А. Раман служыць пробашчам у парафіі св. Казіміра і св. Ядвігі ў Магілёве
— Ойча Рамане, дзякуй Вам за шматгадовае супрацоўніцтва з нашымі выданнямі і за Вашую згоду на інтэрв’ю. Адчуваецца, што Вы — чалавек на сваім месцы і знайшлі сваё жыццёвае пакліканне. Падзяліцеся, калі ласка, досведам, як шукаць, як прыслухоўвацца да Божага голасу ў гэтай справе?
— Для пачатку распавяду пра адно здарэнне з майго юнацтва. Калі мне было прыблізна 13 гадоў, я часта хадзіў лавіць рыбу. Аднойчы я пайшоў на раку і доўга не мог нічога злавіць, здавалася, я так і вярнуся дамоў без рыбы. Тады ў маім сэрцы раптам з’явілася думка, з якою я звярнуўся да Пана Бога: «Калі я цяпер закіну вуду і злаўлю рыбу, пайду ў ордэн да францішканаў». І злавіў! Думаю, гэта было па-дзіцячы, несур’ёзна, але сведчыць пра тое, як уплывае на думкі і рашэнні чалавека асяродак, у якім ён расце. Я нарадзіўся ў мястэчку Асечна, дзе было каля 2 000 жыхароў. З пачатковай школы я служыў міністрантам пры кляштары францішканаў. Я не стаў францішканінам, але духоўнасць святога Францішка паўплывала на мяне, я дагэтуль памятаю спевы і антыфону да святога Антонія, якія гучалі падчас аўторкавых набажэнстваў, і мяне дагэтуль узрушаюць іх тэксты і мелодыі. Гэта немагчыма забыць: «Калі шукаеш цуду, ідзі да Антонія, ад яго ўсе ласкі атрымаеш…» Прыгожыя мелодыі і глыбокія тэксты, якія выконвалі таленавітыя маладыя арганісты з навіцыяў ордэну, надзвычай уражвалі нас, удзельнікаў літургіі. У францішканскім касцёле ў Асечна, прыгожа і аскетычна пабудаваным, з разнымі дубовымі алтарамі, спявалася шмат прыгожых эмацыйных твораў. Узгадваю рэфрэн гімна: «Вось Бог наш, нашая песня, яна гучыць у сэрцы, як рог залаты. Браты! Узнясем жа штандары! Хто супраць нас, калі Бог з намі!». Увесь касцёл ахвотна спяваў, і я разам з усімі, гэта быў адзін з нашых улюбёных спеваў. Я лічу, што сустрэчы з братам Базылём, апекуном міністрантаў, айцом Блажэем, цудоўным прапаведнікам з добрым пачуццём гумару (людзі смяяліся і плакалі падчас яго казанняў), атмасфера сардэчнай малітвы і францішканскі дух «Pax et bonum», «Супакой і дабро» ў вялікай ступені паспрыялі фармацыі майго хлапечага сэрца і дапамаглі адкрыць сваё пакліканне.
Здымак з Першай святой Камуніі 21 мая, 50 гадоў таму. У гэты самы дзень 25 гадоў таму айцец Раман Шульц атрымаў святарскае пасвячэнне.
— Чым жа Вас прывабіў дамініканскі ордэн?
— У жыцці Пан Бог дае чалавеку знакі. Адным з такіх знакаў быў для мяне музычны інструмент, які тата даў мне ў рукі на пачатку навучання ў школе, сказаўшы: «Будзеш граць на кларнеце». Я з ахвотаю ўзяўся за справу. Пасля заканчэння школы ў Лешне, дзе я таксама атрымаў прафесію токара і ўзельнічаў у аркестры, я паехаў у Познань. Там я стаў вучыцца ў тэхнікуме на механіка і адначасова ў музычнай школе па класе кларнета. Апроч гэтага, мы вучыліся граць на фартэпіяна. Маёй настаўніцай была актыўная каталічка, звязаная з познаньскімі дамініканамі. Яна скіравала мяне ў душпастырства школьнікаў, якім займаўся тады яшчэ зусім малады дамініканін айцец Ян Гура ОР. Там я граў на гітары падчас Імшаў і на кларнеце, калі бывалі чуванні. Я памятаю, што, калі спавядаўся ў айца Яна, яго ўразіла мая рэлігійная неадукаванасць, і ён параіў мне чытаць рэлігійную літаратуру і клапаціцца пра сваё сумленне. Айцец Ян граў на кларнеце, як і я, гэта нас яднала, але размовы на іншыя тэмы не атрымліваліся. Але ён быў мудры душпастыр і ўважлівы чалавек. Разумеючы, што мне патрэбнае духоўнае кіраўніцтва, ён употай папрасіў аб гэтым іншага дамініканіна, айца Яна Спежа ОР, які падышоў да мяне ў душпастырстве, каб пазнаёміцца. Гэтая сустрэча прынесла бясцэнны плён: шмат гадоў споведзяў і размоваў. Я навучыўся ў айца Спежа, што пабожнасць і розум павінны заўжды ісці ў пары.
Фота Вольгі Мускай
У Познані я пазнаёміўся і з іншымі дамініканамі: айцом Тамашам Алексіевічам і айцом Тамашам Паўлоўскім. Як шмат мог бы я распавесці пра гэта! Я моцна захацеў стаць дамініканінам, бо гэтыя айцы і на амбоне, і ў жыцці былі вельмі нармальнымі — не магу знайсці іншага слова. Яны так непасрэдна і адкрыта дзяліліся Божым словам, што іх хацелася слухаць. Такім чынам, дзякуючы музыцы і сустрэчы з настаўніцай фартэпіяна я пазнаёміўся з цудоўнымі дамініканамі, і гэтае знаёмства захапіла мяне і пэўным чынам натхніла стаць дамініканінам.
— Што Вы лічыце галоўным у святарскім служэнні, абапіраючыся на 25-гадовы досвед?
— Я шчыра ўпэўнены, што менавіта абвяшчэнне Божага слова (без гэтага харызмату ніхто не становіцца дамініканінам) натхніла мяне ў святарстве і захапляе дагэтуль. Але з самага пачатку і да сённяшняга дня гэта не толькі самарэалізацыя і радасць, а яшчэ цяжкая праца і неспакой. Гэта творчы неспакой, які накіроўвае маё сэрца да Духа Святога, каб Ён адарыў мяне ласкаю прапаведавання. Нягледзячы на тое, што я рыхтуюся да казанняў і канферэнцый, ува мне застаецца няўпэўненасць, і я прашу Пана аб дапамозе: «Без Цябе я нічога не магу зрабіць». Чым даўжэй я абвяшчаю Божае слова, тым больш упэўніваюся, што без засяроджанай малітвы і без духоўнага чытання я не змагу даць вернікам тое, што праз мяне жадае ім даць Пан Езус.
— Што самае прыемнае для Вас у Вашым служэнні, што прыносіць найбольш радасці?
— Прыемнае заўсёды звязана з пэўнымі высілкамі. Напрыклад, калі я раз на месяц пішу разважанне над Евангеллем для інтэрнэт-старонкі часопіса «Ave Maria» або артыкул для магілёўскага штотыднёвіка «Чацвер», то адчуваю цяжар і напружанне, якія мінаюць толькі тады, калі тэкст скончаны. Калісьці, праз некалькі месяцаў пасля святарскага пасвячэння, мой прыёр ва Уроцлаве, айцец Андрэй Канопка ОР, паслаў мяне на рэкалекцыі для моладзі ў катэдральным касцёле ў Камені Паморскім, і я быў перакананы, што ён памыліўся, паслаўшы маладога недасведчанага дамініканіна (я стаў святаром у 35 гадоў) праводзіць рэкалекцыі для моладзі на працягу некалькіх дзён. Мяне ахапіў вялікі страх. Але, падзяліўшыся з прыёрам сваімі сумненнямі, я згадзіўся на заданне, якое нашмат перавышала мае магчымасці, і ў напружанні, увесь дрыжучы, стаў прасіць усіх знаёмых маліцца за мяне ў інтэнцыях правядзення тых рэкалекцый. Я прасіў знаёмых законніц, у тым ліку дамініканак, сваю сям’ю, айцоў дамініканаў, парафіянаў. Іх падтрымка мяне суцяшала. Нарэшце, падрыхтаваўшы канферэнцыі, я прыехаў на месца і падчас першай святой Імшы, дзе моладзь так неспадзявана і міла выконвала дамініканскія спевы, мяне падчас чытання Евангелля настолькі ўзрушыла нейкае слова, што я натхніўся ім і замест падрыхтаванага сказаў зусім іншае казанне. Гэта была мая першая незвычайная прапаведніцкая прыгода. Я лічу, што гэта стала плёнам малітвы многіх людзей і адкрыла для мяне праўду, што, калі давяраць свае справы Богу, Ён падтрымлівае нас сваёю ласкаю. Яшчэ з тых далёкіх рэкалекцый я памятаю, якім вялікім рэхам канферэнцый гучалі ў канфесіянале споведзі — Бог дзейнічаў! Я адкрыў для сябе яшчэ адну праўду: «Хто ў слязах сеяў, жаць будзе з радасцю». Гэтак жа цяжка было, калі я ехаў праводзіць свае першыя рэкалекцыі для законніц з навіцыяту сясцёр назарэтанак у Чэнстахове. Якія былі пачуцці! Наколькі гэта было больш за мае магчымасці! Я зноў прасіў аб малітве ўсіх, каго сустракаў. Мне не забыць, што сказала тады сястра Фебронія, вельмі малітоўная старая дамініканка, жадаючы мяне суцешыць: «Ойча, не перажывайце, не важна, што гаворыць прапаведнік, рэкалекцыі і так будуць удалыя». Гэта вельмі ўмацавала мяне. Сястра Фебронія заўжды мела словы надзеі для мяне, маладога святара.
У пілігрымцы да Сант’яга дэ Кампастэла
Мушу сказаць і аб радасці, якою напаўняе мяне служэнне спаведніка. І гэтая радасць таксама звязаная з цяжкаю працаю і адказнасцю. З аднаго боку, цудоўна, што ў мяне ёсць магчымасць выконваць гэтае служэнне — некалі я мог з вялікаю ахвотаю і радасцю на працягу дзесяці гадзінаў без перапынку спавядаць законніц, але адначасова я ўсведамляю, што майго асабістага духоўнага досведу бывае недастаткова. Споведзь часта спалучаецца з духоўным кіраўніцтвам, і таму неабходна духоўна развівацца: чытаць і маліцца. Я памятаю, што святы Ян Павел ІІ сказаў спаведнікам рымскіх базылік: «Каб добра спавядаць, трэба ведаць, чаму вучылі настаўнікі Касцёла». Гэтыя словы далі мне смеласць і паказалі, у якім кірунку трэба развівацца. У мяне атрымалася «пасябраваць» са святой Тэрэзай ад Езуса. Я прачытаў усе яе творы, не толькі для таго, каб напісаць сваю працу «Аб патрабаваннях, якія ставіць святая Тэрэза перад духоўным кіраўніком», а найперш, каб вучыцца ў яе, чэрпаць з яе мудрасці і духоўнага досведу. Я дагэтуль у сваіх казаннях і канферэнцыях дзялюся з людзьмі яе думкамі. Адзін з першых генералаў нашага ордэну напісаў, што калі дамініканін пачуе або прачытае нейкі прыклад, які ўзрушыць яго, то мусіць запомніць яго і расказаць іншым. Адкрываць Божую мудрасць у іншых і дзяліцца гэтаю мудрасцю — вось сапраўдная радасць для мяне!
— У казаннях Вы часта гаворыце пра Ружанцовую малітву, практыку Марыйных набажэнстваў. Якое месца для Вас займае Маці Божая, як Вы адчуваеце Яе падтрымку?
— Яшчэ не стаўшы дамініканінам, я два гады вучыўся ў Слупску, у педагагічным універсітэце на музычным факультэце. Гэта быў час духоўнага пошуку. Тады я чытаў цудоўную кнігу Томаса Мэртана «Ніхто не ёсць адзінокаю выспаю» і яшчэ — кранальны твор Зоф’і Віноўскай «Права на міласэрнасць». Таксама я часта чытаў маленькую кішэнную Біблію, якую заўжды насіў з сабою. Вельмі важным месцам для мяне быў касцёл пастаяннай Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, дзе працавалі сёстры кларыскі, дзе я меў важныя размовы з адною сястрою, а яна малілася за мяне. Думаю, што яна выпрасіла для мяне шмат ласкаў і паўдзельнічала ў маім жыццёвым выбары. Тады я таксама разважаў над жыццём святога Максімільяна Кольбэ: падчас вучобы ў Рыме ён стаў сведкам працэсій масонаў па вуліцах горада і бачыў на іх штандарах выяву д’ябла, які топча святога арханёла Міхала. Яго гэта так уразіла, што ён вырашыў прысвяціць сваё жыццё Богу. Разважаючы над гэтым, я падумаў, што таксама магу аддаць сваю душу Богу і служыць Яму. Ідучы да касцёла кларысак, я сустрэў старога парафіяніна, які разам з групаю людзей у першыя суботы месяца маліўся тры часткі ружанца ў тым касцёле. Я падышоў да яго і падзяліўся сваім запалам і жаданнем аддаць душу Пану Богу па прыкладзе святога Максімільяна. Стары ўзяў мяне з сабою дамоў і там падараваў мне маленькую блакітную кніжачку. Гэта быў «Трактат аб дасканалым ушанаванні Найсвяцейшай Панны Марыі» святога Людовіка Грыньёна дэ Манфора. Я быў надзвычай уражаны гэтым падарункам. Я пачаў чытаць кнігу і падкрэсліваць тое, што мяне ўзрушала, а праз нейкі час стаў адкрываць важнасць ролі Панны Марыі на шляху нашага паяднання з Езусам. Апроч іншых, мяне ўразілі наступныя словы святога Людовіка, якія я вывучыў на памяць: «Калі гэта магчыма і залежыць ад цябе, імкніся штодня маліцца цэлы Ружанец, і ў хвіліну смерці ты падзякуеш Богу за хвіліну, калі паверыў мне». Я паверыў святому Людовіку, і там, у Слупску, пачалася мая прыгода з Ружанцам, якая доўжыцца і дагэтуль. На пачатку гэтага года я вырашыў маліцца за ўсіх унукаў маёй мамы Пампейскую навэнну — а ўсяго іх дваццаць. Гэта патрэбная, але нялёгкая справа. Я веру, што з Божаю дапамогаю спраўлюся. Увесь Ружанец штодня? Усё магчыма для таго, хто верыць. Я вельмі рэкамендую!
Падчас Ружанцовага кангрэсу ў Магілёве. Фота Валянціны Аўсянікавай
— Што натхніла Вас на ідэю правядзення Ружанцовых кангрэсаў? У чым Вы бачыце мэту і перспектывы гэтай працы?
— Два гады таму, у жніўні 2017 года, я на працягу некалькіх дзён праводзіў рэкалекцыі для сясцёр назарэтанак. Адну канферэнцыю я прысвяціў Ружанцовай малітве. Апроч іншага, я тады гаварыў, што Ружанец — біблійная малітва, і што можна чытаць яе, дапаўняючы біблійнымі тэкстамі, якія паказваюць сутнасць, душу Ружанца. Некаторыя законніцы пачулі пра гэта ўпершыню і вельмі захапіліся, для іх гэта стала важным адкрыццём. Менавіта падчас гэтых рэкалекцый у мяне з’явілася думка распавесці нашым вернікам пра гэты малітоўны метад і арганізаваць у Магілёве Ружанцовы кангрэс. На наступны дзень я расказаў пра ідэю назарэтанкам і папрасіў маліцца ў гэтай інтэнцыі! Адважным належыць свет! Далей справа пайшла з бліскавічнай хуткасцю. Біскупы і мае браты дамінікане прынялі ідэю правядзення кангрэса ў магілёўскай катэдры, вялікую дапамогу нам аказалі выдавецтва «Про Хрысто» і часопіс «Ave Maria». Мы знайшлі грошы на выданне кнігі з ружанцовымі разважаннямі ў дапаўненне да малітвы аўтарства ксяндза Марка Дзявецкага, які даў згоду на пераклад і выданне. З магілёўскімі парафіянамі мы запісалі на CD чатыры часткі Ружанца паводле гэтага метаду. Быў падрыхтаваны фільм пра Ружанцовую малітву. На дзіва, прыняць удзел у кангрэсе прыехала больш за 200 чалавек, і нам удалося ўсіх размясціць і накарміць, што здавалася немагчымым. Толькі пасля кангрэса мы зразумелі, што гэта справа Божай Маці і таму яе неабходна працягваць.
Калі гаварыць пра мэту кангрэсаў, скажу адно: толькі завяршыўшы другі кангрэс, мы ўжо пачалі рыхтаваць трэці, і я глыбока перакананы, што людзі, якія любяць Ружанец, — гэта духоўная эліта Беларусі. Святы папа Ян Павел ІІ у лісце «Rosarium Virginis Mariae», прысвечаным Ружанцу, менавіта дамініканам даручыў распаўсюджваць гэтую малітву. Таму відавочна, што мы слухаем парады святога Папы і кангрэсы ў Магілёве — гэта магчымасць для людзей, якія моляцца на ружанцы, атрымліваць добрую духоўную і інтэлектуальную фармацыю.
— Вы — прафесійны музыкант, нават пішаце песні. Якое месца ў Вашым жыцці цяпер займае музыка, якая пераплялася з Вашым пакліканнем?
— Музыка навучыла мяне сістэматычнасці і руплівасці ў працы. Каб развівацца ў музыцы і лепш граць на кларнеце, мне трэба было шмат практыкавацца, і я штодня граў каля гадзіны з паловаю. Бог даў мне такую ахвоту ў навучанні. У родным доме я часта закрываўся ў ванным пакоі і практыкаваўся. Суседзі гаварылі, што чуюць, як я граю гамы, эцюды і канцэрты, і ім падабалася. Музыка навучыла мяне працаваць у калектыве. Граючы ў аркестры або спяваючы ў хоры, неабходна слухаць іншых і падпарадкоўвацца дырыжору. Уменне слухаць іншага чалавека вельмі важнае ў жыцці. Я шмат гадоў вучыўся супрацоўніцтву, граючы з татам і двума братамі на вяселлях і вечарынах. Гэта была вельмі цяжкая праца: часам мы гралі па 14 гадзінаў на дзень, і нас шмат куды запрашалі, бо, апроч іншага, нашая музычная група не піла алкаголю. Часам пасля цэлай ночы працы я прачынаўся ад таго, што ўсё цела баліць. Папрацаваўшы на вяселлі, у нядзелі мы спалі да паўдня, а ўвечары ішлі на святую Імшу. Гэта быў вельмі добры досвед і вялікая фінансавая падтрымка для шматдзетнай сям’і: нас шасцёра дзяцей, а працаваў толькі тата. Я ніколі не забуду калядныя канцэрты ва ўніверсітэце Адама Міцкевіча ў Познані, дзе я скончыў музычную школу і Акадэмію музыкі да таго, як стаў дамініканінам. Тады я вельмі любіў наведваць сімфанічныя канцэрты, а ў перыяд Божага Нараджэння «калядаваў» рэктар Акадэміі, прафесар Стэфан Стулігрош разам са сваім сусветна вядомым хорам хлопчыкаў «Познаньскія салавейкі». Гэта было ў 80-я гады, зала філармоніі была перапоўненая, а прафесар Стулігрош паміж выкананнямі калядак гаварыў пра дар зачатага жыцця, якое адважна бараніў публічна. Сведчанне веры гэтага вядомага хармейстра вельмі ўразіла мяне і выклікала вялікую пашану. Праз некалькі гадоў я быў пробашчам у парафіі Карбелюва, але сам не вёў заняткі па рэлігіі з дзецьмі, гэтым займалася свецкая катэхетка, а я вучыў дзяцей пачатковых класаў музыцы. Пра гэта папрасіла мяне дырэктар школы, бо ў ваколіцах не было нікога з музычнай адукацыяй. Правінцыял ордэну даў згоду, і я навучыў дзяцей граць на флейтах. Мы стварылі вялікі флейтавы аркестр, які граў на святых Імшах для дзяцей. Гэта быў вельмі натхняльны досвед, я лепш пазнаў настаўнікаў і вучняў. Сёння, шчыра кажучы, я ўжо музыкант без практыкі. Але я вельмі ўдзячны Пану Богу за шматгадовую музычную прыгоду, знаёмства з цудоўнымі музычнымі творамі, знакамітымі кампазітарамі і выканаўцамі і за сваіх педагогаў. Гэта была бясцэнная школа выхавання, культуры і жыцця, якую нічым немагчыма замяніць.
Ігра на кларнеце
— Што яшчэ захапляе Вас, якія хобі Вы маеце?
— Чым старэйшым я станаўлюся (у гэтым годзе мне спаўняецца 60), тым больш я люблю чытаць. Мяне захапіў сваім прыкладам мой брат у ордэне, з якім мы разам працуем у Магілёве, айцец Павел Мажэйка ОР, які ўмее выкарыстоўваць свой час творча. Цяпер я чытаю адразу некалькі кнігаў, але больш за ўсё мне падабаецца «Артадоксія» Гілберта Кіта Чэстэртана. Я ў захапленні ад генія і пачуцця гумару гэта вядомага англійскага пісьменніка, які ў свой час навярнуўся ў каталіцтва, і, чытаючы, я часта смяюся з уласнага няведання многіх рэчаў і з таго, што ёсць урыўкі, якіх я зусім не разумею, — Чэстэртан быў сапраўды геніем. Не дарастаць некаму нават да пятаў таксама можа быць прычынаю радасці! Яшчэ мне вельмі падабаецца шпацыраваць з ружанцам, і я радуюся, што мой галандскі ровар, якому ўжо больш за 20 гадоў, усё яшчэ мне служыць. Я вельмі люблю катацца на ровары, а яшчэ люблю кіраваць машынаю, асабліва тады, калі мы з парафіянамі ездзім у пілігрымкі. Дзякуй Вам за гэтую размову. Успаміны, якімі я падзяліўся з чытачамі, зноў абудзілі ў маім сэрцы ўдзячнасць Божаму Провіду за сцежкі, якімі вёў мяне Бог, за маю сям’ю і за цудоўных людзей, якіх ён ставіў і цяпер ставіць на шляху майго жыцця. Я давяраюся малітве чытачоў і прашу, калі гэта магчыма, у маі адзін раз прыняць у маёй інтэнцыі святую Камунію ва ўдзячнасць за мой удзел у святарстве Хрыста на працягу 25-ці гадоў, і каб я меў Божую ласку быць верным у сваім пакліканні да самага канца. Няхай Бог вам аддзячыць!
— Ойча, дзякуй вялікі за шчырую размову. Мы, супрацоўнікі часопісаў «Наша вера» і «Ave Maria» і выдавецтва «Про Хрысто» сардэчна віншуем Вас з юбілеем і абяцаем Вам сваю малітву.
Размаўляла Юлія Шэдзько
Фота на вокладцы Валянціны Аўсянікавай