Пятнаццатая звычайная нядзеля, год С (14.07.213 г.)
«Адзін кніжнік устаў і, выпрабоўваючы Езуса, сказаў: Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае? Езус адказаў яму: У Законе што напісана? Як чытаеш? Той сказаў у адказ: Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім розумам тваім; і бліжняга свайго, як самога сябе. Езус сказаў яму: Слушна ты адказаў. Так рабі і будзеш жыць. Але той, жадаючы апраўдацца, сказаў Езусу: А хто мой бліжні? Адказваючы на гэта, Езус сказаў: Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога. Выпадкова нейкі святар ішоў тою дарогаю і, убачыўшы яго, прайшоў міма. Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма. А нейкі самаранін, праязджаючы, знайшоў яго і, убачыўшы, злітаваўся. Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. Пасадзіў яго на свайго асла, прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім. А на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: Паклапаціся аб ім. А калі патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся. Хто з гэтых трох, на тваю думку, быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў? Ён сказаў: Той, хто паступіў з ім міласэрна. Тады Езус сказаў яму: Ідзі і ты рабі так сама» (Лк 10, 25–37).
Крыху практычнай тэалогіі
Гэта парадокс, але тэалогія — на дзіва практычная навука. Парадокс — бо разважанні пра Бога і Божы закон здаюцца вельмі далёкімі ад штодзённага жыцця, а нашая пабожнасць часта замкнутая за надзейнымі мурамі касцёла або ранішняй малітвы. Калі ж дазволіць Духу Святому разарваць абалонку вакол нашых сэрцаў, мы ўстанем перад неабходнасцю перамяніць сваё жыццё, сваю штодзённасць, свае сэрцы.
У гэтым пераканаўся законнік, пра якога апявядае сённяшні ўрывак з Евангелля. Яго пытанне наконт таго, што трэба зрабіць, каб дасягнуць вечнага жыцця, было чыста тэарэтычным. Ён не шукаў у Езуса збаўлення, ён жадаў проста скласці ўласнае меркаванне пра Хрыста. Ён быў прафесіяналам, і пытанне, заданае Хрысту, было не пытаннем пра шлях, якім ісці, а… экзаменацыйным пытаннем.
Калі ж Езус у сваю чаргу задае пытанне кніжніку, той дае правільны адказ, назваўшы запаведзь любові да Бога і бліжняга, але для яго гэта толькі зачэпка для тэарэтычных развагаў: «“А хто мой бліжні?” — наконт гэтага ёсць мноства меркаванняў, мноства тэорый, варта даследаваць гэтую тэму”.
Езус жа не дае ўцягнуць Сябе ў гэтую дыскусію. Ён распавядае гісторыю пра добрага самараніна. Любоў і міласэрнасць не замкнутыя ў межах нацыянальнай або рэлігійнай прыналежнасці. Законнік згаджаецца з гэтым з цяжкасцю (ён не кажа, што бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў, з’яўляецца самаранін, але «той, хто паступіў з ім міласэрна»). Праўда аб тым, што Бог жадае быць праслаўлены нашай любоўю да чужынцаў і ворагаў — гэта рэвалюцыя ў ягоным мысленні датычна Бога і Божага закону.
Яшчэ Пан Езус дае параду: «Ідзі і ты рабі так сама», і гэтак сустрэча з Хрыстом «чыста дзеля знаёмства» становіцца заклікам перамяніць сваё жыццё.
Айцец Крыштаф Коц’ян ОР