6 студзеня споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага ксяндза Адама Вінцэнтавіча Станкевіча, нараджэнца вёскі Арляняты Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці. Ён быў асуджаны па арт. 58 КК РСФСР на 25 гадоў пазбаўлення волі і сасланы ў Азёрлаг Тайшэцкага раёна Іркуцкай вобласці, куды быў этапаваны 31 жніўня 1949 года. Але праз тры месяцы Адама Станкевіча не стала. Ён памёр 4 снежня 1949 г. ад «атлусцення сэрца» (які цынізм, здзек і абраза!). Быў пахаваны на могілках Азёрлагу каля вёскі Шаўчэнка Тайшэцкага раёна.
З Азёрлагам трагічна звязаны лёс многіх паэтаў, пісьменнікаў, вучоных, артыстаў, савецкіх разведчыкаў і военачальнікаў, рэлігійных дзеячаў. У Азёрлагу знаходзіліся асуджаныя па арт. 58 КК РСФСР (палітычныя зняволеныя) ваеннапалонныя японцы, немцы, палякі, афіцэры прыбалтыйскіх дзяржаваў, члены нацыяналістычных узброеных фармаванняў Украіны і Прыбалтыкі, салдаты арміі Уласава, вязні нямецкіх канцлагераў, рускія, якія эмігравалі ў гады грамадзянскай вайны ў Маньчжурыю, замежныя грамадзяне, абвінавачаныя ў злачынствах супраць СССР...
Складаўся Азёрлаг з дзясяткаў лагпунктау. Асноўнай адзінкай лагернага комплексу з’яўлялася лагернае аддзяленне — комплекс баракаў, у якіх знаходзілася ад 800 да 1200 зняволеных. Але што такое зрабіў Адам Станкевіч, каб апынуцца ў Азёрлагу? Ён заклікаў да талерантнасці: «Беларусам — католікам і праваслаўным, няма чаго дзяліць. Мы адзінародныя браты з адной гісторыяй і адною доляй. Толькі дружна і толькі супольнымі намаганнямі мы можам дабіцца свабоднага жыцця». Ён нават быў абвінавачаны ў супрацоўніцтве з японскай разведкай. Абвінавачаны не ў нацыяналізме ці рэлігійнай прапагандзе, а ў шпіянажы на карысць Японіі! (Калі ты і не вінаваты, прымусім быць вінаватым! Якая хлусня, які цынічны падман!) Захаваліся ўспаміны сведкі смерці ксяндза Адама Станкевіча, вязня Азёрлагу Віктара Сікоры: «Самы мой жудасны ўспамін з Тайшэтлагу — гэта пахаванне ксяндза Адама Станкевіча. Памятаю, як прыйшлі літоўцы і кажуць: «Ксёндз у нас памірае, як бы вады знайсці». А ў нас там вады не было. Дык вось, просяць літоўцы вады. «А адкуль ён?» — пытаюся. «З Вільні», — адказваюць. Я прынёс снегу, растапіў яго, і яны панеслі ваду. Пасля літоўцы зноў прыходзяць. Я кажу: «А вы скажыце, прозвішча ксяндза не Станкевіч?» «Стакевічус Адомас», — адказваюць яны. Распытаў, у якім бараку ён ляжыць, пабёг туды, а Станкевіч ужо мёртвы. Яго цяжка было пазнаць…». Як у нямецкіх, так і ў савецкіх лагерах існавала жудасная практыка — нябожчыкам разбівалі галаву і прабівалі грудзі, каб часам хто не збіраўся ўцячы пад выглядам памерлага. Віктар Сікора бачыў на свае вочы, як гэта зрабілі з ксяндзом Адамам Станкевічам...
Вось што паведамілі дырэктар Тайшэцкага раённага краязнаўчага музея Булыгін Георгій Уладзіміравіч і галоўны захавальнік фондаў Вольга Папова. Цяпер Азёрлаг — гэта месца вечнага адпачынку вязняў Гулагу. Амаль уся тэрыторыя зарасла лесам і кустоўем. Захаваліся некаторыя месцы пахаванняў, баракі, сведкі былой трагедыі, але мясцовыя жыхары — заядлыя грыбнікі — прыходзяць у зараснікі па «ўраджай» (гэта нічога, што ў пасёлку Тапарок знаходзяцца могілкі!). На іх, дарэчы, часта прыязджаюць японцы і палякі. Японцы выкопваюць астанкі сваіх суайчыннікау і хаваюць у агульнай магіле. Прыязджаюць латышы, якія аднаўляюць магілы, нягледзячы на хмызнякі і зараснікі! Толькі беларусы ніколі не прыязджалі ў Азёрлаг… Знаходзяць на пахаваннях і крыжыкі, і амулеты, іншыя прадметы. Але ў фонды музея нічога з гэтага не трапляе. У музеі захаваліся прадметы з Азёрлагу — кілаграмовая гіра з надпісам «НКВДРМЗ» (РМЗ — завод па рамонце машын у Тайшэце) ды біклажка японскага салдата з іерогліфамі...
Але маю надзею, што калі-небудзь паеду ў Тайшэт і адшукаю магілу Адама Станкевіча каля вёскі Шаўчэнка...
Былы галоўны захавальнік фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі
Ніна Іванаўна Ляшчонак.