
Я напісаў шмат кніг, але найбольш пытанняў і размоваў адносна назвы было з кнігаю «Самая вялікая хлусня ў гісторыі хрысціянства». Гэта назва насамрэч прыцягвае ўвагу і ўяўленне людзей, бо яны адразу ж пытаюцца: «А што гэта за хлусня?» Хачу, каб вы ведалі: кніга не пра хлусню. Яна датычыць праўды, і ў прыватнасці, адной найважнейшай праўды, якая змяняе жыццё…
Было і застаецца шмат хлусні наконт гісторыі хрысціянства. Можна сабраць цэлыя бібліятэкі з кніг і міфаў, якія людзі складалі пра хрысціянаў і хрысціянства на працягу апошніх двух тысячагоддзяў. Але самая вялікая хлусня ў гісторыі хрысціянства, у якой чалавек пераконвае сам сябе — што святасць для яго немагчымая.
Мы лічым, што святасць магчымая для бабулі або для нашых сяброў, або для нейкага святога з Сярэднявечча, але не для мяне. Вось у гэтай хлусні мы і пераконваем саміх сябе, свядома ці падсвядома. Гэтай хлусні мы дазволілі завалодаць сучасным хрысціянствам. І яна адштурхоўвае нас ад удзелу ў эпічнай гісторыі хрысціянства і робіць з нас проста гледачоў.
І я ўпэўнены, што больш чым 90 адсоткаў хрысціянаў у Амерыцы сёння прынялі гэтую хлусню, больш чым 90 адсоткаў хрысціянаў на самай справе не вераць, што святасць для іх магчымая. Але святасць сапраўды магчымая для кожнага з нас.
Заданне
Складзіце спіс прычынаў, чаму, на вашу думку, вы не можаце быць святым, а потым памаліцеся.
Малітва
Пане Езу, прашу Цябе перамяніць хлусню, у якую я веру, у ласку, каб я мог быць такім чалавекам, якім Ты стварыў мяне.
Мэцью Кэлі — заснавальнік і генеральны дырэктар Dynamic Catholic,
сусветна вядомы спікер, аўтар бэстсэлераў і бізнес-кансультант,
які прысвяціў сваё жыццё, каб дапамагаць людзям і арганізацыям
«стаць-лепшым-варыянтам-самога-сябе».
Яго кнігі былі перакладзеныя больш чым на 25 моваў.
Пераклад Э. Палінеўскай
Паводле dynamiccatholic.com
Чытайце яшчэ артыкулы з гэтай серыі:
- Разважанні на Вялікі пост. Наша праца
- Разважанні на Вялікі пост. А вы шчаслівыя?
- Разважанні на Вялікі пост. Магчымасць
- Разважанні на Вялікі пост. «Не адмаўляйцеся ад шакаладу»
- Разважанні на Вялікі пост. Жаданне служыць ці дагадзіць?
- Разважанні на Вялікі пост. Вялікія прытворшчыкі
- Разважанні на Вялікі пост. Цалкам недасканалыя

