Вялікі пост з Льюісам #6. Што стаіць за натуральным Законам

Мы працягваем падчас гэтага Вялікага посту разважаць над сутнасцю хрысціянства разам з вядомым англійскім апалагетам Клайвам Стэйплзам Льюісам, які назваў сваю кнігу «Проста хрысціянства», паставіўшы сабе за мэту паразважаць аб рэчах, якія складаюць самую сутнасць хрысціянства.


Клайв Стэйплз Льюіс

Проста хрысціянства

Кніга 1. Дабро і зло як ключ да разгадкі сэнсу існавання сусвету 

IV. Што стаіць за натуральным Законам

Давайце падагульнім тое, да чаго мы ў выніку прыйшлі. Тое, што мы называем законамі прыроды ў адносінах да камянёў, дрэваў і падобных рэчаў, — гэта толькі звыклы спосаб маўлення. Мы гаворым, што прырода падпарадкоўваецца пэўным законам, а па сутнасці хочам сказаць, што прыродныя з’явы адбываюцца менавіта так, а не інакш. У прыродзе так званыя «законы» не могуць быць сапраўднымі законамі ў тым сэнсе слова, які мы яму звычайна надаем, — яны не выходзяць за межы фактаў, не кіруюць імі. Але з чалавекам усё іначай. Закон чалавечай прыроды, Закон дабра і зла стаіць над непасрэднымі паводзінамі людзей, не абмяжоўваецца імі. У выпадку з чалавекам апроч самога факта паводзінаў з’яўляецца нешта яшчэ — сапраўдны, не выдуманы людзьмі закон, і ўсе мы ўсведамляем, што павінны яму падпарадкоўвацца.

Давайце цяпер паразважаем, якім у святле гэтай ідэі паўстае сусвет, дзе мы жывем. Ледзь толькі пачаўшы мысліць, людзі задаліся пытаннем, што такое сусвет, як ён узнік і чаму стаў такім, якім стаў. Калі гаварыць вельмі агульна, гэта прывяло да ўзнікнення двух светапоглядаў. Па-першае, існуе так званы матэрыялістычны погляд. Прыхільнікі падобнай кропкі гледжання лічаць, што матэрыя і прастора проста існуюць: яны існавалі заўсёды і невядома чаму; а матэрыя, паводзячы сябе пэўным прадказальным чынам, праз нейкі шчаслівы выпадак раптам дала пачатак разумным істотам — нам з вамі. Чалавецтву выпаў адзін шанец з мноства — і нешта ўдарыла па сонцы так, што ад яго аддзяліліся планеты. Пасля яшчэ адна неімаверная выпадковасць — і на паверхні пэўнай планеты стварылася правільная тэмпература і змяшаліся хімічныя рэчывы, неабходныя для ўзнікнення жывой матэрыі. Пасля, дзякуючы мноству іншых шчаслівых выпадкаў, жывыя арганізмы развіваліся так, што сфармаваўся чалавек.

Іншы погляд на стварэнне сусвету прапануе рэлігія (глядзіце заўвагу напрыканцы гэтага раздзела). Яна сцвярджае, што па-за сусветам існуе Нешта іншае, найбольш падобнае да розуму, калі спрабаваць параўноўваць яго са знаёмымі нам з’явамі. Гэта, так бы мовіць, нейкая Свядомасць, што мае ўласныя мэты і аддае перавагу пэўным рэчам, адпрэчваючы іншыя. Рэлігія сцвярджае, што менавіта гэтая Свядомасць стварыла сусвет часткова дзеля дасягнення мэтаў, пра якія нам нічога не вядома, а часткова дзеля таго, каб у ім узніклі істоты, нечым падобныя да яе — надзеленыя розумам.

Калі ласка, не падумайце, што адзін з гэтых светапоглядаў існаваў спрадвеку, а іншы паступова яго выцясняў. Паўсюль, дзе людзі думаюць, з’яўляюцца абедзве кропкі гледжання. Звярніце ўвагу яшчэ вось на што: навуковымі метадамі немагчыма высветліць, якая з іх правільная. Навука — гэта заўсёды досвед, эксперымент. Яна назірае, як адбываюцца з’явы. Любы навуковы тэзіс, якім бы складаным ён ні здаваўся, у рэшце рэшт зводзіцца да нечага падобнага: «15 студзеня ў 2:20 ночы я навёў тэлескоп на вызначаны квадрат неба і ўбачыў з’яву…», або «Я паклаў вызначаную колькасць рэчыва ў рэторту і нагрэў да пэўнай тэмпературы, у выніку чаго адбылася рэакцыя…». Не падумайце, што я выступаю супраць навукі. Я толькі тлумачу сутнасць навуковага падыходу. Чым глыбей чалавек займаецца навукаю, тым ахвотней, я ўпэўнены, ён пагодзіцца з тым, што менавіта так выглядае навуковая дзейнасць, і што гэтыя метады навукі прыносяць чалавецтву вялізную карысць. Але навука не бярэцца зразумець, чаму існуе матэрыя, і ці можа ў свеце быць нешта не падобнае на матэрыю, якую вывучаюць навуковымі метадамі. Калі насамрэч ёсць «нешта па-за матэрыяй», то яно можа альбо застацца зусім невядомым для людзей, альбо мусіць нейкім чынам даць праявіцца. Навука не бярэцца сцвярджаць, што гэтае «нешта» дакладна існуе або дакладна не існуе. Сапраўдныя навукоўцы такімі рэчамі не займаецца. Але гэта часта робяць журналісты і аўтары папулярных раманаў: яны любяць выхопліваць з навуковых кніг абрыўкі неправераных цьмяных тэорый. Апроч усяго, давайце разважаць цвяроза.

Уявім, што калі-небудзь навука дасягне такіх вышыняў, што будзе ведаць усё пра любую з’яву ў свеце. Нават тады на пытанні: «Дзеля чаго існуе сусвет?», «Чаму ён развіваецца так, як развіваецца?», «Ці ёсць у гэтым нейкі асаблівы сэнс?» дакладнага адказу не будзе.

Даволі безнадзейная сітуацыя, калі б не адна рэч. Ёсць адзіная ў свеце з’ява, пра якую мы ведаем больш, чым можна даведацца метадамі назірання. Гэтая з’ява — чалавек. Мы не проста назіраем за іншымі людзьмі, мы самі людзі. У гэтым адзіным выпадку мы валодаем, так бы мовіць, унутранай інфармацыяй, бо мы самі — прадмет вывучэння. Вось чаму мы ведаем, што на нас уздзейнічае маральны закон, які мы для сябе не выпрацоўвалі, і пра які не можам цалкам забыцца, і нават пастараўшыся ўсё адно ўсведамляем, што трэба яму падпарадкоўвацца. Толькі ўявіце, што нехта ўзяўся вывучаць чалавека звонку, падобна як мы вывучаем электрычнасць або капусту, і пры гэтым не ведае чалавечай мовы і не можа атрымаць ад нас ніякіх сведчанняў, так што яму застаецца адно назіраць за нашымі паводзінамі,  — ён ніколі б не здагадаўся, што ў людзей ёсць маральны Закон. А як тут здагадацца? Назіранні даюць звесткі толькі пра тое, як мы сябе паводзім, а маральны Закон паказвае, як трэба сябе паводзіць. Такім жа чынам, калі існуе нешта па-за фактамі, якія мы выяўляем, вывучаючы камяні або надвор’е, мы ніколі не змаглі б пра гэта даведацца, бо назіраем за імі звонку. Пытанне стаіць так: мы хочам ведаць, ці з’яўляецца сусвет такім, які ён ёсць, проста так, без прычыны, або яго фармуе нейкая Сіла. Гэтая Сіла, калі дапусціць, што яна існуе, не з’яўляецца аніводным з прадметаў нашага назірання, бо сама іх стварае. Таму ніякія назіранні не дапамогуць яе выявіць. Толькі ў адным выпадку можна прыйсці да высновы, што па-за гэтым светам існуе нешта яшчэ, — калі мы вывучаем сябе саміх. І ў гэтым выпадку выснова сапраўды напрошваецца.


Пераклад з англійскай мовы Юліі Косавай
Паводле: C.S. Lewis, Mere Christianity, 1943

Працяг будзе

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней