Пробашчу касцёла Маці Божай Ружанцовай
у Солах айцу Леанарду Станкоўскаму
У дзень імянінаў
Як вецер вольны, рвуцца душы нашы,
для іх няма ні плоту, ні мяжы.
Мы ўсе авечкі на вялікай пашы,
кудысь бяжым – спрабуй усцеражы…
Здаецца, і трава тут неблагая,
ды скачам праз адведзены загон.
Уласны розум мала памагае,
не чуем ушчуванняў наўздагон.
Вось толькі дай нам вельмі многа волі,
калі у нашай галаве труха,
мы сапсуем усю траву на полі,
усё здратуем мы без пастуха.
Куды нам дзецца без яго паслугі,
адчуўшы шал, куды мы забрыдзём?..
Нам проста нельга без ягонай пугі,
без пастуха ушчэнт мы прападзём.
Што ні кажы – патрэбная апека!
Нам без аховы гойсаць не з рукі.
Было такое: болей за паўвека
нас пасвілі раней бальшавікі.
Былі наўкруг яны зімой і летам
і нас не адпускалі ні на крок.
Размахвалі не пугай – пісталетам,
без дай прычыны ўзводзячы курок.
Памкненні нашы гасячы варожа,
не даўшы ні вады, ні мурагоў…
О пашкадуй нас, міласэрны Божа,
не пасылай нам гэткіх пастухоў!
Каб не зблудзілі, што бывае часта,
каб не прапалі мы ў кустах нідзе,
няхай заўжды, штодзённа Божы пастыр
нас па зялёным выгане вядзе.
І хай ён будзе з пугай адмысловай,
якой махаць не трэба і круціць.
Бо гэта пуга – Божай праўды слова,
якое ў наша сэрца заляціць.
Каб уваскрэсла цёплае жаданне
змяніць кірунак, перайначыць лёс,
у нейкі момант разлюбіць блуканне
і раптам выйсці на святло нябёс.
…Каб весці людства наша да збаўлення,
патрэбны дар і незвычайны гарт.
Мы Вам жадаем моцы і натхнення
у дзень святочны, пастыр Леанард!
Мар’ян Дукса
6.11.2012 г.