Навукоўцы высветлілі, што ёсць 13 вітамінаў, якія наш арганізм не можа выпрацоўваць сам. Трэба ведаць пра іх, каб паклапаціцца пра адпаведную ежу. Пра функцыі гэтых вітамінаў і пра тое, у якой гародніне іх найбольш, карысна ведаць усім.
Вітамін А — бэта-карацін — уплывае на рост чалавека, умацоўвае зрок, паляпшае стан скуры, садзейнічае прадухіленню інфекцыйных захворванняў. Пры недахопе гэтага вітаміну развіваецца авітаміноз, скура становіцца сухою, шэраю, пачынаюць выпадаць валасы, можа ўзнікнуць «курыная слепата», часта ўзнікае кан’юкты-віт, з’яўляецца перхаць, павышаная адчувальнасць зубной эмалі.
На гэты вітамін багатыя брокалі, морква, памідоры, капуста, брусэльская капуста, кабачкі, цыкорый, шпінат, салата, шчаўе, пятрушка, дзьмухавец (маладая расліна), зялёны гарошак, гарбуз, соя. Аднак штодзённа трэба ўжываць алей ці сметанковае масла, бо адсутнасць у нашым харчаванні тлушчаў запавольвае засваенне караціну. У «чыстым выглядзе» вітамін А знаходзіцца ў рыбіным тлушчы, вантробе, сметанковым масле, яечным жаўтку, тлустых гатунках рыбы, сырах.
Вітаміны B1, B2, B3, B6 адказваюць за правільнае функцыянаванне нервовай сістэмы і мышцаў. Іх наш арганізм атрымае, калі мы будзем ужы-ваць баклажаны, шпінат, фасолю, салату, сачавіцу, шчаўе, лісце і дзьмухавец, гарошак, бульбу, сою, памідоры.
Вітамін B9 карысны для чырвоных крывяных цельцаў: спрыяе іх выпрацоўцы, росту і абнаўленню; аблягчае засваяльнасць бялку. Спаржа, брокалі, капуста, шпінат, стручковая фасоля, салата, бульба, цыбуля-парэй дапамогуць пры дэфіцыце гэтага вітаміну.
Вітамін C умацоўвае імунітэт, дапамагае змагацца са стомай, аблягчае засваяльнасць жалеза. Калі ў арганізме недастаткова гэтага вітаміну, то парушаюцца важныя жыццёвыя працэсы. Чалавек хутка стамляецца, зніжаецца супраціўляльнасць арганізма да інфекцый, з’яўляецца кроватачывасць дзяснаў, боль у суставах.
Ужываючы сельдэрэй, брокалі, брусэльскую капусту, квяцістую капусту, шчаўе, цыкорый, шпінат, салату, рэпу, пятрушку, дзьмухавец, салодкі перац, радыску, памідоры, вы дапаможаце свайму арганізму добра функцыянаваць. Нагадаем, што самыя багатыя на вітамін С чорныя парэчкі, шыпшына, розныя ягады. І яшчэ: прадукты, багатыя на вітамін С, рэкамендуецца ўжываць у сырым выглядзе, бо падчас тэрмічнай апрацоўкі аскарбінавая кіслата губляе свае ўласцівасці. Нельга іх і доўга вымочваць. Да таго ж, наш арганізм не здольны ні выпрацоўваць, ні назапашваць вітамін С, таму яго трэба ўжываць штодзённа.
Вітамін D умацоўвае касцявую сістэму (дапамагае арганізму засвойваць кальцый), прадухіляе рахіт у дзяцей і паляпшае імунітэт. У дарослым арганізме вітамін D прадухіляе размякчэнне і крохкасць касцей, а таксама затрымлівае ў арганізме фосфар і кальцый. Вітамін D выпрацоўваецца ў арганізме пад уздзеяннем сонечных праменняў, раствараецца толькі ў тлушчах, а яго самаю багатаю крыніцаю з’яўляецца рыбін тлушч. Ён знаходзіцца таксама ў сметанковым масле, тлустых сырах, малацэ, селядцы, сардзінах, ласосі і яйках.
У раслінных прадуктах вітаміну D няшмат, таму трэба пра гэта памятаць асабліва тым, хто прытрымліваецца вегетарыянства. Аўсянка, бульба, пятрушка, а таксама шампіньёны і некаторыя расліны — люцэрна, зеляніна дзьмухаўца, крапіва і хвошч — маюць невялікую колькасць гэтага карыснага вітаміну.
Вітамін E ахоўвае клеткі ад свабодных радыкалаў, станоўча ўплывае на многія тканкі арганізма і абменныя працэсы. Ён прадухіляе ўзнікненне тромбаў, садзейнічае загойванню скуры і змяншае рызыку ўтварэння рубцоў. Гэты вітамін ёсць у некаторых тлушчах і алеі (сметанковым масле і сланечнікавым алеі), малацэ, яйках, вантробе, мясе. На вітамін Е багатыя спаржа, салата, шпінат, фасоля, соя, парасткі пшаніцы.
Вітамін H уваходзіць у склад ферментаў, якія рэгулююць бялковы і тлушчавы абмен, валодае высокай актыўнасцю, а таксама ўдзельнічае ў сінтэзе фермента, які рэгулюе абмен цукраў. Дзякуючы гэтаму вітаміну паляпшаецца згусальнасць крыві, запавольваецца сівенне валасоў і аблысенне. Ёсць гэты вітамін (у малой колькасці) у розных прадуктах, але найбольш яго ў вантробе, нырках, дражджах, бабовых (соя), квяцістай капусце, арэхах (арахіс). Менш яго ў грыбах, памідорах, шпінаце.
Вітамін K належыць да групы вітамінаў, неабходных для сінтэзу бялкоў. Адыгрывае важную ролю ў абмене рэчываў у касцях і злучальнай тканцы, а таксама ў нармальнай функцыі нырак.
Удзельнічае ў нармалізацыі згусальнасці крыві, супрацьдзейнічае астэахандрозу. Знайсці гэты вітамін можна ў соевым алеі, арэхах, вантробе. Ёсць ён і ў некаторых раслінах — брокалі, моркве, капусце, квяцістай капусце, стручковай фасолі, салаце, бульбе.Вітамін P. Адсутнасць гэтага вітаміну вядзе да парушэння дзейнасці стрававальнага тракту, да з’яўлення запораў, дыярэі, галаўнога болю і высыпцы на скуры. Вітамін Р змяншае кроватачывасць дзяснаў, мае антыалергічнае ўздзеянне. Самай багатай крыніцай вітаміна Р з’яўляюцца дрожджы. Ёсць ён у капусце, памідорах, салаце, шпінаце, бульбе.
Аднак трэба памятаць, што, напрыклад, вітаміны групы В, якія паступаюць з ежай у наш арганізм, разбураюцца, калі адначасова ўжываць алкаголь, нікацін, каву ці рафінаваны цукар. Таму часта ў тых, хто паліць цыгарэты або злоўжывае каваю, назіраецца дэфіцыт гэтых вітамінаў. Гэта праяўляецца ўпадкам сіл, дрэннай канцэнтрацыяй увагі, дрэннай памяццю, рассеяннасцю, плаксівасцю. Часта таксама бывае паколванне ў кончыках пальцаў рук і ног, узнікае пачуццё іх анямення, «поўзанне мурашоў», развіваюцца запоры, з-за брадзільных працэсаў вурчыць у жываце, церпіць таксама і сэрца.
Таму хочацца пажадаць: харчуйцеся правільна, часцей бывайце на паветры, вядзіце здаровы лад жыцця — для душы і для цела. А Дзіцятка Езус няхай умацоўвае нашу веру, надзею і любоў і дапамагае ўсім нам развіваць сілу волі, каб мы мудра і беражліва карысталіся багатымі Божымі дарамі.
Благаслаўлёнага і здаровага вам 2013 года!