Мы працягваем падчас гэтага Вялікага посту разважаць над сутнасцю хрысціянства разам з вядомым англійскім апалагетам Клайвам Стэйплзам Льюісам, які назваў сваю кнігу «Проста хрысціянства», паставіўшы сабе за мэту паразважаць аб рэчах, якія складаюць самую сутнасць хрысціянства.
Клайв Стэйплз Льюіс
Проста хрысціянства
Кніга 1. Дабро і зло як ключ да разгадкі сэнсу існавання сусвету
ІІІ Натуральны Закон у рэальнасці
Цяпер я хачу зноў вярнуцца да тэмы, якую закрануў напрыканцы першага раздзела, і паразмаўляць пра дзве незвычайныя асаблівасці чалавечага характару. Нагадаю: па-першае, людзей пераследуе думка, што яны мусяць паводзіць сябе пэўным чынам — мы называем гэты ідэал паводзінаў сумленнай гульнёй, прыстойнасцю, мараллю або натуральным Законам. Па-другое, у рэальнасці людзі не паводзяць сябе адпаведна з гэтым ідэалам. Хтосьці здзівіцца, што незвычайнага я тут бачу? Камусьці такі парадак рэчаў здаецца цалкам нармальным, а я са сваімі патрабаваннямі выглядаю занадта суровым да чалавечага роду. Вы ў рэшце рэшт можаце сказаць, што тое, што я называю Законам дабра і зла — толькі вынік чалавечай недасканаласці. А з чаго ўвогуле чакаць ад іншых дасканаласці? Такая рэакцыя на мае словы цалкам натуральная, калі ўявіць, што я стаўлю перад сабою задачу дакладна вызначыць меру чалавечай віны за тое, што самі мы не паводзім сябе так, як чакаем гэтага ад іншых. Але я бачу сваю задачу не ў гэтым. Мяне не цікавіць нічыя віна, я спрабую высветліць праўду. А з гэтай кропкі гледжання сама ідэя недасканаласці нейкага прадмета, яго неадпаведнасці таму, чым ён павінен быць, вядзе да пэўных высноваў.
Возьмем якую-небудзь рэч, напрыклад камень або дрэва. Яна ёсць якая ёсць, няма сэнсу гаварыць, што яна павінна быць іншай. Вядома, можна паскардзіцца, што камень мае «не тую форму», калі вы хочаце ўпрыгожыць альпійскую горку ў садзе. Можна назваць дрэва «дрэнным», бо яно не дае патрэбнага вам ценю. Але ж гэтым вы толькі сведчыце, што канкрэтныя камень або дрэва не адпавядаюць вашым патрэбам. Само сабою, вы іх у гэтым не вінаваціце, хіба што жартам. Зразумела, што дрэва расце ў залежнасці ад глебы і надвор’я, яно не можа нічога змяніць. Дрэва, якое мы для сябе называем «дрэнным», падуладна законам сваёй натуры гэтак жа, як і «добрае» дрэва.
Разумееце, да чаго я вяду? Аказваецца, што нормы, якія мы звычайна называем законамі прыроды — напрыклад, тое, як клімат уплывае на рост дрэва, — насамрэч не з’яўляюцца законамі ў літаральным сэнсе слова, мы толькі прывыклі іх так называць. Гаворачы, што камяні па законе гравітацыі заўсёды падаюць уніз, «законам» вы называеце «тое, што заўсёды бывае з камянямі». Вы ж не думаеце насамрэч, што выпушчаны з рук камень ўзгадвае, што мусіць падпарадкоўвацца закону, і таму падае на зямлю. Вы толькі хочаце сказаць, што камень у любым выпадку ўпадзе. Нельга сцвярджаць, што за з’яваю прыроды стаіць нейкі закон, які апісвае, што павінна адбыцца, — насуперак таму, што адбываецца насамрэч. Законы прыроды датычна такіх рэчаў, як камяні і дрэвы, азначаюць толькі «тое, як адбываюцца з’явы ў прыродзе». Але ж Закон чалавечай прыроды, норма прыстойных паводзінаў — іншая справа. Гэты Закон не азначае «тое, што заўсёды адбываецца з усімі людзьмі», наадварот — многія зусім не падпарадкоўваюцца гэтаму Закону, і ніхто з нас не бывае цалкам яму паслухмяны. Закон гравітацыі тлумачыць, што адбываецца з камянямі, калі іх кідаюць, а Закон чалавечай прыроды распавядае, што́ людзі павінны рабіць і чаго не павінны. Іншымі словамі, калі справа датычыць людзей, з’яўляецца пэўны дадатковы фактар, які стаіць па-за межамі таго, што адбываецца, і здольны ўплываць на падзеі. Ёсць нейкія факты (людзі паводзяць сябе гэтак), і ёсць нешта яшчэ (людзі мусяць паводзіць сябе вось так). Каб апісаць астатнія з’явы сусвету, дастаткова адных фактаў. Электроны і малекулы паводзяць сябе пэўным чынам, гэта вядзе да пэўнага выніку — і ўсё. (Пазней вы ўбачыце, што я насамрэч не лічу свет такім простым. Але на цяперашнім этапе з нашых развагаў вынікае такая імавернасць.) Людзі таксама паводзяць сябе пэўным чынам, але на гэтым далёка не ўсё, бо ўвесь час зразумела, што яны павінны паводзіць сябе інакш.

Гэтая неадпаведнасць сапраўды настолькі незразумелая і дзіўная, што чалавек заўсёды стараецца растлумачыць, чаму так адбываецца. Дапусцім, напрыклад, што, разважаючы, ці павінен чалавек чыніць тое, што чыніць, вы пры гэтым выказваеце такія самыя прэтэнзіі, што і ў выпадку з «няправільным» каменем, а менавіта — што ён вам не падыходзіць, дастаўляе нязручнасць. Але ясна, што гэта няпраўда. Чалавек, які першы зайшоў у купэ цягніка і заняў месца каля вакна, і чалавек, які праслізнуў на гэтае месца, як толькі я адвярнуўся, скінуўшы адтуль маю сумку, абодва даставілі мне аднолькавую нязручнасць. Але таго другога я вінавачу за ягоны ўчынак, а першага — не. Я не стану злавацца на чалавека, які выпадкова зробіць мне падножку, хіба што ў самае першае імгненне, проста ад нечаканасці; але раззлуюся на таго, хто паспрабуе зрабіць мне падножку спецыяльна, нават калі яго спроба не ўдасца. Але ў першым выпадку мне балюча, а ў другім — не. Часам я называю нейкія паводзіны дрэннымі, хоць яны зусім не дастаўляюць мне нязручнасці, нават наадварот. На вайне кожны з праціўнікаў цешыцца, калі на другім баку знаходзіцца перабежчык, здраднік. Яго ахвотна выкарыстоўваюць, яму плацяць за здраду, але ім грэбуюць і лічаць падонкам. Таму няправільна гаварыць, што мы называем прыстойнымі толькі тыя ўчынкі бліжніх, якія аказваюцца для нас карыснымі. А што датычыць нас саміх, я думаю, вы згодзіцеся, што прыстойнымі найчасцей аказваюцца паводзіны, якія ўвогуле не прыносяць нам выгады. Прыстойна будзе задаволіцца трыццаццю шылінгамі аплаты, калі можна было б выгандляваць тры фунты. Прыстойна будзе выканаць кантрольную ў школе сумленна, калі так лёгка спісаць. Прыстойна будзе пакінуць дзяўчыну ў спакоі і не скарыстацца магчымасцю зацягнуць яе ў ложак, прыстойна — заставацца ў небяспечным месцы насуперак інстынкту самазахавання, прыстойна — выконваць абяцанні, якія не хочацца выконваць, і гаварыць праўду, нават калі пры гэтым выстаўляеш сябе дурнем.
Некаторыя запярэчаць, што хоць прыстойныя паводзіны і не прыносяць нам асабістай выгады, яны ўсё ж выгадныя для чалавецтва ў цэлым, і таму тут няма нічога дзіўнага ці супярэчлівага. У рэшце рэшт, людзі маюць здаровы розум: усім зразумела, што сапраўднай бяспекі і сапраўднага шчасця можна дасягнуць толькі ў тым грамадстве, дзе кожны вядзе сумленную гульню. Менавіта таму людзі імкнуцца паводзіць сябе прыстойна. Няма ніякіх сумненняў, што бяспека і шчасце — вынік добразычлівага, сумленнага і справядлівага стаўлення асобных людзей, класаў і цэлых народаў адзін да аднаго. Гэтая праўда — адна з найважнейшых у свеце. Але яна не здольная растлумачыць, чаму менавіта людзі называюць тыя ці іншыя ўчынкі дабром або злом. Нічога не выйдзе, калі на пытанне «Чаму нельга быць эгаістам?» адказаць: «Бо гэта дрэнна для грамадства». Адразу захочацца спытаць: «А чаму я мушу клапаціцца пра тое, што добра для грамадства, калі для мяне самога гэта нявыгадна?» Давядзецца сказаць: «Таму што эгаістам быць нельга», і мы зноў вяртаемся да таго, з чаго пачалі. Вы проста гаворыце, што́ будзе правільна, і ўсё. Калі вас спытаюць, для чаго людзі гуляюць у футбол, няма сэнсу адказваць: «Для таго, каб закідваць галы», бо закідванне мяча ў брамку — гэта сама гульня , а не прычына, чаму ў яе гуляюць. У сваім адказе вы толькі сцвярджаеце, што футбол — гэта футбол. Гэта праўда, але ў вашых словах няма сэнсу. Таксама, калі чалавек задае пытанне, чаму трэба паводзіць сябе прыстойна, нельга адказваць: «Каб прынесці карысць грамадству», бо імкненне паслужыць на карысць грамадству, іншымі словамі, не быць эгаістам (грамадства у рэшце рэшт азначае толькі іншых людзей) — гэта абавязковы складнік прыстойных паводзінаў. Такім чынам вы пацвярджаеце, што прыстойныя паводзіны — гэта прыстойныя паводзіны. З гэткім жа поспехам можна не гаварыць лішніх словаў і спыніцца на фразе: «Чалавек не павінен быць эгаістам».
Я таксама спынюся на гэтым тэзісе. Людзі павінны быць бескарыслівымі, павінны быць справядлівымі. Гэта не значыць, што мы сапраўды бескарыслівыя або што нам падабаецца быць бескарыслівымі, проста так павінна быць. Маральны Закон, Закон чалавечай прыроды не з’яўляецца апісаннем чалавечых паводзінаў, у адрозненне ад закона гравітацыі, што тлумачыць, як паводзяць сябе фізічныя аб’екты. З іншага боку, гэты Закон — не плод нашага ўяўлення, бо людзі не ў стане адкінуць ідэю аб яго існаванні. Амаль усё, што мы гаворым і думаем пра людзей, страціла б сэнс, калі б мы адкінулі гэтую ідэю. Натуральны Закон — не проста сцвярджэнне аб тым, якімі б нам хацелася бачыць паводзіны іншых, каб нам самім было зручна і камфортна, бо мы называем дрэннымі і несправядлівымі паводзіны, якія для нас асабіста могуць быць выгаднымі і не прычыняць няёмкасці. Атрымліваецца, што Закон дабра і зла або Закон чалавечай прыроды, як ні назаві яго, — гэта аб’ектыўная рэальнасць, а не вынаходніцтва чалавека. Аднак пры гэтым натуральны Закон не з’яўляецца фактам у тым жа сэнсе, як фактычныя паводзіны людзей. Усё наводзіць на думку, што неабходна прызнаць існаванне нейкай іншай рэальнасці, што стаіць па-за звычайнай рэальнасцю чалавечых паводзінаў, па-над ёю, аднак бясспрэчна існуе — гэта аб’ектыўны Закон, пра які людзі не дамаўляліся, але які ўздзейнічае на нас усіх.
Пераклад з англійскай мовы Юліі Косавай. Паводле: C.S. Lewis, Mere Christianity, 1943