Аб святасці сем’яў
(Ян Павел ІІ, Сінод Біскупаў пра сям’ю, 1980 г.)
Божа, ад Цябе паходзіць усялякае бацькоўства ў небе і на зямлі. Ойча, Ты з’яўляешся Любоўю і Жыццём, учыні, каб нашая сям’я і кожная чалавечая сям’я на зямлі праз Твайго Сына, Езуса Хрыста, «народжанага з Жанчыны», і праз Духа Святога станавілася сапраўдным прыкладам жыцця і любові для новых пакаленняў.
Учыні, каб Твая ласка скіроўвала нашыя думкі і ўчынкі да дабра нашай уласнай сям’і і на карысць усіх сем’яў у свеце. Учыні, каб новае пакаленне знаходзіла ў нашых сем’ях моцную апору для сваёй чалавечнасці і развіцця ў праўдзе і любові.
Учыні, каб любоў, узмоцненая ласкаю сакрамэнту сужэнства, была мацнейшая за ўсялякія слабасці і крызісы, праз якія часта праходзяць нашыя сем’і. Урэшце, просім Цябе праз заступніцтва Святой Сям’і з Назарэта, учыні, каб Касцёл сярод усіх народаў на зямлі мог плённа выконваць сваю місію ў сем’ях і праз сем’і. Ты, які з’яўляешся Жыццём, Праўдаю і Любоўю, у еднасці Сына і Духа Святога. Амэн.
Каб сям’я была ў Касцёле, а Касцёл быў сям’ёю
(кардынал Карла Марыя Марціні)
О Божа, наш Ойча, дзякуем Табе за сям’ю, якую Ты нам даў. Ва ўзаемным прыняцці, дапамозе і прабачэнні Ты прапануеш нам вобраз любові, з якою Ты стварыў кожнае жыццё і клапоцішся пра кожнага чалавека. Дзякуем Табе таксама за нашую хрысціянскую супольнасць, за парафію, за дыяцэзію, у якіх Ты праяўляеш знакі Езусавай любові. У Божым слове, Эўхарыстыі, прыкладах братэрства, якія прапануе нам супольнасць, наша сям’я знаходзіць узор і падтрымку, каб працягваць ісці па шляху любові.
Просім Цябе, Ойча, няхай нашая еднасць з сям’ёю і хрысціянскаю супольнасцю становіцца ўсё мацнейшаю. Молімся за Паўсюдны Касцёл, за Папу Рымскага. Учыні, каб Касцёл усё больш нагадваў сям’ю. Няхай ён спрыяе братэрскаму сяброўству, прымае ўсялякую дапамогу, будзе чулым да ўсіх, асабліва да сем’яў, пазбаўленых супакою, пачуццяў, хлеба, працы і радасці. Учыні, каб наша сям’я ўсё больш нагадвала Касцёл. Няхай яна жыве з вераю ў Цябе, прымае слова Езуса, як прыняла яго Марыя, Маці Божая. Няхай кіруецца Евангеллем у штодзённым жыцці і дапамагае дзецям з радасцю адказаць на Твой заклік. Няхай будзе адкрытаю на дыялог і супрацоўніцтва з іншымі сем’ямі. Учыні, каб Касцёл і сям’я былі вобразам Твайго Дому, дзе Ты чакаеш нас пасля зямнога падарожжа. Амэн.
Просьба аб благаслаўленні для ўсіх сем’яў
Пане Езу Хрыстэ, жывучы ў назарэтанскай сям’і, Ты асвяціў сваёй прысутнасцю гэтую супольнасць жыцця і любові.
Благаславі нашыя сем’і, каб яны станавіліся сапраўдным хатнім Касцёлам, — просім Цябе, Пане!
Аб глыбокай веры для сужэнцаў, бацькоў і дзяцей,
Аб дары супольнай сямейнай малітвы,
Аб ласцы хрысціянскага перажывання нядзелі ў коле сям’і,
Аб узаемнай любові ўсіх членаў сям’і,
Аб даверы і здольнасці прабачаць,
Аб радасці, духоўным спакоі і згодзе,
Аб уменні пераадольваць штодзённыя цяжкасці,
Аб адкрытасці на новае жыццё,
Аб пашане да пажылых людзей у сям’і,
Аб гатоўнасці дапамагаць тым, хто знаходзіцца ў патрэбе,
Аб усіх ласках, неабходных у сямейным жыцці, — просім Цябе, Пане!
О Пане наш і Збавіцель, зрабі кожную сям’ю сваім Валадарствам, Валадарствам праўды і жыцця, святасці і ласкі, справядлівасці, любові і супакою. Вядзі іх моцаю свайго Духа да Дому Айца ў небе, дзе Ты вытраш усялякую слязу з іх вачэй і дасі ім удзел у паўнаце нябеснай радасці. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.
Каб моладзь ішла за Езусам
(Ян Павел ІІ)
Божа, наш Ойча, даручаем Табе моладзь з усяго свету, а таксама — яе праблемы, імкненні і надзеі. Глянь на яе з любоўю і ўчыні, каб яна будавала супакой і цывілізацыю любові.
Закліч маладых людзей, каб яны ішлі за Езусам, Тваім Сынам. Учыні, каб яны зразумелі, што варта ахвяраваць усё жыццё Табе і чалавецтву. Дай ім велікадушнасць і гатоўнасць, неабходныя для адказу на гэты заклік.
Прымі таксама, Пане, нашае праслаўленне і малітву за тых маладых людзей, якія, наследуючы Марыю, Маці Касцёла, паверылі Твайму слову і цяпер рыхтуюцца да святарскіх пасвячэнняў, да манаскіх абяцанняў і місійнай дзейнасці. Дапамажы ім зразумець, што Твой заклік, скіраваны да іх, заўсёды неабходны і важны. Амэн.
Малітва аб благаслаўленні для пажылых людзей
Пане, наш Божа, Ты адарыў пажылых вернікаў доўгім жыццём. Ты ведаеш іх па імені. Перад Тваімі вачыма — усё іх жыццё, усе радасці і цярпенні, якія яны спазналі. Паблагаславі іх, Пане, падары ім яшчэ на доўгія гады радасць жыцця і дапамажы ім ускласці на Цябе ўсю сваю надзею. Навучы іх цярпліва зносіць цяжкасці старасці і кожны дзень цаніць як дар Тваёй любові, і няхай споўняцца ўсе іх мары і жаданні. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.