Разважанні на Адвэнт. Прыняцце рашэнняў

Мы працягваем друкаваць разважанні на Адвэнт сусветна вядомага амерыканскага спікера і пісьменніка Мэцью Кэлі.


Галоўнае, што я зразумеў пра безнадзейнасць у маім жыцці: я не магу проста сядзець і думаць пра такое становішча і пра тое, што прывяло мяне да гэтага. Я проста пачынаю разважаць, як я магу выйсці з такой сітуацыі, і кажу сабе: «Ну, я абдумаў, як пазбавіцца безнадзейнасці, я ў парадку і магу рухацца далей».

Я зразумеў, што ў кожнага свой шлях з безвыходнасці, і кожны павінен рабіць тое, што выведзе яго на гэты шлях. Для сябе я вызначыў, што трэба перастаць засяроджвацца на сабе і на сваёй безнадзейнасці — якою б трагічнай і вартай жалю яна ні была, — і проста пераключыць увагу на кагосьці іншага. Як я магу дапамагчы камусьці, хто знаходзіцца ў роспачы, хто гэтак, як і я, адчувае безнадзейнасць? Як я магу зрабіць кагосьці шчаслівым? Як я магу дапамагчы камусьці зрабіць дзень лепшым?.. Калі мы перастаем засяроджвацца толькі на сваім унутраным свеце і пераключаем нашу ўвагу на іншых, з'яўляецца нейкая рухаючая сіла, якая проста аўтаматычна здымае з нас цяжар. Здымае цяжар з нашых сэрцаў, з нашага розуму, з нашых плячэй. І мы можам жыць па-новаму.

Калі мы знясіленыя, калі знаходзімся ў стане безнадзейнасці, мы часам проста не можам думаць пра выйсце з гэтага стану. У такім выпадку мы павінны пачаць дзейнічаць. Дзейнічаць, робячы тое, што прывядзе нас да надзеі, як бы цяжка гэта ні было...

Кожнае жыццё мае сэнс. Кожнае рашэнне, якое мы прымаем штодня, усё, што мы робім, прыводзіць да таго, што гэты свет становіцца больш напоўненым надзеяй або безнадзейным. Але жыццё кожнага чалавека мае сэнс, і кожны мае сваю місію. І Бог пасылае нас у свет, каб мы былі вялікімі пасланцамі надзеі.

Заданне

Наступны раз, калі вы будзеце прымаць рашэнне, якім бы нязначным яно ні было, спытайце сябе: «Як я магу быць чалавекам надзеі, прымаючы такое рашэнне?»

Малітва

Пане Езу, будзь сілай надзеі ў маім жыцці, у кожным маім рашэнні.


Мэцью Кэлі
Пераклад Э. Палінеўскай
Паводле dynamiccatholic.com

 

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней