Віншуем!

Рэдакцыя і чытачы часопіса «Ave Maria»

Як вымераць душу паэта?
Прысвячэнне Дануце Бічэль

Як вымераць душу паэта? Стосамі кніг —
Зацягнутых у карсетныя прынцыпы ладу,
Якія жывуць і выспяваюць у ім,
Нялічанымі паліцамі губляюцца за даляглядам,
А Бог праходзіць уздоўж, сціраючы срэбны пыл
З карэньчыкаў фаліянтаў і зорных плеядаў?
Як? Лакмусавай паперкай эксперыменту
Над ланцужкамі думак, якія сачацца
Мёдам і малаком, але часцей за ўсё
Ўсё-ткі слязьмі і потам, і нашатыром на ватцы?
Як? Пальцамі, сцертымі ў кроў ад перабірання
Золата словаў на вышуках ліхаманак?
Як? Выціснутым жыццём, наўпрост разданым,
Замест таго, каб ім гандляваць з прылаўка?
Мазаікай сэрца, па лустачках разабранага
На метафары і алегорыі, рыфмы і такты,
Добра падшытага, рассартаванага
Ў школьныя літаратурныя хрэстаматыі?
Колькасцю крокаў, пройдзеных, як па жэрдцы,
—  хісткай, негабляванай, з якой не збочыць, —
Аголена і адкрыта, проста ў дзверы свету,
Каб сказаць яму тую праўду, якой ён не хоча?

                                                              Юлія Шэдзько


Данута Бічэль


МАЛІТВА ПІЛІГРЫМАЎ

Мы — Твае дзеці, Твае пілігрымы,
мы ідзём шляхамі Тваімі,
ідзём святымі шыхтамі
ў таямнічым шаптанні —
днямі, начамі, з будучыні, з нябыту —
пад сонцам Вялікага Княства
Рэчы Паспалітай,
дзе патанаюць дарогі
ў засені нашых малітваў…
 
Брук цалуем на вулках Вільні,
слёзы — нібы Вілейка бруіцца…
Так спяшаемся памаліцца
да Тваёй галоўкі нахіленай,
да анёльскіх Тваіх завушніцаў…

Хто з крыжыкам хросту бярэ
Твой цудоўны абраз,
той з немаўляці належыць Табе, —
ён тут, паміж нас.

Хто на апошнім дыханні
спявае вяночак, літанію
ў касцёле святым, —
той вечны Твой пілігрым…

Хто да Бога ў руках мае пропуск —
Твой абразок папяровы,
той трапляе ў Ясноты Твае —
пілігрым ганаровы…

О сардэчная Маці, апякунка людзей,
прытулі сірацінаў — мы заўсёды ў бядзе…
Няхай нас у Доме Пана
абдыме салодкі сон.
Няхай над намі змілуецца
з Улоння Твайго Божы Сын.

                                                                                                                                                                                                                                                 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней