35 гадоў з дня смерці кс. Ежы Росяка, адданага Пастыра
17.08.2021|Асобы

Сёлета спаўняецца 35 гадоў з дня смерці ксяндза Ежы Росяка, незвычайнага святара, якога ўсё жыццё не пакідалі розныя цярпенні. 17 жніўня ў касцёле ў Паланечцы (Пінская дыяцэзія) адбылася святая Імша ў інтэнцыі святой памяці кс. Ежы, які загінуў у аўтакатастрофе 19 жніўня 1986 г.  


Ксёндз Ежы Росяк (1914–1986), святар Пінскай дыяцэзіі. Нарадзіўся ў старажытнай вёсцы Страбля (Бельск Падляскі павет, Польшча). У 1915 г. яго бацькі былі эвакуіраваны ў Расію ў Яраслаўль, вярнуліся на радзіму ў 1921 г. Пасля заканчэння гімназіі імя Т. Касцюшкі ў Бельску Падляскім будучы ксёндз працаваў канцэлярыстам, каб зарабіць грошай на пакупку рэчаў, неабходных для паступлення ў духоўную семінарыю. У 1937 г. Ежы быў прыняты ў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Пінску. Калі распачалася Другая сусветная вайна і семінарыю зачынілі, Ежы Росяк працягваў вучобу пад кіраўніцтвам мясцовых святароў. Восенню 1942 г. ён здаў апошні экзамен і горача маліўся, просячы заступніцтва ў слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага, каб ажыццявілася яго мара стаць святаром, бо ў Пінскай дыяцэзіі не было ніводнага біскупа. І хутка гэтая мара ажыццявілася: яму ўдалося патаемна дабрацца ў Луцк (Украіна), дзе 4.04.1943 г. з рук біскупа Адольфа Шэлёнжка атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне.

Кс. Ежы Росяк распачаў святарскае служэнне 01.05.1943 г. у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце. У 1946 г. кс. Росяк распачаў аднаўленне касцёла. Яго арыштавалі 12.08.1947 г., калі кс. Ежы вяртаўся з касцёла дадому. Агенты НКУС пакінулі яго сутану і туфлі на беразе ракі Мухавец і сказалі ўсім, хто спрабаваў даведацца, куды знік святар, што ён здраднік і ўночы пераплыў у Польшчу. Ксёндз Ежы перажыў сем цяжкіх месяцаў у брэсцкай турме, яго трымалі ў падвале, не даючы яму спаць і амаль не перапыняючы допыт. 17.05.1948 г. на падставе арт. 72б УК БССР яму вынеслі смяротны прысуд, які пазней замянілі на 25 гадоў ГУЛАГу.

Кс. Ежы Росяка скіравалі ў спецлагер №4 у Нарыльску (Краснаярскі Край), там ён адбываў ссылку, тэрмін якой скарацілі да 10 гадоў. Ксёндз выжыў дзякуючы пасылкам, якія дасылалі парафіяне з Брэста. У лагеры кс. Ежы падтрымліваў вязняў, спавядаў іх і нават удзяляў сакрамэнт канфірмацыі (святарам, якія былі сасланыя і зняволеныя, Папа Рымскі даў дазвол удзяляць сакрамэнт канфірмацыі вязням).

Пасля вызвалення кс. Ежы вярнуўся ў Брэст, але ўлады дазволу працаваць у ранейшай парафіі не далі. «Справку» на дазвол ажыццяўляць душпастырскую паслугу ў парафіі св. Юрыя ў Паланечцы ён атрымаў 3.11.1956 г. У 1963 г. кс. Ежы атрымаў дазвол справаваць Імшы ў парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Сталовічах, а са жніўня 1979 г. (пасля смерці кс. Станіслава Рагоўскага) яму дазволілі служыць Імшу таксама і ў Баранавічах. Кс. Ежы Росяк перыядычна даязджаў таксама служыць Імшы ў Ішкалдзь (да 1984 г.), Задзвею, Мір, Навагрудак (пасля смерці пробашча кс. Войцеха Навачыка). У 1986 г. кс. Росяк перажыў яшчэ адно балючае здарэнне: на яго напалі бандыты каля дома, дзе кс. Ежы жыў, і страшна збілі.

Кс. Ежы Росяк загінуў 19.08.1986 г. у аўтамабільнай аварыі на трасе паміж Баранавічамі і Слонімам. Пахаваны на могілках у Паланечцы.

Паводле: Ks. Prof. Roman Dzwonkowski,
Leksykon duchowieństwa polskiego represjonowanego
w ZSRS 1939-1988 (TN KUL, 2003).

«Sursum corda!»

З ліста кс. Ежы Росяка да кс. Станіслава Рыжко ад 30.01.1946 г.

Найвялебнейшы Ксёндз пробашч!

…Я вельмі ўзрадаваўся, калі даведаўся, што Кс. Пробашч здаровы, жывы і цэлы. Я ж у суботу меў малы «крыжык» Панскі, пра які раскажа Вам сястра. А так, нягледзячы на ўсялякія жыццёвыя цяжкасці, духоўна я адчуваю сябе нядрэнна і, дзякуючы ласцы Божай, трываю.

Працы крыху хапае, бо апроч Брэста (а нас тут надалей трое), я таксама час ад часу даязджаю ў Пелішча і Камянец…

Перад Божым Нараджэннем праз Брэст праехала шмат транспарту, у якім многа было ксяндзоў пробашчаў, (зрэшты, Вам, хіба і самому вядома), гэта вельмі прыгнятае мяне, тым больш, што і з нашага дэканату выехаў кс. Хвайноўскі з Чарнаўчыц.

У хвіліны цяжкасцяў я гляджу на фотаздымак руінаў Варшавы. Гэты Хрыстус, пад цяжарам крыжа, спрадвеку стаяў у цэнтры Варшавы і сваёю рукою ўказваў людзям на Неба: sursum corda (у гору сэрцы!). Ці Варшава зразумела гэтае вечнае казанне Хрыста? Настала вайна — Варшава ў руінах, святыня, адкуль Хрыстус навучаў, разбурана. Але далонь паваленай фігуры Хрыста сярод жаху кары Божай указвае на Неба — sursum corda.

Слушна заўважыў кс. Ясевіч, які даслаў мне фотаздымак, што гэты Езус, скінуты з п’едэстала, зняважаны сярод руінаў, яшчэ выразней прамаўляе да нас (асабліва да нас, святароў), выразней, чым тады, калі ўзносіўся на балконе касцёла Святога Крыжа. А значыць, sursum corda!, хоць часта так цяжка, бо гэта заклік нашага Настаўніка Езуса Хрыста…

Шчыра адданы in Christo і заўсёды ўдзячны
Кс. Ежы Росяк

Паводле: Ryżko, Stanisław. Trzeba zostać.
Duchowieństwo Polskie w więzieniach,
łagrach i na zesłaniu w ZSRR. Norbertinum, Lublin, 1999.

«Ксёндз быў для мяне вялікаю падтрымкай і суцяшэннем…»

Сведчанне вязня, які адбываў пакаранне разам з кс. Ежы Росякам

Памятаю, як ксёндз Росяк раптам стаў прыносіць вязням хлеб. Усе падумалі, што яму неяк «удаецца» здабыць дадатковую пайку хлеба, але хутка справа высветлілася. Аказалася, што ён аддаваў сваю пайку. І тады мы перасталі браць ад яго гэты хлеб.

Ксёндз Ежы быў вельмі добрым святаром і чалавекам. Я заслужыў у яго давер (гэта было няпроста, бо ў лагеры было вельмі шмат шпіёнаў). За атрыманыя пасылкі ксяндзу ўдалося знайсці месца, каб адпраўляць святую Імшу, – кабінку, якую «здаваў» яму нарадчык. Гэта было для нас такое свята і радасць! А вечарам пасля працы, перад «адбоем» мы з кс. Ежы выходзілі нібы на шпацыр і маліліся Ружанец і Літанію. Ксёндз быў для мяне вялікаю падтрымкай і суцяшэннем…

Ксёндз Ежы Росяк быў вядомаю асобаю ў лагеры. Ён слыў папулярнасцю не толькі сярод палякаў, але і сярод вязняў іншых нацыянальнасцяў. Да яго прыходзілі спавядацца нават праваслаўныя вернікі. У адным невялічкім пакоіку быў зроблены сімвалічны алтарык, і там адпраўлялася святая Імша. І тады ўвесь гэты пакой і прылеглы да яго калідор заўсёды былі напоўнены вернікамі-вязнямі. Гэты духоўны пасілак нам быў вельмі патрэбны. Ён умацоўваў нас і даваў нам надзею…

Генрык Лібіх
Паводле: Libich, Henryk. Spod Wilna na Syberię :
wspomnienia żołnierza z pobytu
w sowieckich więzieniach i obozach katorżniczych w latach 1944–1956.

Ксёндз Ежы Росяк перад вызваленнем з лагера. Нарыльск, 1955 г.

 

Прыклад адданасці Хрысту і людзям

Успаміны кс. Ігара Лашука

Я ўпэўнены, што пакліканне кожнага святара так ці інакш звязана з прыкладам святара, які стаў для цябе аўтарытэтам. Мне ў гэтым сэнсе вельмі пашчасціла, бо па жыцці, пачынаючы з маленства, мяне суправаджала асоба цудоўнага святара, адданага сваёй справе Пастыра Ежы Росяка. Менавіта гэты ксёндз удзяліў мне ў дзяцінстве сакрамэнт хросту, даўшы імя Гжэгаж. Пазней ён жа прыняў у мяне першую споведзь і ўдзяліў першую ў жыцці святую Камунію. Маё святарскае пакліканне, я ўпэўнены, таксама ў многім адбылося дзякуючы гэтаму святару. Але ўсё па парадку.

З ранняга дзяцінства я час ад часу бачыў ксяндза Ежы Росяка ў нашай вёсцы пераважна падчас пахаванняў. Людзі яго называлі «паланецкі ксёндз», бо прыпісаны ён у тыя часы ваяўнічага атэізму быў да парафіі святога Юрыя ў в. Паланечка. Ішкалдская парафія не мела свайго святара, а ксяндзу Ежы было дазволена прыязджаць у касцёл, наколькі я памятаю, па вялікіх святах і раз на месяц у нядзелю.

Маё дзіцячае ўражанне: кс. Ежы вельмі худы, лысы, сярэдняга узросту чалавек, які размаўляе па-польску, з чаго я практычна нічога не разумеў, можа, толькі асобныя словы, і тады вельмі радаваўся, што зразумеў. Пытання, чаму гэты чалавек так размаўляе, не існавала. Гэта ж «польскі» ксёндз, а мы «польскай» веры. Пра нашае каталіцтва я даведаўся пазней. Ксёндз для нас заўсёды быў чалавекам не з «гэтага свету».

У касцёл нас у дзяцінстве не вадзілі, бо «нельга было», але пра веру нам бацькі казалі і «пацеры» дома мы вучылі. Неяк аднойчы са сваім сябрам мы пачалі размаўляць пра споведзь. Ён сказаў, што мама яго вучыць і рыхтуе да споведзі. Мая ж маці была праваслаўнай веры, але стала каталічкай, калі выйшла замуж за майго бацьку. Яна вучыла нас малітвам, але да споведзі не рыхтавала. Мне гэта моцна запала ў душу (сёння магу сказаць, што было пасеяна зярнятка – няхай сабе незразумелае і невядомае, але гэта, безумоўна, было зярнятка жывой веры). Да той размовы з сябрам, я хіба што быў раз ці два ў касцёле (штосьці асвячалі), але цяпер мне вельмі захацелася туды трапіць, аднак я не асмельваўся, мне патрэбен быў «гід».

Аднойчы, а гэта было свята Найсвяцейшай Тройцы 1980 ці 1981 года, я накіраваўся да свайго дзядзькі Казіміра ў Ішкалдзь і праходзіў каля касцёла. Там было шмат людзей, сярод якіх я ўбачыў маіх сяброў з роднай вёскі Макашы і падышоў да іх. У гэтую хвіліну распачыналася працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Памятаю, яна мяне вельмі ўразіла прыгажосцю і веліччу, а словы «на коляна», якія выгукнуў пан Пашкевіч (ён нёс працэсійны крыж), адпаведна прымусілі стаць «на коляна». Падслухаўшы словы бабулек, што ў касцёле вельмі прыгожа, я праціснуўся праз бакавы ўваход унутр святыні. У гэтую хвіліну ксёндз даваў «уцалаваць рэліквію» і мне прыйшлося гэта учыніць, бо іншага выйсця не меў – быў заціснуты з усіх бакоў. Цёплыя словыксяндза Ежы «pax tecum» (спакой з табою) і яго позірк, поўны любові і дабрыні, а да гэтага ЛАСКА БОЖАЯ праз заступніцтва святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус (пазней я даведаўся, што гэта яе рэліквія) зрабілі сваё. На зваротным шляху ў родную вёску бабулі мне расшыфравалі імя святой, абразок якой я купіў каля касцёла, бо вельмі прыцягнуў ён маю ўвагу. Выява была святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Забягаючы наперад скажу, што апеку гэтай святой я моцна адчуваю ў сваім жыцці. І вось адна з тых пажылых жанчын між іншым сказала: «Наш Чэсь кожны раз на Тройцу ходзіць да споведзі…». Зноў прагучала таямнічае слова «споведзь».

 Ксёндз Ежы з вернікамі

Па суседску з намі жыла актыўная каталічка Браніслава Яніско, якую я папрасіў, каб яна мяне падрыхтавала да споведзі. Суседка вельмі ўзрадавалася і прынесла мне катэхізіс на польскай мове, надрукаваны на машынцы кірыліцай. Я стараўся вучыць незнаёмыя словы, але хутка у большасцізразумеў сэнс, і праз два тыдні наступіў той дзень, калі «гід» пані Браніслава павяла мяне да споведзі. Я сядзеў у касцёле, паўтараючы катэхізіс і малітвы. Вельмі цяжка было завучыць «вежэ в Бога Ойца», не мог уцяміць, як гэта Езус сядзіць «на травіцы Бога Ойца....», пазней зразумеў, што гэта «правіца». Пані Броня пайшла тым часам дамаўляцца ў сакрыстыю з ксяндзом пра споведзь. Ксёндз Ежы прыняў мяне з распасцёртымі рукамі, што мяне вельмі ўразіла. Пасля прывітання, спытаўся: «Можа, будзеш ксяндзом?». Я падумаў, калі скажу «не», то ксёндз можа выгнаць, і канешне ж, сказаў: «Так». І гэта не было фальшыва. Лічу, што гэта першая і найважнейшая сустрэча са святаром, які пасеяў у маім сэрцы зерне паклікання да святарства. Упэўнены: ксёндз Ежы меў дар прадбачання, бо не ў кожнага хлопца пытаўся пра тое, ці хоча ён быць ксяндзом. Думаю, што ён таксама маліўся за мяне. Былі потым у жыцці іншыя сустрэчы з рознымі ксяндзамі, часамі такія, пасля якіх і да касцёла не хацелася ісці…

Пасля споведзі я асмялеў і пачаў хадзіць у касцёл, пазнаёміўся бліжэй з міністрантамі, і мне дазволілі падчас нядзельнай Імшы быць у сакрыстыі, праўда, патаемна, каб ніхто не бачыў. Я пасябраваў з ксяндзом Ежы, які быў для мяне добрым прыкладам. Стараўся не толькі ў нядзелю наведваць касцёл, але і ў іншыя дні, калі ксёндз прыязджаў. Да гэтага, на працягу месяца, да 15 жніўня, я падрыхтаваў да споведзі шмат дзяцей з маёй вёскі. Калі праз год я закончыў школу і паступіў ў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, першае, што зрабіў, — знайшоў касцёлы, дзе адпраўлялася святая Імша. Выпадкова пазнаёміўся з сёстрамі назарэтанкамі, якія вельмі хвалілі ксяндза Ежы Росяка і мне было вельмі прыемна, што я знаёмы з гэтым чалавекам. Я пісаў лісты ксяндзу Ежы з інстытута, а пазней і з войска. Ён стараўся вельмі далікатна падтрымліваць мяне на духу, за што я быў вельмі яму ўдзячны.

У 1986 годзе я вярнуўся з войска, і перад тым, як паехаць у Гродна, на ровары падаўся ў Паланечку, каб прывітаць ксяндза-сябра. У той час у Ішкалдзі быў ужо іншы ксёндз — Казімір Велікаселец. Ксёндз Ежы вельмі ўзрадаваўся нашай сустрэчы, падараваў мне абразок на памяць «о радосным спотканю», які я захаваў да сённяшняга дня. Думка быць святаром, ды яшчэ манахам, даспявала ўжо пры кс. Казіміру Велікасельцу. Што такое святар я ведаў, але вось што такое манах, для мяне было, як кажуць, «цёмным лесам». Кожную нядзелю я хадзіў у касцёл у Ішкалдзь, і мы з кс. Казімірам ехалі дапамагаць ксяндзу Ежы. Аднойчы пасля святой Імшы, мне здаецца 17 жніўня, ці можа 15, у Паланечцы, я яму сказаў, што хачу быць святаром. А праз дзень ці два ксёндз Ежы загінуў у аварыі. Я вельмі эмацыйна перажыў гэтую трагедыю. Я страціў добрага сябра і духоўнага айца, апеку якога заўсёды адчуваў. Ведаю, што кс. Ежы моцна хварэў, гэта і не дзіва пасля столькіх гадоў ссылкі! Калі мы сустрэліся з ім першы раз пасля майго вяртання з войска, разгаварыліся пра кветкі. Не памятаю, у якім кантэксце, але ён мне тады сказаў: «Я хіба шмат не пражыву, калі прыйдзеш, каб наведаць маю магілу, а ты ж прыйдзеш?, то прынясі кветачку і скажы: «Вот и Вам цветочек…»

Гэта мой успамін таго, што я бачыў і перажыў побач з цудоўным ксяндзом Ежы Росякам. Пазней, перабіраючы некаторыя архіўныя дакументы, я даведаўся шмат пра святарскае жыццё гэтага пазітыўнага і адважнага Пастыра. І даведаўся, як шмат падобнага было ў лёсе кс. Ежы Росяка і ў лёсе нашага кардынала Казіміра Свёнтка. Абодва нарадзіліся ў 1914 годзе, іх сем’і былі вывезены ў Сібір, калі яны яшчэ былі дзецьмі, абодва вучыліся ў Пінскай семінарыі, абодва сядзелі ў камеры смерці ў Брэсце, абодва выжылі пасля 10 гадоў ГУЛАГу, абодва сваім апекуном і заступнікам лічылі слугу Божага Зыгмунта Лазінскага… І пасля ўсіх жудасных выпрабаванняў і здзекаў не страцілі чалавечнасці, а засталіся прыкладам нязломнай веры і адданасці Хрысту не толькі для маладых святароў, але і прыкладам мужнасці і даверу Божаму Провіду для кожнага чалавека.

Я ўдзячны Пану Богу за ласку быць побач, хоць і невялікі адрэзак часу, з такім светлым і адданым высакароднай справе збаўлення душ чалавекам.


Ксёндз Ігар Гжэгаж Лашук

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней