17 жніўня ў парафіі св. Юрыя ў Паланечцы (Пінская дыяцэзія) адбыўся дзень памяці, прысвечаны 35-годдзю з моманту адыходу ў вечнасць ксяндза Ежы Росяка, шматгадовага пробашча, ахвярнага святара і цудоўнага чалавека.
Каб памаліцца за святой памяці кс. Ежы Росяка прыехалі святары і шматлікія вернікі не толькі з суседніх парафій, але і з Брэста, Навагрудка, Баранавіч, Ляхавіч, Валожына, Мінска, Стоўбцаў і Гарадзеі. Пасля супольнай малітвы на магіле кс. Ежы, у касцёле адбылася святая Імша, якую канцэлебраваў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з біскупам у Імшы ўдзельнічалі кс. прэлат Антоні Гэй, кс. Андрэй Рылка, канцлер Пінскай дыяцэзіі, кс. канонік Ігар Лашук, дзекан Стаўбцоўскага дэканата, кс. Валянцін Новак, біскупскі вікарый, кс. Конрад Патыка SVD, дзекан Баранавіцкага дэканата, кс. Вінцэнт Сяўрук, дзекан Ляхавіцкага дэканата, кс. д-р Генрых Акалатовіч, а таксама святары не толькі з Пінскай, але з Гродзенскай і Віцебскай дыяцэзій.
Біскуп Антоні, дзякуючы ўсім, хто прыйшоў, каб памаліцца за святой памяці ксяндза Ежы Росяка ў 35-ю гадавіну яго смерці, сказаў: «Калі ксяндзу Ежы патрэбны нашыя малітвы, то няхай Бог прыме іх, няхай яму будзе палёгка. А калі яму ўжо не патрэбны нашыя малітвы, то няхай Пан Бог прыме іх за вашых памерлых продкаў, для якіх ён быў руплівым і сапраўдным душпастырам. Мы з вамі не можам беатыфікаваць ці кананізаваць гэтага святара, гэта належыць да кампетэнцыі Ватыкана. Але цяжка паверыць, каб такі праведны чалавек, які быў заўсёды верны Богу, які, нягледзячы на катаванні і на жахлівыя ўмовы, выжыў пасля амаль дзесяці гадоў ГУЛАГу і вытрываў усе выпрабаванні і пераслед атэістычнага перыяду, быў усё яшчэ ў чыстцы… Усё яго святарскае жыццё было ахвярным служэннем Богу і людзям, ён быў мужным сведкам веры».
Пасля святой Імшы святары кс. Валянцін Новак, кс. Генрых Акалатовіч і кс. Ігар Лашук падзяліліся сваімі ўспамінамі пра святой памяці ксяндза Ежы Росяка. У парафіяльным доме намаганнямі кс. пробашча Леанарда Акалатовіча і парафіянаў зроблены таксама міні-музей, у якім змешчаны некаторыя асабістыя рэчы і фотаздымкі ксяндза Ежы Росяка.
Аліна Новікава
Фота: Мікалай Новікаў