Памятаю, як аднойчы мяне, яшчэ зусім маладога святара, кс. кардынал запрасіў да сябе і падзяліўся: «Мне патрэбны выкладчык гамілетыкі ў семінарыю». Па тым, як часта ў размовах ён звяртаўся да тэмы семінарыі, было бачна, што клопат пра новыя пакліканні быў адным з галоўных пытанняў яго служэння Касцёлу на Беларусі. Вядома, слуга алтара, які на працягу столькіх гадоў разам з вернікамі адчуваў вялікі недахоп святароў, цяпер хацеў зрабіць усё, каб авечкі мелі пастыра. Ён дзяліўся сваімі думкамі, меркаваннямі, але ўмеў таксама падзяліцца з іншымі адказнасцю за падрыхтоўку новых святароў, хаця б праз тое, што з увагай выслухоўваў прапановы сваіх суразмоўцаў. У выніку, менавіта ад яго можна было «заразіцца» жаданнем зрабіць усё, каб аблічча адроджанага на нашай зямлі Касцёла заззяла Хрыстовай маладосцю. Калі ўспамінаеш, колькі ў гэтым чалавеку было энтузіязму, захаплення і сілы, каб рэалізаваць пастаўленыя мэты, думаеш пра тую крыніцу, адкуль ён іх чэрпаў… Нязломная вера, што загартавалася ў камеры смяротнікаў, а потым у снягах Сібіры, прыносіла шчодры плён у жыцці і дзейнасці гэтага звонку састарэлага, але такога маладога духам чалавека. Пры яго актыўнасці немагчыма было сядзець склаўшы рукі.
Вельмі цікава было слухаць з вуснаў кардынала пра нараджэнне паклікання ў сэрцы тады маладога хлопца: аповед пра яго семінарыйныя гады, пра тое, як аднойчы з-за непаразумення ледзь не быў выключаны з семінарыі. Біскуп у касцёле пакліканы быць айцом для кожнага святара, семінарыста, верніка, але гэтае заданне не перашкаджала кардыналу расказваць пра «дзяцінства» і «юнацтва» свайго паклікання. Гэта непасрэднасць рабіла яго жывым прыкладам для пакалення новапакліканых.
Апошнія месяцы мы не чулі Божага слова з яго вуснаў падчас Імшы, мы не бачылі, як яго рукі падымалі келіх з Крывёю Хрыстовай. Але ён не перастаў быць слугою алтара. Мы бачылі, як ён лучыць сваё цярпенне з ахвярай Першасвятара, адкрываючы новы этап свайго святарства — прыносячы ў ахвяру самога сябе...
Ксёндз Уладзімір Русак,
віцэ-рэктар, кіраўнік навучальнага працэсу Пінскай семінарыі