24 кастрычніка 2013 г. кс. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прызначыў мяне душпастырам скаўтаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Хто ж такія скаўты? На гэтае пытанне мы паспрабуем адказаць на старонках часопіса.
Сваю першую прыгоду са скаўтамі я меў падчас пілігрымкі ў Гудагай. Для мяне скаўты — гэта перш за ўсё магчымасць пошуку Бога разам з моладдзю не толькі ў касцёле, на занятках рэлігіі, але і ў свеце, у якім сённяшняя моладзь жыве, у свеце з яго цяжкасцямі, праблемамі і выклікамі. Таму важна ў такія хвіліны быць разам, побач — і менавіта гэтаму вучыць скаўтынг.
Моладзь заўсёды шукае аўтарытэтаў. Як яе заваяваць? Перш за ўсё — уласным прыкладам. Не тэорыяй, а ўдзелам у тым, чым яна жыве .
Адметна, што святар не з’яўляецца начальнікам, якому неабходна кіраваць асобнай групай. Святар — гэта чалавек, які перш за ўсё ўласным прыкладам робіць тое, да чаго быў пакліканы, — абвяшчае Евангелле. Ён павінен быць заўсёды побач — раздзяляць радасць, супольна пераадольваць перашкоды, быць сведкам Хрыста не толькі ў цэлебрацыі Імшы ці ўдзяленні сакрамэнтаў. Толькі так можна здабыць давер тых, хто ідзе побач з ім.
Ксёндз Міхал Бубен
«“Быць напагатове” — гэта шчасліва жыць i шчасліва памерці ў шэрагах скаўтаў. Абяцай быць напагатове заўсёды, нават калі вырасцеш. І няхай дапамагае табе Бог!»
Герой рамана Грэма Грына «Сіла i слава» гаворыць: «Ёсць ува мне нешта, што мацнейшае за мяне». Ёсць i ў табе нешта, што кліча цябе пакінуць душныя камяніцы гарадоў i мястэчак, мітусню вуліцаў, штодзённыя клопаты i вырушыць разам з сябрамі ў дарогу. Дарога ёсць сімвалам жыцця. Хочаш ці не хочаш, ты на дарозе, ідзеш наперад. Трэба толькі знайсці тую адзіную праўдзівую дарогу, прызначаную толькі табе і нікому іншаму, ісці па ёй, не збочваючы i не аглядаючыся назад. Дапамагчы табе знайсці яе і прайсці па гэтым шляху можа скаўцкі рух.
Заснавальнікам скаўцкага руху з’яўляецца Роберт Бадэн Паўэл (1857–1941), якога ў скаўцкіх колах называюць Бi Пі. Ягоны дзень народзінаў, 22 лютага, з’яўляецца галоўным скаўцкім святам у свеце. Роберт Стэфансан Бадэн Паўэл паходзіў з сям’і, вядомай не толькі ў Лондане i Вялікабрытаніі. Ягоны прадзед Джордж Стэфансан — вынаходнік паравоза. Праўнук не менш знакаміты: пасля англа-бурскай вайны генерал-маёр Роберт Бадэн Паўэл стаў нацыянальным героем Вялікабрытаніі. Але падчас гэтай вайны ў Паўднёвай Афрыцы, дакладней, падчас аблогі Мафэкінга, калі горад i брытанскія салдаты былі акружаныя бypскімі салдатамі, Бі Пі назіраў, як хлопчыкі паспяхова перадавалі паведамленні для вайскоўцаў. Вярнуўшыся дадому, ён паспрабаваў перанесці некаторыя з ix выведніцкіх ідэяў на практыку, каб паглядзець, цi будуць яны карыснымі для хлопчыкаў.
I ў 1907 г. ён арганізаваў лагер для 21 хлопчыка на востраве Броўнсі. Там хлопчыкі вучыліся вынослівасці i ўзаемавыручцы, назіральнасці i кемлівасці, дысцыпліне i самаабслугоўванню. I ўсё гэта адбывалася праз гульню. Па сутнасці Бi Пі вынайшаў новы метад выхавання дзяцей. Лагер меў вялiкi поспех.
У 1908 г. Бі Пі напісаў кнігу «Скаўтынг для хлопчыкаў», дзе распавёў, як навучалі хлопчыкаў розным справам накшталт адсочвання, падавання сігналаў, гатавання ежы. Ангельскае слова «scout» азначае «выведнік», даследчык прыроды, жыцця. Кніга мела вялікі поспех. Практычна адразу хлопцы пачалі арганізоўвацца ў звязы ды атрады i называць сябе бойскаўтамі.
Афіцыйна скаўцкі рух быў заснаваны ў 1908 годзе. Відавочна, шмат дзяўчынак таксама палічыла гэтую кнігу цікавай, і, нягледзячы на тое, што для іх было праблематычна вандраваць і хадзіць на зборы, яны таксама фармавалі свае звязы гёрлскаўтаў i рабілі ўсё, што было напісана ў кнізе. У1909 г. у Крыштальным палацы ў Лондане адбылося святкаванне гадавіны руху, у якім удзельнічалі тысячы бойскаўтаў, была група дзяўчынак, якія, размаўляючы з Бі Пі, спыталі яго, цi можа дзяўчынка быць скаўтам. Бі Пі паабяцаў, што паспрабуе нешта зрабіць і для іх.
У1910 г. Олаў Соўмс Бадэн Паўэл, жонка Бі Пі, пачала працаваць з дзяўчынкамі. Для дзявочай арганізацыі Бадэн Паўэл абраў назву «Гайды», узятую ад назвы знакамітага індыйскага корпуса праваднікоў i ад швейцарскіх праваднікоў, якія ўмелі не толькі падымацца на горныя вяршыні, але i дапамагаць іншым рабіць гэта.
Паступова скаўтынг і гайдынг з Англіі распаўсюдзіўся на большасць краінаў свету. Сусветны скаўцкі рух арганізацыйна аформіўся на Міжнароднай скаўцкай канферэнцыі ў Парыжы ў 1922 годзе. У1928 г. была створана Сусветная асацыяцыя гёрлгайдаў i гёрлскаўтаў, якія спачатку развіваліся асобна.
Сучасны скаўтынг — гэта не толькі прыгожая суполка, у якой можна адчуваць сябе як у сям’і або з сябрамі. Скаўтынг — гэта дарога пазнання і развіцця. Дарога вучыць нас, што жыццё — гэта прыгода, і прыгода часам небяспечная, бо ад нашага кірунку залежыць нашая вечнасць. I гэтым кірункам ёсць святасць у штодзённым жыцці, пакорная, радасная, часта з падзеннямі, за якімі стаіць вялікая Божая міласэрнасць. Бог не пакідае нас на гэтай дарозе адных — Ён ставіць перад нашымі вачыма добрыя прыклады святых папярэднікаў, якія сведчаць пра магчымасць быць святымі ў цяперашнім свеце. Такім добрым сведкам для нас з’яўляецца Слуга Божы Жак Сэвін (1882–1951) — езуіт, заснавальнік каталіцкай арганізацыі скаўтаў у Францыі.
Ён нарадзіўся ў 1882 г. у г. Ліль у Францыі. У дзённіках ён пісаў, што ўжо ў 13-гадовым узросце адчуў пакліканне да святарства i манаства. У 18 гадоў паступіў у кляштар айцоў езуітаў. Падчас сваёй фармацыі часта выязджаў у Англію, дзе пазнаёміўся са скаўцкім рухам, які яго вельмі зацікавіў.
20 верасня 1913 г. Жак Сэвін сустракаецца з генералам Бадэн Паўэлам, заснавальнікам скаўтынгу ў Англіі. У гэты дзень ён прымае рашэнне стварыць каталіцкі скаўцкі рух у Францыі, але яго марам давялося доўга чакаць свайго здзяйснення: выбухнула Першая сусветная вайна.
2 лютага 1917 г. Жак Сэвін дае вечныя абяцанні і пасля працуе ў езуіцкім ліцэі (які быў неўзабаве зачынены акупантамі), паралельна рыхтуючы матэрыялы пра скаўцкую методыку выхавання.
У 1920 г. была створана каталіцкая арганізацыя «Скаўты Францыі».
Скаўцкай малітвай стала крыху змененая малітва св. Ігнацыя Лаёлы.
У 1923–1933 гг. а. Якуб праводзіць фармацыйныя летнікі для дружыновых. Іх удзельнікі згадваюць цудоўную атмасферу, якая там панавала. Адзін з ix піша, што гэта нагадвала жыццё сярэднявечнага рыцара — паміж літургіяй i прыродай. Сэрцам бівака была палявая каплічка, а пра пастаянную Божую прысутнасць нагадваў агеньчык каля ківота з Целам Хрыста.
У 1944 г. а. Жак стварае супольнасць св. Ерусалімскага Крыжа, якая мае дзясяткі выхаваўчых пляцовак у свеце.
Ва ўзросце 69 гадоў а. Жак Сэвін памірае.
Прыклад жыцця i ахвярнасці айца Якуба можа быць i для нас прыкладам служэння, бо «скаўт служыць свайму бліжняму і дапамагае яму ў дарозе да Бога».
Каб зразумець, якім павінен быць скаўт, трэба ўспомніць словы з апошняга паслання галоўнага скаўта свету ўсім скаўтам: «...Я веру, што Бог змясціў нас у гэтым цудоўным свеце для нашага шчасця, каб атрымліваць асалоду ад жыцця. Шчасце — гэта не багатая маёмасць, не поспех у кар’еры i не паблажлівасць да сябе. Адчуваючы моц, ты можаш быць карысным i такім чынам цешыцца жьщцём. Прырода пакажа табе, якімі цудамі i прыгажосцю яна напоўнена ўciм на радасць. Будзь задаволены тым, што маеш, i выкарыстай гэта найлепшым чынам. Глядзі на светлы бок рэчаў, а не на цёмны. А сапраўдны шлях да шчасця — даваць шчасце іншым людзям. Старайся пакінуць гэты свет лепшым, чым ты знайшоў яго. I калі прыйдзе час паміраць, ты можаш быць шчаслівым, адчуваючы, што ва ўсякім выпадку ты не марнаваў дарэмна час, а стараўся зрабіць усё, што ў твaix сілах.
Ганна Журко.
Фота з архіва скаўтаў
Беларусі.