У 1625–1629 гг. у Вільні панавала некалькі надзвычай небяспечных эпідэмій. Людзі масава пакідалі месцы свайго жыхарства, нават пакідалі сваіх хворых родных. Часта хворыя ляжалі на вуліцах або ў зачыненых дамах. Разам з іншымі святарамі айцец Андрэй апекаваўся хворымі і галоднымі, не зважаючы на тое, што мог заразіцца сам. Ён спавядаў верных, удзяляў ім святыя сакрамэнты і хаваў памерлых. Традыцыя сведчыць, што дзякуючы заступніцтву св. Андрэя Баболі ў 1709–1710 гг. ад заразы быў уратаваны Пінск і яго ваколіцы.
На нашых старонках у Facebook, Vk, Instagram, Ok мы распачынаем навэнну перад успамінам святога Анрэя Баболі (16 мая) і будзем публікаваць малітву на кожны дзень навэнны. Далучайцеся!
Кожны дзень навэнны чытаюцца:
Уступная малітва; Літанія да св. А. Баболі; малітва на кожны дзень навэнны; Ойча наш…, Вітай, Марыя…, Хвала Айцу…; Святы Андрэй Баболя, маліся за нас. Святы Андрэй Баболя, заступайся за нас перад Богам.
Уступная малітва
Усёмагутны, вечны Божа! Будзь праслаўлёны за свет, які Ты для нас стварыў, і за людзей, якіх ставіш на дарозе нашага жыцця. Дзякуем Табе за святога Андрэя Баболю, нашага нястомнага заступніка ў нядолі і цяжкасцях лёсу, якога Ты ўзвялічыў за яго асаблівую веру, ахвярнасць і любоў. Міласэрны Божа, звяртаемся да Цябе з пакорнаю просьбаю, каб праз заступніцтва святога Андрэя мы змаглі мужна вытрываць усе выпрабаванні, звязаныя з эпідэміяй, каб паглыбілася нашая вера, надзея і любоў; захавай, просім, ад гэтай страшнай хваробы нашыя сем’і, рэлігійныя супольнасці і наш народ. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Літанія да святога Андрэя Баболі
Кірые, элейсон, — Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон,
Хрыстэ, пачуй нас, — Хрыстэ, выслухай нас.
Ойча з неба, Божа, — змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
Духу Святы, Божа,
Святая Тройца, адзіны Божа, — змілуйся над намі.
Святая Марыя — маліся за нас.
Святы Андрэй Баболя,
Святы Андрэй, верны паслядоўнік Добрага Пастыра,
Святы Андрэй, напоўнены Духам Божым,
Святы Андрэй, які ўшаноўваў Беззаганна Зачатую Панну Марыю,
Святы Андрэй, духоўны сын святога Ігнацыя Лаёлы,
Святы Андрэй, які палюбіў Бога і бліжніх ажно да ахвяравання свайго жыцця,
Святы Андрэй, адданы Богу і бліжнім у штодзённым жыцці,
Святы Андрэй, злучаны з Богам праз нястомную малітву,
Святы Андрэй, узор хрысціянскай дасканаласці,
Святы Андрэй, апостал Палесся,
Святы Андрэй, пакліканы Богам да з’яднання раздзеленых братоў,
Святы Андрэй, шчыры настаўнік дзяцей і рэлігійна занядбаных людзей,
Святы Андрэй, непахісны ў веры, нягледзячы на пагрозы і катаванні,
Святы Андрэй, мужны ў вялікім цярпенні,
Святы Андрэй, мучанік за еднасць хрысціянаў,
Святы Андрэй, мучанік і апостал,
Святы Андрэй, чыё апостальства працягвалася нават пасля смерці праз вандроўку мучаніцкага цела,
Святы Андрэй, праслаўлёны Богам вялікімі цудамі,
Святы Андрэй, гонар нашай Айчыны,
Святы Андрэй, вялікі заступнік Беларусі,
Святы Андрэй, сапраўдны сябра Езуса, — маліся за нас.
Каб усе хрысціяне былі адным цэлым — выпрасі для нас ласку ў Бога.
Каб мы ніколі не адракліся ад нашай веры,
Каб мы не ўчынілі ніводнага цяжкага граху,
Каб мы шчыра раскайваліся за нашыя грахі,
Каб мы аддана супрацоўнічалі з Божай ласкай дзеля збаўлення нашых душаў,
Каб мы верна служылі Богу,
Каб мы любілі Найсвяцейшую Панну Марыю, як Маці,
Каб мы мужна пераносілі ўсялякія цяжкасці,
Каб мы разам з табою няспынна праслаўлялі Бога,
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — даруй нам, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — змілуйся над намі.
С.: Маліся за нас, святы Андрэй Баболя.
У.: Каб мы сталіся годнымі абяцанняў Хрыстовых.
Молімся: Божа, Ты праз смерць Твайго Сына хацеў сабраць у адно рассеяных дзяцей Тваіх. Учыні, каб мы аддана супрацоўнічалі са справаю Хрыста, за якую аддаў сваё жыццё святы Андрэй, мучанік. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Першы дзень
Святы Андрэй Баболя, апякуне нашага Краю! Просім твайго заступніцтва перад добрым Богам аб хуткім заканчэнні эпідэміі ў нашым Краі і ва ўсім свеце. Ты сам быў сведкам эпідэміі і хваробаў і ведаеш, колькі яны прыносяць цярпення. Выпрасі для нас ласку веры ў Божую любоў і Божы Провід. Дапамажы нам зразумець і з даверам прыняць словы Езуса Хрыста: «Не бойцеся!». Калісьці дзякуючы твайму заступніцтву смяротная эпідэмія абмінула Пінск і яго ваколіцы. Мы верым, што таксама і цяпер праз тваё заступніцтва спыніцца распаўсюджванне эпідэміі.
Другі дзень
Святы Андрэй Баболя, апякуне нашага Краю! Просім, каб праз тваё заступніцтва Бог даў сілы, адвагу і надзею тым, хто змагаецца з небяспечнаю хваробаю. Просім, каб усе хворыя і тыя, хто знаходзіцца ў групе рызыкі, атрымалі адпаведную падтрымку і дапамогу.
Дзякуючы твайму заступніцтву на працягу стагоддзяў адбылося вельмі шмат цудаў. Верым, што і цяпер ты выпрасіш у міласэрнага Бога аздараўленне для хворых і інфіцыраваных вірусам, каб яны атрымалі паўнату здароўя і сілы, калі гэта не пярэчыць Яго волі.
Трэці дзень
Святы Андрэй Баболя, апякуне нашага Краю! Заступайся за тых, хто штодзённа змагаецца з хваробамі іншых людзей, і за тых, хто служыць бліжнім у патрэбе, таму што «Бог даў нам не духа боязі, але сілы, любові і разважнасці» (2 Цім 1, 7). Просім, каб добры Бог захаваў іх ад усялякай небяспекі і ўзнагародзіў за іх руплівасць. Святы Андрэй, выпрасі ў Нябеснага Айца Божыя ласкі, неабходныя святарам у выкананні іх духоўнай паслугі. Выпрасі ў міласэрнага Бога, каб Ён прыняў у сваё Валадарства ўсіх, хто адышоў з гэтага свету, а таксама спаслаў суцяшэнне ўсім тым, хто страціў сваіх родных і блізкіх.
Чацвёрты дзень
Святы Андрэй Баболя, апякуне нашага Краю! Ты абвяшчаў Добрую Навіну, адважна ідучы ў самыя глухія і аддаленыя мясціны Палесся. Дапамажы і нам падчас небяспекі даваць евангельскае сведчанне любові не толькі тым, хто належыць да нашай духоўнай супольнасці, але таксама і тым, хто аддаліўся ад Бога. Святы Андрэй, выпрасі для нас ласку любові да Бога і бліжняга. Навучы нас бескарысліва служыць іншым, падтрымліваць іх сваёй прысутнасцю, словам, матэрыяльным дабром і ўсім тым, што мы атрымалі ад Бога. «Задарма атрымалі, задарма давайце» (Мц 10, 8).
Пяты дзень
Святы Андрэй Баболя, апякуне нашага Краю! Праз тваё заступніцтва просім аб дарах Духа Святога, каб нашае жыццё было напоўнена добрымі намерамі і ўчынкамі, выпрасі нам таксама неабходныя сілы для барацьбы са штодзённымі цяжкасцямі. Просім, каб час эпідэміі стаўся для нас часам навяртання да Бога, а таксама часам паспяховых змаганняў з усімі нашымі недахопамі. Мы верым словам Пана: «Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці» (2 Кар 12, 9). Дапамажы нам пераадольваць нашыя слабасці і, ідучы за тваім прыкладам, імкнуцца да перамогі над сабою.
Шосты дзень
Святы Андрэй Баболя, апякуне нашага Краю! Не зважаючы на цяжкасці і небяспеку, ты нястомна ішоў за Езусам ажно да мучаніцкай смерці. Няхай твой прыклад дапамагае нам годна перажываць гэты час, поўны клопату і трывогі, нябачных пагрозаў і небяспекі. Святы Андрэй, выпрасі ў Бога ласку вытрымкі і мужнасці, каб мы шукалі спакою толькі ў Бога, які заклікае: «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас» (Мц 11, 28). Дапамажы нам, каб падчас эпідэміі мы засяродзіліся на духоўных вартасцях і былі напоўненыя любоўю да Бога і бліжняга.
Сёмы дзень
Святы Андрэй Баболя, апякуне еднасці! Праз тваё заступніцтва звяртаемся да Усёмагутнага Бога з просьбаю аб еднасці ў нашым народзе, аб згодзе і супакоі ў сем’ях, месцах працы і ў кіраўніцтве.
Ты аддаў сваё жыццё за прагненне Езуса: «каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне» (Ян 17, 21). Няхай твая ахвяра і прабачэнне тым, хто цябе пераследаваў, будуць для нас навукаю, каб і нам быць вышэй за зямныя справы. Прыклад твайго жыцця і смерці сведчыць, што любоў злучае зямное жыццё і вечнае, і менавіта яна будзе нашым выратаваннем у Небе.
Восьмы дзень
Святы Андрэй Баболя, апякуне еднасці! Праз тваё заступніцтва просім Бога, каб гэты складаны час вёў да вялікага ачышчэння нашага народа і аднаўлення Хрыстовай супольнасці, якая абапіраецца на мінулае і застаецца адкрытай на будучыню. Дапамажы нам трываць у лучнасці з Богам і святымі нашай краіны і ў духу евангельскай любові быць адкрытымі на іншых людзей. Заступайся за нас перад Богам, каб мы не змарнавалі гэтага часу, які можа ўзмацніць нас духоўна і прывесці да паглыблення нашай веры і сапраўднага паяднання з Богам.
Дзявяты дзень
Святы Андрэй Баболя, апякуне нашага Краю і апякуне еднасці! Падчас небяспекі пандэміі, якая ахапіла многія краіны свету і пагражае нашай Айчыне, мы звяртаемся да літасцівага Бога праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі і праз тваё заступніцтва, наш магутны апякуне, просячы, каб мы змаглі цалкам даверыцца Божай волі.
Разам з Марыяй, праз цябе, святы Андрэй Баболя, з даверам просім Бога аб неабходных ласках для тых, хто кіруе краінамі, і для ўсіх, хто працуе ў шпіталях, ратуючы жыццё хворых. Просім, каб Дух Святы напоўніў іх сваёю моцаю і ўзмацняў іх веру і надзею.
Ойча наш…, Вітай, Марыя…, Хвала Айцу…
Святы Андрэй Баболя, маліся за нас. Святы Андрэй Баболя, заступайся за нас перад Богам.