Навэнна да святога Яна Паўла ІІ
27.04.2014|Навэнны

Святы Ян Павел ІІ ужо задоўга да кананізацыі стаў нябесным заступнікам для многіх з нас. Як пры жыцці, так і пасля смерці ён з’яўляецца для нас мудрым настаўнікам у веры і малітве, апекуном слабых, адзінокіх і пакінутых, увасабленнем працавітасці і запалу ў рэалізацыі свайго паклікання. У навэнне, якую мы прапануем, згадваюцца найбольш істотныя аспекты веры, на якія звяртаў увагу Святы Айцец. Паслухаем жа яго слова разам з Божым словам і... адкажам малітваю свайго сэрца.

Першы дзень навэнны
БОЖАЯ ЛЮБОЎ

Божае слова

Бог даказвае сваю любоў да нас тым, што Хрыстус памёр за нас, калі мы былі яшчэ грэшнікамі.

Рым 5, 8

Слова Яна Паўла ІІ

У канчатковым рахунку наш свет жыве дзякуючы дабрыні і міласэрнасці Бога, у якой людзі сустракаюцца адзін з адным. Хіба кожны з нас не чакае, што іншы чалавек будзе добрым да яго, ацэніць яго, падбадзёрыць, дапаможа ў складанай сітуацыі? Досвед міласэрнасці абуджае ў нас надзею на сустрэчу з канчатковым і найвышэйшым Дабром: з бязмежным і вечным Богам, які дарыць чалавеку сваю прыхільнасць.

Мюнстэр, 1 мая 1987 г.

Малітва

Найсвяцейшая Тройца, дзякуем Табе за тое, што дала Касцёлу папу Яна Паўла ІІ, просім згодна з Тваёй воляй і праз яго заступніцтва, навучы нас распазнаваць і прымаць Тваю сапраўдную Любоў — бязмежную і вечную. Амэн.


Другі дзень навэнны
САМАСВЯДОМАСЦЬ ЧАЛАВЕКА

Божае слова

Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.

1 Ян 4, 16

Слова Яна Паўла ІІ

Чалавек не можа жыць без любові. Чалавек застаецца сам для сябе істотаю незразумелаю, а яго жыццё — пазбаўленым сэнсу, калі яму не аб’явіцца Любоў, калі ён не сустрэнецца з Любоўю, калі не дакранецца да яе і не зробіць яе нейкім чынам сваёю, калі не знойдзе ў ёй жывога ўдзелу.

Энцыкліка Redemptor Hominis

Малітва

Найсвяцейшая Тройца, дзякуем Табе за тое, што дала Касцёлу папу Яна Паўла ІІ, просім згодна з Тваёй воляй і праз яго заступніцтва, напоўні ўсё нашае жыццё Тваёю любоўю, каб мы сваім жыццём давалі сведчанне пра Цябе, пра Тваю бязмежную любоў. Амэн.

 

Трэці дзень навэнны
ХРЫСЦІЯНСКАЯ СВАБОДА

Божае слова

Дзеля свабоды вызваліў вас Хрыстус. Таму трывайце і не паддавайцеся ярму няволі.

Гал 5, 1

Слова Яна Паўла ІІ

Езус Хрыстус абвяшчаў Валадарства праўды, любові і супакою — трох непарыўных каштоўнасцяў. Людзі павінны жадаць, каб гэтыя каштоўнасці сталі часткаю іх жыцця і ўвайшлі ў іх узаемаадносіны. Супакой прыходзіць толькі тады, калі чалавечыя істоты імкнуцца да праўды і любові ў сваіх стасунках з іншымі, калі адкрываюць, кім яны на самай справе з’яўляюцца, і калі прызнаюць ролі і памкненні адзін аднаго.

Гаага, 13 мая 1985 г.

Малітва

Найсвяцейшая Тройца, дзякуем Табе за тое, што дала Касцёлу папу Яна Паўла ІІ, просім згодна з Тваёй воляй і праз яго заступніцтва, дапамагай нам, уваскрашоным са смерці граху праз хрост, цешыцца паўнатою жыцця Божых дзяцей. Амэн.


Чацвёрты дзень навэнны
ВЕРА Ў МІЛАСЭРНАСЦЬ

Божае слова

Бог, будучы багатым на міласэрнасць, у сваёй вялікай любові палюбіў нас, і нас, мёртвых з-за грахоў, ажывіў разам з Хрыстом.

Эф 2, 4–5

Слова Яна Паўла ІІ

...Касцёл нашага часу павінен скіроўваць да Бога «вялікі кліч» аб міласэрнасці, якую ён сам абвяшчае і вызнае ў Езусе Хрысце ўкрыжаваным і ўваскрослым, або ў пасхальнай таямніцы. Гэтая таямніца заключае ў сабе самае поўнае аб’яўленне міласэрнасці, іншымі словамі, той любові, якая магутнейшая за смерць, магутнейшая за грэх і ўсялякае зло, любові, якая ўздымае чалавека з найбольшых упадкаў і вызваляе ад найбольшых пагрозаў.

Энцыкліка Dives in Misericordia

Малітва

Найсвяцейшая Тройца, дзякуем Табе за тое, што дала Касцёлу папу Яна Паўла ІІ, просім згодна з Тваёй воляй і праз яго заступніцтва, адкрый перад намі вялікі скарб Тваёй бязмежнай міласэрнасці, каб мы ніколі не баяліся звяртацца да Цябе і шукаць у Цябе дапамогі. Амэн.


Пяты дзень навэнны
З’ЯДНАНЫЯ Ў ЭЎХАРЫСТЫІ

Божае слова

Келіх благаслаўлення, які благаслаўляем, ці не з’яўляецца ўдзелам у Крыві Хрыста? Хлеб, які ламаем, ці ж не з’яўляецца ўдзелам у Целе Хрыста? Адзін ёсць хлеб, адно цела – мы многія. Бо мы ўсе саўдзельнікі аднаго Хлеба.

1 Кар 10, 16–17

Слова Яна Паўла ІІ

Дар Хрыста і Яго Духа, які мы атрымліваем ў эўхарыстычнай Камуніі, шчодра задавольвае гарачыя жаданні братняй еднасці, якія тояцца ў людскіх сэрцах, і адначасова ўздымае досвед братэрства, уласцівага супольнаму ўдзелу ў тым самым эўхарыстычным стале, на ўзровень значна вышэйшы за звыклае людское гасцяванне.

Энцыкліка Ecclesia de Eucharistia

Малітва

Найсвяцейшая Тройца, дзякуем Табе за тое, што дала Касцёлу папу Яна Паўла ІІ, просім згодна з Тваёй воляй і праз яго заступніцтва, учыні, каб мы праз поўны ўдзел у святой Імшы як мага часцей ядналіся ў эўхарыстычнай Камуніі з нашым Панам і Богам. Амэн.


Шосты дзень навэнны
З’ЯДНАНЫЯ Ў ЛЮБОВІ

Божае слова

Умілаваныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога.

1 Ян 4, 7

Слова Яна Паўла ІІ

Бог ёсць Любоў і ў самім сабе перажывае таямніцу асабовай камуніі любові. Ствараючы чалавека паводле свайго вобразу і нястомна падтрымліваючы яго існаванне, Бог упісвае ў чалавечнасць мужчыны і жанчыны пакліканне, а значыць, таксама здольнасць і адказнасць за любоў і супольнасць. Такім чынам, любоў — асноўнае і натуральнае пакліканне кожнай чалавечай істоты.

Апостальская адгартацыя Familiaris consortio

Малітва

Найсвяцейшая Тройца, дзякуем Табе за тое, што дала Касцёлу папу Яна Паўла ІІ, просім згодна з Тваёй воляй і праз яго заступніцтва, благаславі сем’і, каб яны, жывучы ў любові, станавіліся ўсё больш дасканалым вобразам еднасці Хрыста з Касцёлам. Амэн.


Сёмы дзень навэнны
ДАПАМОГА ДУХА СВЯТОГА

Божае слова

Таксама і Дух дапамагае ў слабасцях нашых, бо мы не ведаем, аб чым трэба маліцца, але сам Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі. Той жа, хто даследуе сэрцы, ведае, чаго прагне Дух, бо Ён заступаецца за святых па волі Божай.

Рым 8, 26–27

Слова Яна Паўла ІІ

Дух удзяляе чалавеку «святло і сілы, каб ён быў здольны адказаць на сваё найвышэйшае пакліканне»; дзякуючы Духу «чалавек праз веру даходзіць да сузірання і разумення таямніцы Божага плану».

Энцыкліка Redemptoris Missio

Малітва

Найсвяцейшая Тройца, дзякуем Табе за тое, што дала Касцёлу папу Яна Паўла ІІ, просім згодна з Тваёй воляй і праз яго заступніцтва, адары нас дарамі Духа Святога ,каб мы маглі распазнаць, чаго Ты ад нас чакаеш, і змаглі выканаць Тваю святую волю. Амэн.

 

Восьмы дзень навэнны
ЖЫЦЦЁ Ў ПРАЎДЗЕ

Божае слова
...Пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас.

Ян 8, 32


Слова Яна Паўла ІІ
Перш за ўсё Хрыстус аб’яўляе, што ўмоваю сапраўднай свабоды з’яўляецца шчырае і адкрытае прызнанне праўды.


Энцыкліка Veritatis Splendor


Малітва
Найсвяцейшая Тройца, дзякуем Табе за тое, што дала Касцёлу папу Яна Паўла ІІ, просім згодна з Тваёй воляй і праз яго заступніцтва, вядзі нас шляхамі сваёй праўды і дапамажы, каб мы заўсёды заставаліся ёй верныя. Амэн.



Дзявяты дзень навэнны
TOTUS TUUS

Божае слова

Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў Маці: «Жанчына, вось сын Твой». Потым сказаў вучню: «Вось Маці твая».

Ян 19, 26–27

Слова Яна Паўла ІІ

Праз рукі Марыі, умілаванай Маці, аддаю Табе самога сябе, маё цяперашняе жыццё і будучыню, каб я выканаў сваё служэнне так, як Ты гэтага прагнеш.

Рым, 16 кастрычніка 2003

Малітва

Найсвяцейшая Тройца, дзякуем Табе за тое, што дала Касцёлу папу Яна Паўла ІІ, просім згодна з Тваёй воляй і праз яго заступніцтва, ахоўвай нас пад плашчом Найсвяцейшай Панны Марыі у кожнай небяспецы душы і цела, якая нам пагражае. Апякуйся намі ў хвіліну нашай смерці, каб мы маглі атрымаць радасць жыцця вечнага. Амэн.

Пераклад з польскай мовы.
Паводле: Święty Jan Paweł II. Nowenna i litania. — Warszawa, «Paulistki», 2014.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней