посту, на Беларусі распаўсюджваюцца ініцыятывы паглыблення рэлігійнага жыцця, якія дапамагаюць моладзі ўсвядоміць іх прыналежнасць да Касцёла і яго місіі ў свеце.

Як у іншых частках свету, гэтая цяжкая праца адбываецца ў культурных асяродках, што прапануюць вартасці, вельмі адрозныя ад тых, якія з’яўляюцца базай хрысціянскага жыцця. Часам ствараецца ўражанне, што традыцыйныя хрысціянскія каштоўнасці, якія стварылі Народ, заглушаны культурнымі прапановамі ліберальнага і агнастытычнага характару. Такім чынам, малады чалавек, які не церпіць больш ад ідэалагічнай тыраніі, пастаянна сустракаецца з негатыўнымі вынікамі цывілізацыі, якую мы ўнаследавалі ад мінулага.

Таму мне здаецца, што Касцёл асабліва пакліканы знайсці адказ на гэтыя цяжкія пытанні, падаючы новыя культурныя прапановы. Так, як гэта было з Сацыяльным вучэннем Касцёла ў сферы справядлівасці і салідарнасці, павінны прапаноўвацца ідэі, здольныя паўплываць на сучасную культуру. Так, як навука Касцёла вяла дыялог з грамадскай думкай па абароне жыцця і яго непарушнасці, трэба знайсці спосабы, каб застацца актыўнымі ў жыцці грамадства, якое нас акружае. <...>

Гэтае заданне сёння застаецца адным з самых галоўных заклікаў для Касцёла ў Еўропе. Асабліва мы, біскупы, павінны застацца чулымі і ўважлівымі прапагандыстамі кожнай ініцыятывы, якая падтрымлівае новую евангелізацыю нашых грамадстваў і культураў. 

І дзякуючы гэтаму не толькі дапамагаць моладзі ўвайсці ў канкрэтную рэчаіснасць містычнага Цела Касцёла, але дапамагаць усім тым, хто, не належачы да нашых супольнасцяў, шукае трывалай апоры для свайго жыцця. Карацей кажучы, мы можам і павінны ўнесці такі ўклад, які Касцёл мусіць даць нашаму кантыненту ў гэты перыяд пераменаў.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней