Ружанец са святой сястрой Фаўстынай Кавальскай

Набажэнства да Маці Божай было важнаю часткаю малітоўнага жыцця святой Фаўстыны Кавальскай, вядомай сёння ва ўсім свеце сакратаркі Божай Міласэрнасці. «Я аддаю Табе маё ўнутранае жыццё, — пісала св. Фаўстына ў сваім «Дзённіку», звяртаючыся да Найсвяцейшай Панны, — кіруй усім так, каб гэта было прыемна Твайму Сыну. О Маці мая...». Мы можам маліцца Ружанец разам з гэтаю вялікаю містычкаю і візіянеркаю, вучачыся ад яе ўсім сэрцам любіць Божую Маці і аддаваць у Яе ласкавыя матчыныя рукі сваё духоўнае жыццё.


Прапанаваныя разважанні для ружанцовай малітвы складзеныя паводле «Дзённіка» святой Фаўстыны Кавальскай. 

Уступная малітва

Пане, Езу Хрыстэ, мы прыходзім да Цябе, каб праз святы Ружанец разважаць над таямніцамі Тваёй міласэрнай любові да людзей, пачынаючы з Твайго зачацця ва ўлонні Марыі, Тваёй Маці, ажно да Яе ўнебаўзяцця. Дапамажы, каб мы лепш наследавалі Цябе і Тваю Маці, аказваючы міласэрнасць іншым, а таксама каб мы мацней верылі, што праз заступніцтва Тваёй і нашай Маці мы атрымаем тое, што абяцае Твая бязмежная міласэрнасць. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн. 

Радасныя таямніцы

«...Я ўбачыла Маці Божую паміж небам і зямлёю, у светлым адзенні, Яна малілася са складзенымі на грудзях рукамі, углядваючыся ў неба, а з Яе Сэрца сыходзілі агністыя прамяні — адны ішлі ў неба, а другія пакрывалі нашую зямлю. <...> 

О Панна Прамяністая, чыстая, як крышталь, цалкам заглыбленая ў Бога, я аддаю Табе маё ўнутранае жыццё, кіруй усім так, каб гэта было прыемна Твайму Сыну. О Маці мая...»

                                                                                                                                                                        Св. сястра Фаўстына Кавальская, «Дзённік», 33; 844

Першая таямніца. Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі

«І сказаў Ёй анёл: „Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага“. <...> Тады Марыя сказала: „Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова“». 

Лк 1, 30–32. 38

«Найвялікшую любоў і бездань міласэрнасці мы спазнаем ва Уцелаўленні Слова <...> Сёння я адчула блізкасць сваёй Маці — нябеснай Маці, хоць перад кожнаю святою Камуніяй я горача прашу Маці Божую, каб Яна дапамагла мне падрыхтаваць душу да прыйсця свайго Сына, і ясна адчуваю над сабою Яе апеку. Я вельмі прашу Яе, каб Яна пажадала распаліць ува мне агонь Божай любові, якою палала Яе чыстае Сэрца ў момант Уцелаўлення Слова Божага».

Св. сястра Фаўстына Кавальская, «Дзённік», 180; 1114

Другая таямніца. Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты

«Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. Яна ўвайшла ў дом Захарыі і прывітала Альжбету. <...> Прабыла Марыя ў Альжбеты каля трох месяцаў і вярнулася ў дом свой».

Лк 1, 39–40.56

«[Езус сказаў]: Дачка Мая, падчас гэтай медытацыі разважай над любоўю да бліжняга: ці кіруе тваёю любоўю да бліжніх Мая любоў, ці молішся ты за ворагаў? Ці жадаеш ты дабра тым, хто цябе якімсьці чынам засмуціў або абразіў? Ведай, што ўсё дабро, якое ты ўчыніш якой-небудзь душы, Я прыму так, быццам ты ўчыніла гэта Мне».

Св. сястра Фаўстына Кавальская, «Дзённік», 1768

Трэцяя таямніца. Нараджэнне Езуса Хрыста

«...Надышоў Ёй час нарадзіць. І нарадзіла Сына свайго першароднага. І спавіла Яго, і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе».

Лк 2, 6–7

 «Прыйшоўшы на Пастэрку, тут жа на пачатку святой Імшы я пагрузілася ў глыбокую засяроджанасць, у якой бачыла бэтлеемскую стаенку, залітую вялікім святлом. Найсвяцейшая Панна, напоўненая вялікаю любоўю, спавівала Езуса, а св. Юзаф яшчэ спаў. Толькі калі Божая Маці паклала Езуса ў яслі, тады святло Божае абудзіла Юзафа, які таксама пачаў маліцца. Аднак праз хвіліну я засталася самнасам з малым Езусам, які працягваў да мяне свае ручаняты, і я здагадалася ўзяць Яго да сябе на рукі. Езус прытуліў сваю галоўку да майго сэрца і сваім глыбокім паглядам даў мне зразумець, што Яму добра каля майго сэрца».

Св. сястра Фаўстына Кавальская, «Дзённік», 1442

Чацвёртая таямніца. Ахвяраванне Хрыста ў святыні

«...Благаславіў іх Сімяон, і сказаў Марыі, Маці Яго: „Вось гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць. А праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў“».

Лк 2, 34–35

«О Марыя, сёння страшны меч прабіў Тваю святую душу, але апрача Бога ніхто не ведае пра Тваё цярпенне. Твая душа не надламаная, яна мужная, бо прабывае з Езусам. Маці наймілейшая, злучы маю душу з Езусам, бо толькі тады я вытрываю ўсе выпрабаванні і цяжкасці, і толькі ў лучнасці з Езусам мае ахвяркі будуць прыемныя Богу. Маці наймілейшая, вучы мяне ўнутранаму жыццю, няхай меч цярпенняў ніколі мяне не разаб’е. О чыстая Дзева, улі ў маё сэрца мужнасць і сцеражы яго».

Св. сястра Фаўстына Кавальская, «Дзённік», 915

Пятая таямніца. Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні

«Бaцькi Езуса хaдзiлі штогод у Ерузaлем нa свята Пaсхi. <...> Калі па заканчэнні дзён свята вярталіся, зaстaўся Хлопец Езус у Ерузaлеме, i не заўважылі гэтага Ягoныя бaцькi. <...> I пaсля трoх дзён знaйшлі Ягo ў святынi. Ён сядзеў сярoд настаўнікаў, слухaючы iх i пытaючыся ў iх».

Лк 2, 41–46

«Я не шукаю шчасця па-за душою, у якой прабывае Бог. Я радуюся ва ўласнай душы. Тут я пастаянна з Ім прабываю, тут мая найбольш цесная сувязь з Ім, тут я з Ім знаходжуся ў бяспецы, сюды не пранікае людскі позірк. Найсвяцейшая Панна заахвочвае мяне да такіх зносінаў з Богам».

Св. сястра Фаўстына Кавальская, «Дзённік», 454

* * *

«Езу, Крыніца жыцця, асвячай мяне. Моц мая, умацоўвай мяне. Правадыр мой, змагайся за мяне. Адзінае Святло маёй душы, асвячай мяне. Настаўнік мой, вядзі мяне, я разлічваю на Цябе, як немаўля — на любоў сваёй маці. Калі ўсё паўстане супраць мяне і нават калі зямля пахіснецца пад маімі нагамі, я буду спакойная каля Твайго Сэрца».

Св. сястра Фаўстына Кавальская, «Дзённік», 1490

Таямніцы святла

«О спрадвечнае Святло, што прыходзіш на гэтую зямлю, прасвятляй мой розум і ўмацоўвай маю волю, каб я не стамілася ў хвіліны цяжкіх выпрабаванняў. Няхай Тваё святло рассее ўсялякі цень сумнення, няхай Твая ўсемагутнасць дзейнічае праз мяне. Давяраю Табе, о Святло нястворанае».

Св. сястра Фаўстына Кавальская, «Дзённік», 830

Першая таямніца. Хрост Езуса ў Ярдане

«Калі хрысціўся ўвесь народ і калі Езус, прыняўшы хрост, маліўся, раскрылася неба, і Дух Святы ў цялесным выглядзе, як голуб, сышоў на Яго, і быў голас з неба: „Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я“». 

Лк 3, 21–22

«Аднаго разу пасля святой Камуніі я пачула гэтыя словы: Ты — жытло для Нас. У той момант я адчула ў душы прысутнасць Святой Тройцы — Айца, Сына і Духа Святога, я адчувала сябе святыняю Божаю, адчувала, што я — дзіця Айца. Я не магу ўсяго растлумачыць, але душа гэта добра разумее. О бясконцая Дабрыня, як моцна Ты прыніжаешся да мізэрнага стварэння».

Св. сястра Фаўстына Кавальская, «Дзённік», 451

Другая таямніца. Езус аб’яўляе сябе на вяселлі ў Кане

«Маці Яго сказала слугам: „Тое, што Ён скажа вам, зрабіце“».

                                                                             Ян 2, 5

«...Я засталася адна з Найсвяцейшаю Маці, якая навучала мяне наконт Божай волі, як ёю карыстацца ў жыцці, цалкам падпарадкоўваючыся Яго найсвяцейшым прысудам. Немагчыма падабацца Богу, не выконваючы Яго святой волі. «Дачка Мая, Я настойліва рэкамендую табе верна выконваць усе Божыя пажаданні, бо гэта найбольш прыемнае Яго святым вачам. Я вельмі хачу, каб ты ў гэтым вызначылася, гэта значыць у вернасці выканання волі Бога. Гэтую волю Бога пастаў панад усімі ахвярамі і ўсеспаленнямі». Калі Маці Божая казала мне гэта, у маю душу ўваходзіла глыбокае зразуменне волі Бога».

Св. сястра Фаўстына Кавальская, «Дзённік», 1244

Трэцяя таямніца . Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання

«...Ён праходзіў па гарадах і паселішчах, прапаведуючы і абвяшчаючы Добрую Навіну пра Валадарства Божае».

Лк 8, 1

«Пан сказаў мне: Дачка Мая, не спыняйся ў абвяшчэнні Маёй міласэрнасці. <...> О Любоў Адвечная, я прагну, каб Цябе спазналі ўсе душы, якія Ты стварыў. Я хацела б стаць святаром, каб пастаянна гаварыць пра Тваю міласэрнасць грэшным душам, пагружаным у роспач. Я жадала б стаць місіянерам і несці святло веры ў варварскія краіны, каб даць душам спазнаць Цябе, каб, ахвяруючы сябе за іх, памерці мучаніцкаю смерцю, якою Ты памёр за мяне і за іх. О Езу, я ведаю вельмі добра, што магу быць святаром, місіянерам, прапаведнікам, магу памерці мучаніцкаю смерцю праз поўнае самазнішчэнне і самаадрачэнне з любові да Цябе, Езу, і да несмяротных душаў».

Св. сястра Фаўстына Кавальская, «Дзённік», 1521; 302

Чацвёртая таямніца. Перамяненне Езуса на гары Табор

«І праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і павёў іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі. Аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло».

Мц 17, 1–2

«Езу мой, прасякні ўсю мяне, каб я магла адлюстраваць Цябе ўсім сваім жыццём. Абагаві мяне, каб мае ўчынкі мелі звышнатуральную каштоўнасць. Учыні так, каб да кожнай душы, без выключэння, ува мне была любоў, літасць і міласэрнасць. <...> Я прагну ўся перамяніцца ў Тваю міласэрнасць і быць жывым адлюстраваннем Цябе, о Пане; няхай гэта найвялікшая ўласцівасць Бога — Яго неспасцігальная міласэрнасць — пройдзе праз сэрца і душу маю да бліжніх. <...>  О Езу мой, перамяні мяне ў Сябе, бо Ты ўсё можаш».

Св. сястра Фаўстына Кавальская, «Дзённік», 1242; 163

Пятая таямніца. Устанаўленне Эўхарыстыі

«Я — хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе спажываць гэты хлеб, будзе жыць вечна».

Ян 6, 51

 «Сёння я рыхтуюся да прыйсця Валадара. <...> Калі Ён увайшоў у святліцу майго сэрца, мая душа праніклася такою вялікаю пашанаю, што са страху самлела, падаючы да Яго ног. Езус падаў ёй сваю руку і ласкава дазволіў сесці каля сябе. Супакойваў яе: Бачыш, Я пакінуў нябесны трон, каб з’яднацца з табою. Тое, што ты бачыш, — гэта ўсяго толькі частачка, а твая душа ўжо млее ад любові, але як жа будзе ўражана тваё сэрца, калі ты ўбачыш Мяне ва ўсёй хвале! Але Я хачу табе сказаць, што гэтае вечнае жыццё павінна пачацца ўжо тут, на зямлі, праз святую Камунію. Кожная святая Камунія робіць цябе больш здольнаю да зносінаў з Богам на працягу усёй вечнасці».

Св. сястра Фаўстына Кавальская, «Дзённік», 1810

 * * *

«Марыя, Маці мая і Пані мая, я аддаю Табе маю душу і цела, маё жыццё і смерць, і тое, што пасля яе настане. Усё аддаю ў Твае рукі, о Маці мая, ахіні маю душу сваім дзявочым покрывам і ўдзялі мне ласку чысціні сэрца, душы і цела, і барані мяне сваёю моцаю ад усіх непрыяцеляў...»

Св. сястра Фаўстына Кавальская, «Дзённік», 79

Балесныя таямніцы

«Езус мне сказаў, што больш за ўсё я Яму падабаюся, калі разважаю над Яго балеснаю Мукаю, і праз гэтае разважанне на маю душу сыходзіць шмат святла. Хто хоча навучыцца сапраўднай пакоры, няхай разважае над мукаю Езуса. <...> Я хачу быць падобнаю да Цябе, Езу, да Цябе ўкрыжаванага, замучанага, прыніжанага. Езу, захавай у маёй душы і сэрцы сваю пакору. Я люблю Цябе, Езу, да шаленства. Цябе, вымучанага, такога, пра якога сведчыць прарок, як бы ён не мог убачыць у Табе чалавечага аблічча з-за Тваіх вялікіх цярпенняў. У такім стане я люблю Цябе, Езу, да шаленства. Божа спрадвечны і бязмерны, што ўчыніла з Табою любоў?..»

Св. сястра Фаўстына Кавальская, «Дзённік», 267

Першая таямніца. Малітва Езуса ў садзе Аліўным

«А сам адышоў ад іх, як кінуць камень, укленчыў і маліўся, кажучы: „Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца“. <...> І, моцна пакутуючы, Ён маліўся яшчэ больш. А пот Ягоны быў, быццам кроплі крыві, што падалі на зямлю».

Лк 22, 41–44

 «Вечарам, увайшоўшы ў малую каплічку, я пачула ў душы такія словы: Дачка Мая, разважай над гэтымі словамі: „І, моцна пакутуючы, Ён маліўся яшчэ больш“. Калі я пачала глыбей задумвацца, шмат святла вылілася на маю душу. Я зразумела, наколькі неабходна нам трываласць у малітве і што ад такой нялёгкай малітвы часта залежыць нашае збаўленне».

Св. сястра Фаўстына Кавальская, «Дзённік», 157

Другая таямніца. Бічаванне Езуса

«Пілат <...> зноў выйшаў да юдэяў і сказаў ім: „Я не знаходжу ў Ім ніякай віны. <...> Калі хочаце, я адпушчу вам караля Юдэйскага?“ Тады яны зноў закрычалі: „Не Яго, але Барабу!“ <...> Тады Пілат узяў Езуса і аддаў на бічаванне».

Ян 18, 38–40; 19, 1

«...Я ўбачыла Пана Езуса — як Ён цярпеў бічаванне. О гэтыя неспасцігальныя мучэнні! Як страшна Езус цярпеў пры бічаванні. О бедныя грэшнікі, як вы сустрэнецеся ў Судны дзень з гэтым Езусам, якога цяпер так катуеце? Яго Кроў сплывала на зямлю, а ў некаторых месцах Цела пачало адпадаць. І я бачыла на плячах Яго пару касцей, якія агаліліся з цела... Ціхі Езус выдаваў стогн і ўздыханне».

Св. сястра Фаўстына Кавальская, «Дзённік», 188

Трэцяя таямніца. Укаранаванне Езуса цернем

«І сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і далі Яму ў правую руку трысціну. Становячыся перад Ім на калені, насміхаліся з Яго, кажучы: „Вітай, кароль Юдэйскі!“ І плявалі на Яго, бралі трысціну і білі Яго па галаве».

Мц 27, 29–30

«...Пасля бічавання каты ўзялі Пана і знялі з Яго шату, якая ўжо прыліпла да Ранаў; пры зняцці зноў адкрыліся Яго Раны. Тады яны накінулі на Пана чырвоны плашч, брудны і абшарпаны — на свежыя раны. Гэты плашч толькі ў некаторых месцах ледзьве даставаў да каленяў. І загадалі Пану сесці на кавалак бэлькі; тады сплялі карону з церняў і адзелі на святую галаву, і далі Яму ў рукі трысціну. І насміхаліся з Яго, аддаючы Яму паклоны, як каралю, плявалі Яму ў твар, а іншыя бралі трысціну і білі Яго па галаве, іншыя кулакамі прычынялі Яму боль, а іншыя закрылі Яму твар і білі Яго кулакамі. Ціха цярпеў гэта Езус. Хто зразумее Яго — Ягонае цярпенне? Позірк Езуса быў скіраваны на зямлю; я адчула, што тады адбывалася ў наймілейшым Сэрцы Езуса. Няхай кожная душа разважае над тым, што Езус цярпеў у той момант, калі наперабой зневажалі Пана. Я думала, адкуль такая злосць у чалавеку, і ўсё ж гэта ўчыняе грэх — тут сустрэліся Любоў і грэх».

Св. сястра Фаўстына Кавальская, «Дзённік», 408

Чацвёртая таямніца. Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую

«А калі насмяяліся з Яго, знялі з Яго плашч і апранулі ў Ягоную вопратку, і павялі на ўкрыжаванне. Выходзячы, яны сустрэлі аднаго кірынэйца па імені Сымон, якога прымусілі несці крыж Езуса».

Мц 27, 31–32

«Яшчэ не ўсё ведае свет пра тое, што выцерпеў Езус. Я суправаджала Яго ў Аліўным садзе і ў цямніцы, на судовых допытах, я была з Ім падчас кожнага Яго мучэння. Паза маёю ўвагаю не застаўся ніводзін Яго рух, ніводзін Яго позірк, я спазнала поўную ўсемагутнасць Яго любові і міласэрнасць да душаў».

Св. сястра Фаўстына Кавальская, «Дзённік», 1054

Пятая таямніца. Укрыжаванне і смерць Езуса

«І калі прыйшлі на месца, званае Чэрап, там укрыжавалі Яго і злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку. А Езус сказаў: „Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць“. <...> І было ўжо каля шостай гадзіны, і цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай. <...> І Езус закрычаў моцным голасам: „Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой“. І, сказаўшы гэта, сканаў».

Лк 23, 33–34.44.46

«А трэцяй гадзіне я ўбачыла ўкрыжаванага Пана Езуса, які зірнуў на мяне і прамовіў: Прагну. У гэты момант я ўбачыла, як з Яго боку выйшлі тыя самыя два прамяні, такія ж, як на гэтым абразе. Раптам я адчула ў душы прагу збаўлення душаў і самаахвяравання за бедных грэшнікаў. <...> Езус ужо завяршыў сваё смяротнае жыццё, я чула Яго сем словаў, пасля Ён зірнуў на мяне і сказаў: Любая дачка Майго сэрца, ты для Мяне — прахалода сярод страшных мукаў».

Св. сястра Фаўстына Кавальская, «Дзённік», 648; 1058

* * *

«Маці Божая, Твая душа была пагружана ў мора горычы, узглянь на сваё дзіця і навучы цярпець і любіць у цярпенні. Умацуй маю душу, каб боль яе не зламаў. Маці ласкі, навучы мяне жыць з Богам».

Св. сястра Фаўстына Кавальская, «Дзённік», 315

Хвалебныя таямніцы

«О Маці, Беззаганная Панна,
У Табе я бачу промень Бога.
Ты мяне вучыш, як сярод бураў любіць Пана,
Ты — апора мая і абарона ад ворага».

                                           Св. сястра Фаўстына Кавальская, «Дзённік», 1232

Першая таямніца. Уваскрасенне Хрыста

«Анёл жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: „Не бойцеся! Ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага. Яго тут няма, Ён уваскрос, як сказаў. Падыдзіце, пабачце месца, дзе быў пакладзены...“ <...> І вось, Езус, выйшаўшы ім насустрач, сказаў: „Вітайце“. <...> Нарэшце, з’явіўся Адзінаццаці, калі яны сядзелі за сталом, і папракаў іх за бязвер’е і жорсткасць сэрца, бо не паверылі тым, хто бачыў Яго ўваскрослага».

Мц 28, 5–6.9; Мк 16, 14

«Сёння ў часе рэзурэкцыі я ўбачыла [ў] вялікім ззянні Пана Езуса, які наблізіўся да мяне і прамовіў: Супакой вам, дзеці Мае, — узняў руку і благаславіў. Раны на руках, на нагах і ў боку былі незацягнутыя, але яны ззялі. Калі Ён зірнуў на мяне з такою ласкаю і любоўю, што ўся мая душа патанула ў Ім, Ён мне сказаў: Ты прыняла вялікі ўдзел у Маёй муцы, таму Я даю табе гэты вялікі ўдзел у Маёй хвале і ў радасці».

Св. сястра Фаўстына Кавальская, «Дзённік», 205

Другая таямніца. Унебаўшэсце Хрыста

«І пасля размовы з імі Пан Езус узнёсся ў неба і сеў праваруч Бога. А яны пайшлі і паўсюль прапаведавалі. Пан садзейнічаў ім і пацвярджаў слова знакамі, што яму спадарожнічалі». 

Мк 16, 19–20

«Сёння я суправаджала Пана Езуса, калі Ён узыходзіў на неба. <...> У гэты час я ўбачыла сябе сярод вялікага мноства вучняў, побач з апосталамі і Маці Божаю; Езус казаў, каб ішлі на ўвесь свет, навучаючы ў Імя Маё. Ён выцягнуў руку, паблагаславіў іх і знік у воблаку. Я бачыла тугу Найсвяцейшай Панны. Яе душа ўсёю сілаю любові засумавала па Езусу, але Яна была такая спакойная і адданая Богу, што ў Яе сэрцы не было аніякага іншага парыву, апрача пажаданага Богу».

Св. сястра Фаўстына Кавальская, «Дзённік», 1710

Трэцяя таямніца. Спасланне Духа Святога

«Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе былі разам у тым самым месцы. І раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе сядзелі яны. І з’явіліся ім языкі падзеленыя, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным з іх. І напоўніліся ўсе Духам Святым, і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім прамаўляць».

Дз 2, 1–4

 «Я перажываю хвіліны з Найсвяцейшаю Маці. З вялікаю тугою чакаю прыйсця Пана. У мяне вялікія жаданні. Я хачу, каб усе народы спазналі Пана, прагну падрыхтаваць усе народы да прыйсця Уцелаўлёнага Слова. О Езу, учыні, каб крыніца Тваёй міласэрнасці выплыла з большаю шчодрасцю, бо чалавецтва вельмі схварэлае...»

Св. сястра Фаўстына Кавальская, «Дзённік», 793

Чацвёртая таямніца. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі

«І цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні. Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны...»

Лк 1, 48–49

 «Падчас разважання Божая прысутнасць жыва прасякнула мяне і я адчула радасць Найсвяцейшай Панны ў момант Яе ўнебаўзяцця… <...> Калі мы засталіся самнасам з Найсвяцейшаю Паннаю, Яна навучала мяне духоўнаму жыццю. Яна казала мне: „Сапраўдная веліч душы ў тым, каб любіць Бога і прыніжаць сябе побач з Ім, цалкам забыць пра сябе і лічыць сябе мізэрнасцю, бо вялікі ёсць Пан, але толькі да пакорных Ён прыхільны, а ганарлівым заўсёды працівіцца“».

Св. сястра Фаўстына Кавальская, «Дзённік», 1244; 1711

Пятая таямніца. Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі

«Устаноўленая Панам Каралева неба і зямлі, узвышаная над усімі хорамі анёльскімі і іерархіяй святых, стоячы па правіцы свайго Адзінароднага Сына, Пана нашага Езуса Хрыста, Яна моцна заступаецца за нас сваімі мацярынскімі просьбамі, атрымліваючы тое, чаго прагне, і не можа быць падманутая». 

Пій ІХ 

 «З самай раніцы я адчувала блізкасць Найсвяцейшай Маці. У часе святой Імшы я ўбачыла Яе такою прыгожаю і цудоўнаю, што ў мяне няма словаў, каб я магла выказаць хоць бы частку гэтага хараства. Яна была ўся белая, падперазаная блакітнаю стужкаю, плашч — таксама блакітны, на галаве — карона; уся Яе постаць выпраменьвала дзіўнае святло. „Я — Валадарка неба і зямлі, але найперш — ваша Маці“».

Св. сястра Фаўстына Кавальская, «Дзённік», 805

* * *

«Марыя, Беззаганная Дзева, вазьмі мяне пад сваю асаблівую апеку і ахоўвай чысціню маёй душы, сэрца і цела. Ты — узор і зорка майго жыцця».

Св. сястра Фаўстына Кавальская, «Дзённік», 805 


 Падрыхтавана паводле выдання: 
Różaniec ze świętą Siostrą Faustyną. Częstochowa, 2004 
(wybór tekstów: s. M. Elżbieta Siepak ZMBM)

Загалоўнае фота: Łukasz Trzciński

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней