
21 ліпеня, 6 гадоў назад, адышоў у вечнасць першы кардынал у Беларусі Казімір Свёнтэк. З гэтай нагоды публікуем размову Крыстыны Лялько з кардыналам «Ружы рознага колеру...» з нагоды 70-годдзя яго святарства, якая была надрукавана ў часопісе «Наша вера», № 3, 2009 г. Яшчэ болей артыкулаў, развітальных словаў і ўспамінаў пра кардынала чытайце ў спецвыпуску часопіса «Ave Maria», квартальніку «Наша вера» за 2011 г. і на нашым сайце. Заахвочваем таксама да малітвы за душу гэтага цудоўнага пастыра беларускага народа! Вечны адпачынак дай яму, Пане...
РУЖЫ РОЗНАГА КОЛЕРУ...
Напрыканцы лета Яго Эмінэнцыя знайшоў час і ласкава згадзіўся адказаць на некаторыя пытанні для квартальніка «Наша вера». Рыхтуючыся да гэтай размовы, я натрапіла на ранейшую нашу гутарку, якая была апублікавана ў часопісе «Ave Maria» пяць гадоў назад. Памятаю, як тады на мае словы пра тое, што на яго святарскім і жыццёвым шляху было больш церняў, чым ружаў, Яго Эмінэнцыя адказаў пытаннем: «Чаму вы лічыце, што гэта былі церні? Гэта былі ружы...» І, бачачы маё здзіўленне, рашуча сцвердзіў: «Так, так! Толькі ружы бываюць рознага колеру — белыя, жоўтыя і, зразумела, чырвоныя. Але ўсё роўна гэта ружы!»
«А камера смерці, а дзесяць гадоў ГУЛАГу?» — паспрабавала я тады абгрунтаваць логіку свайго пытання і пачула ў адказ: «Я не разумею такога ўспрымання, такога размежавання паняццяў. Для мяне неістотна, дзе выконваць свае абавязкі і Божую волю: ці ў камеры смерці, чакаючы выраку, ці, скажам, прымаючы з рук Папы знак кардынальскай годнасці... І ў адным, і ў другім выпадку — адно і тое ж выкананне волі Божай. І там — ружа, і тут. Толькі колер у іх розны...»
На гэты раз я пазбягала пытаць у Яго Эмінэнцыі пра церні і размова вялася найбольш пра ружы... Толькі рознага колеру...
— Ваша Эмінэнцыя, 5 ліпеня ў Тракелях пасля каранацыі абраза Маці Божай Вы сказалі, што заўсёды былі шчаслівы, нават у самыя цяжкія і пакутлівыя хвіліны жыццёвых выпрабаванняў, якіх у Вашым жыцці, як вядома, было нямала. У чым заключаецца сакрэт гэтага шчасця?
— Вы ўжылі словы «сакрэт шчасця». Аднак я крыху не пагаджуся з такім азначэннем. Гэта не сакрэт, а сапраўдная, рэальная і бачная рэчаіснасць усяго майго жыцця, якое да драбніцаў падпарадкавана кіраванню Божага Провіду. Біблійныя словы пра тое, што ў чалавека і волас з галавы не ўпадзе без Божай волі, заўсёды спраўджваліся ў маім жыцці, нават у самых складаных сітуацыях. Вось некалькі прыкладаў інтэрвенцыі Божага Провіду ў найбольш крытычныя дні майго жыцця: проста цудоўнае ўхіленне ад смерці, калі дызентэрыя цалкам знішчыла мой арганізм у вязніцы ў Оршы. Я тады ўжо паміраў... Затым, калі напад гітлераўскіх войскаў на Савецкі Саюз выратаваў мяне ад расстрэлу па прысудзе НКУС у Брэсце, а ўваход савецкіх войскаў у 1944 годзе ў Пружаны апярэдзіў мой расстрэл па загадзе гестапа: пад ранак мяне збіраліся вывесці ў лес і расстраляць... А пасля перад самым вызваленнем з ГУЛАГу маёр кадэбіст спытаўся: «Як Вам удалося ўсё гэта перажыць і застацца жывым?» Мне ж было выразна даведзена ў час следства: «На цябе шкада кулі, а прысуд так ці інакш будзе выкананы, калі цябе кінуць у лагер, адкуль ты жывы не выйдзеш». Дык вось, на пытанне маёра я адказаў коратка: «Моцная, непахісная вера выратавала мне жыццё». І тады кадэбіст надоўга задумаўся: што са мною рабіць?.. Яму была дадзена інструкцыя не выпусціць мяне з лагеру жывым. Чым растлумачыць тое, што ён змяніў сваё рашэнне, парушыў гэтую інструкцыю? Пасля доўгага роздуму маёр усміхнуўся (гэта была першая ўсмешка кадэбіста за ўсе дзесяць гадоў майго зняволення) і сказаў, падпісваючы паперы: «Вы — свабодны». Ён жа мог паступіць зусім інакш...
І так было ўсё маё доўгае жыццё, прысвечанае Богу і Касцёлу. Гэта менавіта шчаслівая прыгода, бо я ведаю, Каму паверыў і Каму даверыўся. Прыгоду гэтую я апісаў бы словамі з песні «Barka» («Пакліканне»): «О Езус, клічаш Ты за сабою, сёння імя маё ціха прамовіў». Вось мой «сакрэт шчасця».
— А позірк Пана Бога, Яго пакліканне Вы ўпершыню адчулі менавіта ў крыпце каля труны біскупа Лазінскага? Ці гэта адбылося яшчэ раней? Ці не была Ваша душа падрыхтаваная ўжо да гэтага «імпульсу» ад біскупа Лазінскага?
— Я да сённяшняга дня да драбніцаў памятаю здарэнне, якое адбылося са мною, калі мне было шэсць гадоў. Гэта было яшчэ ў Дукштах. Аднойчы мама прывяла мяне ў касцёл. Пасля ўрачыстай Імшы была адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і суплікацыя «Святы Божа...». Я стаяў на каленях... Да сённяшняга дня не магу зразумець, што са мною тады здарылася: я глядзеў на ксяндза, з ксяндза перавёў позірк на манстранцыю, з манстранцыі — на... постаць. Я не хачу сказаць, што меў нейкае аб’яўленне. Занадта рэальнае маё жыццё. Але там я адчуў першы позірк Бога...
Ведаеце, калі аднойчы Бог кагосьці зачапіў, то ўжо не адпусціць... Каля труны біскупа Лазінскага я выказаў просьбу заўсёды быць верным слугою Бога... І ён выслухаў мяне даслоўна... Калі я выходзіў з падзямелля пінскай катэдры ў тым далёкім 1933-м, то ўжо ведаў, што стану святаром. Дагэтуль я збіраўся паступаць на філалагічны факультэт у Віленскі універсітэт, але ўва мне раптам адбыўся нейкі пералом. Я сказаў сваім сябрам: «Я ў Вільню не паеду...» Але паколькі я тады быў вялікім жартаўніком, то сябры ўспрынялі гэта як чарговы жарт: «А куды ж, дазволь спытаць?..» «Я еду ў Пінскую семінарыю», — адказаў я. Для іх гэта быў апошні і найлепшы анекдот, мне пляскалі ў ладкі... А я вярнуўся дадому і ў той жа дзень напісаў заяву ў семінарыю і быў прыняты «ў выглядзе выключэння», бо тэрмін прыёму ўжо скончыўся. Чаму было зроблена тое «выключэнне»? Далей — болей.
Праз два тыдні я раптам захварэў: у мяне пачаўся моцны задушлівы кашаль... Доктар патлумачыў, што для мяне шкодны палескі клімат: «Калі хочаш быць здаровы, ужо сёння павінен выехаць з Пінска. Бяры білет і вяртайся ў Баранавічы», — і выпісаў даведку. У семінарыі мне сказалі: «Нам хворыя не патрэбны...» Я вымушаны быў забраць дакументы і вярнуцца дадому. Праз пару тыдняў хатняга лячэння вярнуўся ў Пінск з тою лекарскаю даведкаю і пайшоў проста да труны біскупа Лазінскага. Укленчыў і кажу: «Ксенжа біскупе, гэта ж ты мяне скіраваў у семінарыю... І што мне цяпер рабіць?» Памаліўся каля труны «Ойча наш...», зноў пайшоў да доктара і кажу яму: «Напэўна, вы мяне памятаеце? Я два тыдні таму быў у Вас». А той здзіўлена: «Чаго ж ты прыехаў?» — «Пане доктар, я маю да Вас адну просьбу: абследуйце мяне яшчэ раз». — «Ну, добра...» І вось, абследаваўшы мяне, ён пытаецца: «Гэта ты Свёнтэк Казімір?.. Можа, ты кагосьці іншага падставіў?..» — «Не, гэта я». — «Але таго, што напісана ў тваёй даведцы, сёння абсалютна няма! Лёгкія чыстыя!»
Я на крылах паляцеў у семінарыю да рэктара. Стукаю ў дзверы, ён выходзіць: «Чым магу дапамагчы?» Я расказаў яму пра тое, што зноў быў у доктара, і паказаў новую даведку. Моцна здзівіўшыся, ён кажа: «А колькі ты заплаціў таму доктару?» Уяўляеце? Біскуп Лазінскі вымучыў мяне да апошняга пазногця! «Не, нічога я не плаціў, — кажу, — у мяне ёсць толькі адзін аргумент...» І распавёў яму пра тое, што перад візітам да доктара я хадзіў да труны біскупа Лазінскага. «Слухай... — кажа мне рэктар. — Ідзі ў свой пакой і працягвай падрыхтоўку да святарства...» Ён вельмі шанаваў біскупа Лазінскага.
Гэтыя жыццёвыя падрабязнасці — наглядны доказ дзеяння Божага Провіду ўжо на самым пачатку майго святарства.
— Ваша Эмінэнцыя, а што для Вас найдаражэйшае, што самае галоўнае ў святарстве?
— На адной з сустрэчаў са святарамі Ян Павел ІІ сказаў такія словы: «Галоўная місія святарства заключаецца ў Эўхарыстыі. Ваша і мая самасвядомасць раз і назаўсёды вызначана ў цэлебрацыі Эўхарыстыі». Калі я задумаўся над гэтымі словамі і над тым, што для мяне стаіць на першым плане ў святарстве і што адыгрывае ў ім галоўную ролю, то прыйшоў да высновы, што гэта, відавочна, Эўхарыстыя, святая Імша — святая Камунія і святая эўхарыстычная адарацыя... Прашу мне паверыць: я знешне ўтаймоўваю сябе, каб гэтага не было відаць, але на працягу сямідзесяці гадоў, калі я цэлебрую святую Імшу і пры вымаўленні словаў кансэкрацыі бяру ў рукі Гостыю і келіх, кожны раз у мяне дрыжыць голас, дрыжаць рукі... Бог Айцец дае нам прабачэнне, і чалавецтва збаўляецца. Бяда была б свету, калі б не было святой Імшы! Падчас святой Імшы мне як святару першаму дадзена карыстацца ахвярнымі дарамі, пераўтворанымі ў Цела і Кроў Езуса Хрыста. Які прывілей! А як жа міла адараваць «Вязня Любові» (гэта маё любімае азначэнне), прысутнага ў Касцёле ў табэрнакулюме! Падчас адарацыі я не размаўляю, у мяне проста няма словаў... Я кленчу, гляджу на табэрнакулюм — і са мною на свой Боскі лад размаўляе Езус Хрыстус. Гэта падобна да таго, што было са мною ў шасцігадовым узросце, у тым згаданым эпізодзе. Толькі яно паўтараецца, паўтараецца і паўтараецца... Я перакананы, што, калі настане канец майго жыцця, гэта будзе апошні акт падобнай сустрэчы з Богам.
— Ваша Эмінэнцыя, адкуль у Вас такая моцная, сапраўды непахісная вера?
— Яна ад Бога! Гэтую веру мне дае Бог! Таму часцей за ўсё я паўтараю: «Chwała i dziękczynienie bądź w każdym momencie Jezusowi w Najświętszym, Boskim sakramencie...» («Хвала і праслаўленне будзь у кожным моманце Езусу ў Найсвяцейшым, Божым Сакрамэнце»).
— А якія месцы цэлебрацыі Эўхарыстыі для Вас найбольш памятныя?
— Можа, гэта будзе вельмі нечакана, але найперш тыя святыя Імшы, якія я цэлебраваў у савецкіх лагерах. Пасля таго, як я нарэшцэ атрымаў камуніканты — аплатак, прысланы на Божае Нараджэнне, і крыху разынак, якія размочваў у бутэлечцы, — я спрабаваў цэлебраваць Эўхарыстыю... Зразумела, рабіў гэта пакрыёма, калі ўсе ў бараку клаліся спаць. Тэкст святой Імшы я памятаў, бо штодня яго паўтараў... Гэта збаўляла і давала сілы... А ведаеце, што было пушкаю для камунікантаў? Пусты карабок ад запалкаў... Такія Імшы памятаюцца ўсё жыццё...
— Ваша Эмінэнцыя, 15 жніўня ў Пружанах Вы сказалі, што хоць на працягу 70 гадоў з’яўляецеся святаром, але не асмеліцеся сцвярджаць, што да канца зразумелі таямніцу паклікання да святарства...
— Сапраўды, не асмелюся. Я адчуў праявы гэтага святарства. Яно становіцца відочным, калі я кансэкрую, удзяляю разграшэнне і гэтак далей. Але часам я як бы чую: «А хто ты? Хто даў табе святарскую ўладу?» І стараюся ўсвядоміць, што я ўдзельнічаю ў адвечным святарстве Хрыста. Адвечны Святар — Хрыстус Пан. І кожны святар, кожны ксёндз, калі ён хоча зразумець, хто ён, павінен ведаць, што ён толькі ўдзельнічае ў гэтым святарстве Хрыста. Тут няма чалавечага фактару... І калі я такім чынам падыходжу да таямніцы святарства, то тады супакойваюся. Я толькі рэалізую пэўную частку гэтага адвечнага святарства Хрыста, як «alter Christus»...
— Святы Ян Віянэй сказаў: «Ах, які ж вялікі святар! Калі б ён зразумеў сябе, то памёр бы... Бог паслухмяны яму: ён вымаўляе два словы, і на яго голас наш Пан сыходзіць з неба і ўцелаўляецца ў маленькай Гостыі». Можа, Вы хацелі б падзяліцца сваім перажываннем гэтай велічы ў жыцці святара — паслухмянасці Бога.
— Пабожны святар Алье напісаў: «Бог учыніў для Касцёла два цуды: Найсвяцейшую Панну Марыю і святара. Яму гэта ўдалося!» Слуга Божы Ян Павел ІІ уклаў у вусны Хрыста такія словы, звернутыя да святара: «Мне патрэбны твае рукі, каб благаслаўляць далей. Мне патрэбны твае вусны, каб не перастаць гаварыць. Мне патрэбна тваё цела, каб не перастаць цярпець. Мне патрэбна тваё сэрца, каб магчы любіць. Ты патрэбны мне, каб я мог збаўляць далей».
— Гэтак прыгожа і вобразна мог сказаць не толькі тэолаг, але і паэт...
— Што ж датычыць мяне, то я перажываю святарства дваяка. З аднаго боку, я адчуваю сваю абсалютную нявартасць у выкананні справаў, якія вынікаюць з велічы святарства. Але адначасова я адчуваю ў сабе звышчалавечую годнасць святарства, асабліва тады, калі пакорна кленчу перад Адвечным Святаром — Езусам Хрыстом.
— Хочацца яшчэ раз звярнуцца да Яна Віянэя, які напісаў: «Мой сакрэт просты: даваць усё і нічога не мець для сябе». А які сакрэт або дэвіз Вашага святарства, Эмінэнцыя?
— У пэўнай ступені сакрэтам майго святарства з’яўляецца маё стаўленне да матэрыяльных справаў. Маё жыццё з дзяцінства, а таксама ў школьныя і юнацкія гады праходзіла ў беднасці. А часта — у крайнім убостве, бо не хапала нават хлеба. Умовы майго існавання падчас дзесяці гадоў зняволення ў савецкіх вязніцах і карных лагерах яшчэ больш сфармавалі ўва мне негатыўнае стаўленне да дабрабыту і выгодаў. Пасля вяртання з ГУЛАГу я адразу ўнёс гэты жыццёвы досвед у стыль свайго бытавання і зусім адмовіўся ад дабрабыту і выгодаў у сваім штодзённым жыцці. Для вызвалення ад усялякага матэрыяльнага цяжару я пасяліўся ў невялікім драўляным доме ў Пінску, адмовіўшыся ад пастаяннага пражывання — ужо як біскуп — у пабудаваных мною элегантных рэзідэнцыях арцыбіскупа Мітрапаліта ў Мінску і Апостальскага Адміністратара ў Пінску. Усялякія жыллёвыя патрабаванні і пераборлівасць у ежы я аднёс бы да сваіх уласных цяжкіх грахоў, памятаючы лагерныя баракі і славутую баланду. У якасці кампенсацыі ад Бога за пэўныя адрачэнні я меў і маю магчымасць захапляцца прыгажосцю прыроды Палесся.
— Вы апярэдзілі маё пытанне: што Вас найбольш захапляе ў гэтым жыцці, што Вам найбольш падабаецца?
— Ад мяне нічога задарма... (Смяецца.) Але і Бог не жмінда: захапляйся прыродаю... Выйдзі на ўзлесак, на балота... Пераначуй у стозе сена... Няхай цябе пакусаюць камары... Я жыў гэтым дзясяткі гадоў... Выправы з сабакам Асам на лодцы, начлегі каля ракі... Юшка з чыгунка... А такавання глушцоў не заменіць ніякі самы ўрачысты канцэрт!
— Кажуць, каб пачуць такаванне глушцоў, тым больш, каб іх убачыць, трэба адмыслова падпільнаваць птушак і загадзя прытаіцца ў цішы?..
— Так, трэба «ўтаямнічыцца»... Чалавек часта слухае гукі прыроды, але не чуе іх, не адчувае... У прыродзе ёсць столькі з’яваў, якія знаходзяцца каля нас, праходзяць праз нас, але мы іх не адчуваем, не разумеем і не можам выкарыстаць... Навука даследуе, пазнае прыроду, але мы ніколі не спазнаем яе да канца, ніколі не зраўняемся з Богам... Інакш бы Бог перастаў быць Богам... Мы сталі б бажкамі... Тады б усё рухнула, як карткавы дамок...
— Але ж у Кнізе Быцця сказана: «Напаўняйце зямлю і валодайце ёю...»
— Так, валодайце, але да канца свету чалавек будзе спрабаваць падпарадкаваць яе сабе і не падпарадкуе...
— «Калі я калісьці стану святою, то стану ёю ад „цемры“», — напісала Маці Тэрэза з Калькуты ў адным са сваіх лістоў. Вядома, што і яна, і многія іншыя благаслаўлёныя і святыя праходзілі праз гэты стан „цемры“, сумненняў і нават страты веры... Ці здаралася штосьці падобнае ў Вашым жыцці?
— Сапраўды, не толькі Маці Тэрэза. Святы Ян ад Крыжа характарызаваў такі стан як «уваход у ноч веры, падчас якой ачышчаецца душа». А мая любімая святая, Тэрэза ад Дзіцятка Езуса, казала: «Трэба самому прайсці праз гэты змрочны тунэль, каб зразумець, што значыць цемра». На працягу ўсяго свайго жыцця, асабліва за гэтыя семдзесят гадоў святарства, я ніколі не спазнаваў такога стаўлення да Бога, ніколі не праходзіў праз «змрочны тунэль» і не перажываў «ночы веры»... Я не бяруся ацэньваць адсутнасць вышэйзгаданых з’яваў на маім шляху веры... Я проста вельмі ўдзячны Богу за шчаслівы ўнутраны спакой у маёй душы ў такой важнай справе як вера ў Яго і маю толькі маленькую просьбу да Бога: «І да старасці не пакінь мяне, Божа» (пар. Пс. 70, 18).
— Няўжо нават у ГУЛАГу, у тых нялюдскіх цяжкіх умовах, ніколі не ўзнікала, як у старазапаветнага Ёва, пытанне: «За што мне гэтае цярпенне?» Няўжо не ўзнікала жадання паспрачацца з Богам ці хоць бы паскардзіцца, сказаць Богу, як прарок Ерамія: «Ведай, што дзеля Цябе цярплю прыніжэнне»?
— Калі я, ужо зняволены, ляжаў у Оршы хворы на дызентэрыю... пад галавою ў мяне быў маленькі клуначак... Я думаў: «Пане Божа... Так, жыццё павінна скончыцца... Але чаму тут, у гэтай Оршы?.. Ніхто нават не будзе ведаць, дзе той пружанскі ксёндз памёр...» Уявіце сабе, раптам у гэты ж момант я чую, як хтосьці ходзіць сярод хворых і пытаецца: «У кого есть простыня?..» У Пружанах, на плябаніі, калі мяне другі раз забіралі, сястра ксяндза пробашча збірала мяне ў дарогу і дала з сабою добрыя выпрасаваныя прасціны... Я яшчэ абураўся: «Навошта яны? Мяне ж адпраўляюць у вязніцу...» А кадэбіст, які прысутнічаў пры гэтым, кажа (відаць, Божы Провід ім так скіраваў): «Да бери, пригодится». І вось там, у Оршы, у мяне ўсё прапала, а пад галавою ў клуначку была толькі адна прасціна. Божы Провід умее жартаваць напоўніцу... Чалавек, які шукаў прасціну, быў доктарам. Ён паглядзеў, спытаў маё імя, прозвішча, імя па бацьку... Мяне вынеслі з тым клуначкам... Бачу — стаіць той доктар у белым халаце і кажа: «Это я ищу себе простыню». Я не мог сам стаяць і мяне трымалі за рукі, а калі адпусцілі, то я ўпаў і пачуў голас: «Врачи, посмотрите... Живой труп... Покажите вашу простыню...» Гэты доктар зрабіў мне ўколы для падтрымкі і сказаў: «Будете жить». Ён нават даў мне 60 рублёў за тую прасціну...
І няхай мне цяпер хто-небудзь скажа, што не трэба верыць у Божы Провід! Па-першае, чаму той кадэбіст мне сказаў: «Да бери, пригодится»? Па-другое, чаму акурат у тую камеру, дзе быў я, увайшлі шукаць прасціну і акурат у мяне знайшлі яе? І чаму ў мяне ўсё ўкралі, а засталася толькі адна прасціна? Хто гэтым кіраваў? Хто рэжысіраваў?..
— Усё Той жа Вялікі Рэжысёр!..
— Менавіта. Дык якія тут могуць быць скаргі і спрэчкі з Богам?
— Святы Францішак калісьці сказаў, што «любоў нелюбімая ў гэтым свеце». А святы Максімільян Марыя Кольбэ гаварыў, што Хрыстус не толькі хацеў нас збавіць, але і хацеў паказаць нам «бязмежнасць сваёй любові». Аднак чаму да сённяшняга дня любоў застаецца такою нелюбімаю і нават непатрэбнаю гэтаму свету?
— «І мы пазналі, і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог. Бог ёсць любоў» (1 Ян 4, 16) — гэта галоўная аксіёма нашай хрысціянскай веры, асноўны змест Добрай Навіны — Евангелля Хрыста. У сучасным свеце, напоўненым эгаізмам, злосцю, нянавісцю, матэрыяльным разлікам, ужо не стае месца для сапраўднай любові, а значыць і для дабрыні, сардэчнасці, зычлівасці, згоды, міласэрнасці... Сумныя словы святога Францішка пра тое, што «любоў нелюбімая ў гэтым свеце», на жаль, сёння асабліва актуальныя. Менавіта Касцёл, а ў ім святары павінны ўсё больш рупліва абвяшчаць і пашыраць цывілізацыю любові, якая чэрпаецца з Найсвяцейшага Сэрца Езуса, «палымнеючага вогнішча міласці».
— У сакавіку гэтага года мінула 25 гадоў з таго часу, калі Святы Айцец Ян Павел ІІ даручыў гэты свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Вядома, што Вы з’яўляецеся асаблівым шанавальнікам Марыі. Адкуль пачалася гэтая любоў да Маці Божай у Вашым жыцці?
— Любові да Маці Божай яшчэ ў дзяцінстве мяне навучыла мая мама. Потым гэтая любоў узмацнілася ў Марыянскай Садаліцыі, якая была створана ў 20–30-я гады мінулага стагоддзя, калі культ Маці Божай пачаў асабліва пашырацца...
— А якія былі Вашыя абавязкі як сябра Садаліцыі?
— Адзін раз на месяц прыступаць да споведзі і прымаць святую Камунію. І на працягу ўсяго жыцця штодзённа тры разы маліцца «Вітай, Марыя...» За няпоўныя 75 гадоў маёй прыналежнасці да Садаліцыі я хіба толькі несвядома прапусціў калі-небудзь гэтыя малітвы. <...> Культ Марыі — адна з галоўных рэлігійных практыкаў у маім духоўным жыцці. А наглядным знакам маёй любові да Маці Божай з’яўляецца выбраны мною дэвіз для біскупскага герба: «Маці Міласэрнасці»...
— Што б Вы хацелі, Эмінэнцыя, у свой юбілейны год і ў Год святарства пажадаць святарам, асабліва маладым?
— «Вось іду, каб выканаць волю Тваю» (Гбр 10, 7). Хачу падкрэсліць, што ў гэтым выказванні ўжыты цяперашні час. Святарскае пакліканне не можа быць толькі з’яваю мінулага, гэта пастаянны заклік, угрунтаваны ў глыбіннай сутнасці святарства, якое назаўсёды з’яднала мяне з Хрыстом. «Іду...» — гэта значыць — увесь час, ажно да смерці... «Sacerdos in aeternum». Святарства ахоплівае мяне цалкам, яно ахоплівае ўсё маё жыццё, усю маю дзейнасць — я ёсць «alter Christus». Кожны святар, «якога выбіраюць з людзей, прызначаны для людзей» (Гбр 5, 1). Я патрэбны людзям, і не на «паўстаўкі», як найміт. Калі час ад часу можа здавацца, што я не патрэбны, то гэта значыць, што я павінен даваць больш выразнае святарскае сведчанне, і толькі тады я пераканаюся, як моцна патрэбна свету гэтае святарскае сведчанне.
Сёння вернікам патрэбны святар, але іх давер узнікае і ўзрастае тады, калі яны бачаць, што яго асабістае жыццё адпавядае святарскаму служэнню.
Вось некаторыя разважанні, якія ўзнікаюць з нагоды 70-годдзя майго святарства і якімі я хацеў бы падзяліцца ў Год святарства з іншымі святарамі, з сваімі канфратрамі. Жадаю ім усім паўнаты ў ажыццяўленні Хрыстовага святарства на хвалу Божую, дзеля выканання місіі Касцёла і дзеля збаўлення чалавечых душаў.
— Вялікі дзякуй, Ваша Эмінэнцыя, за шчырую размову.
Размаўляла Крыстына Лялько