З казання на Кангрэсе пакліканняў
(Маладзечна, лістапад 2005 г.)
<...> У кожным пакаленні нябесны Айцец заклікае шмат маладых людзей наследаваць Яго Сына Хрыста праз святарскую паслугу, праз прафесію евангельскіх парадаў у інстытутах кансэкраванага жыцця: чыстасці, убоства і паслухмянасці. Пакліканне — гэта дар Божы, але гэты дар можа быць прыняты або не прыняты; зразуметы або не зразуметы пакліканым ці пакліканаю. Таму маладому чалавеку патрэбна дапамога бліжніх.
Вось як звяртаецца Святы Айцец Ян Павел ІІ да моладзі: «Дарагая моладзь, менавіта да кожнага з вас я асаблівым чынам скіроўваю яшчэ раз запрашэнне Хрыста: „Выплыві на глыбіню!”. Кожны з вас павінен прыняць важнае рашэнне адносна сваёй будучыні... Дарагія дзяўчаты і дарагія хлопцы! Даверцеся Езусу! Услухоўвайцеся ў Яго навучанне. Скіроўвайце ваш позірк на Яго аблічча! Трывайце ў слуханні Яго слова. Дазвольце, каб менавіта Ён кіраваў кожным вашым пошукам і імкненнем, кожным вашым ідэалам і памкненнем сэрца».
А вось зварот да моладзі на Кангрэсе пакліканняў: «Касцёлу ў Беларусі патрэбны святары. Без святароў Касцёл не можа выканаць наказ Хрыста: “Ідзіце і навучайце ўсе народы” (пар. Мц 28, 19), а таксама ўдзяляць сакрамэнты, гэта значыць — асвячаць грамадства Беларусі».
Ад сябе хацеў бы дадаць: <...> Як жа мы, старэйшыя святары, чакаем маладых святароў, манахаў і манашак, каб яны працягвалі будаваць Валадарства Хрыстовае ў Беларусі.
Вось заклік папы Яна Паўла ІІ да бацькоў, выхавацеляў, святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх катэхетаў:
«Бог даручыў вам асаблівае заданне — накіроўваць маладых на шляхах святасці... Дадайце ім адвагі, каб яны не баяліся выплыць на глыбіню, без вагання адказваючы на запрашэнне Пана... Дапамажыце ім распазнаць іх пакліканне і стаць сапраўднымі сябрамі Хрыста і Яго адданымі вучнямі.
Калі дарослыя веруючыя здольныя ўчыніць бачным аблічча Хрыста пры дапамозе словаў і прыкладу ўласнага жыцця, то моладзь гатовая прыняць патрабавальны заклік Езуса, пазначаны таямніцай Крыжа. Не забывайце, што сёння таксама неабходны святыя святары, а таксама асобы, цалкам прысвечаныя службе Богу! Па гэтай прычыне я хачу яшчэ раз паўтарыць: Неабходна рэалізаваць шырокае і паглыбленае душпастырства пакліканняў, якое будзе дзейнічаць у парафіях, фармацыйных асяродках і сем’ях”...».
Кангрэс пакліканняў, які адбыўся ў Мінску ў 1999 годзе, звяртаўся да парафіяльных супольнасцяў: «Будзьце адказнымі за пакліканні ў вашым асяроддзі. Нястомна распрацоўвайце і ажыццяўляйце перспектыўныя праграмы дзейнасці і даверцеся Божай ласцы. Духоўнае пакліканне — гэта вялікая Божая і чалавечая справа. Вялікія справы патрабуюць часу і працы».
Напрыканцы заклікаў у Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях папа Ян Павел ІІ звяртаецца да Нябеснага Айца: «Няхай з кожнага закутка зямлі — падтрыманая матчыным заступніцтвам Багародзіцы — узнясецца гарачая малітва да Айца Нябеснага, каб „паслаў работнікаў на жніво сваё” (Мц 9, 38). Няхай Ён адорыць кожную частку свайго Касцёла святарамі — ахвярнымі і святымі».
Давайце далучымся да супольнай і няспыннай малітвы аб святарскіх і манаскіх пакліканнях, каб двухдзённы сімпозіум у Маладзечне паспрыяў узрастанню пакліканняў у нашых дыяцэзіях на Беларусі.