Малітвы да Маці Божай Барунскай, Суцяшальніцы засмучаных

15 кастрычніка 2022 г. адзначаецца 100-годдзе вяртання цудадзейнага абраза Маці Божай у Баруны. Прапануем вам кароткія звесткі з гісторыі абраза і малітвы да Маці Божай Барунскай.

З гісторыі цудадзейнага абраза Маці Божай Барунскай

Упершыню абраз Маці Божай Барунскай узгадваецца ў XVII ст. Ён належаў а. Язафату Бражыцу з ордэну базыліянаў і спа­дарожнічаў прапаведніку ва ўсіх яго вандроўках. У 1666 г. падчас эпідэміі а. Бражыц захварэў, і сведкі сцвярджалі, што святар памёр, але праз некалькі гадзін ажыў. Сам а. Бражыц сцвярджаў, што гэта Маці Божая аздаравіла яго.

Перад смерцю а. Язафат перадаў абраз Маці Божай з Дзіцяткам сваяку Мікалаю Песляку з просьбаю шанаваць абраз, але той закруціў яго ў палатно і схаваў у скрыню. Праз пяць гадоў Мікалай цяжка захварэў і ўжо чакаў смерці, калі яму аб’явілася Панна Марыя і нагадала пра словы манаха. М. Песляк, знайшоўшы абраз, паабяцаў Маці Божай пабудаваць у Яе гонар капліцу. Цудоўным чынам знайшліся і месца для святыні — у цёмным бары, і грошы для будоўлі. Неўзабаве Песляк выздаравеў.

У 1692 г. у амаль дабудаваны касцёл святых Апосталаў Пятра і Паўла ўрачыста ўнеслі абраз. Сведчанняў пра цуды, што адбыліся пры абразе Маці Божай у Барунах, станавілася ўсё больш, многія атрымлівалі менавіта цялесныя аздараўленні.

У 1702 г. падчас ІІІ Паўночнай вайны базыліяне для бяспекі перадалі абраз палку гетмана вялікага князя літоўскага Міхала Вішнявецкага. З таго часу абраз вандраваў разам з войскам і праславіўся шматлікімі цудамі ў месцах знаходжання арміі. У 1709 г. ён вярнуўся ў Баруны, якія былі знішчаныя пажарам. У 1715 г. цудоўны абраз быў каранаваны каронамі, зафундаванымі земскім начальнікам з Наваградка Баканоўскім. У 1832 г., пасля скасавання Уніі, базыліяне перадалі арыгінал цудоўнага абраза сям’і Важыцкіх, а ў алтары змясцілі копію. Неўзабаве ў будынку касцёла пачала дзейнічаць праваслаўная царква, і так працягвалася амаль 80 гадоў, пакуль у 1919 г. касцёл зноў не вярнулі католікам. 15 кастрычніка 1922 г. абраз Маці Божай, Суцяшальніцы засмучаных быў урачыста ўнесены ў адрамантаваны барунскі касцёл.

Малітва да Маці Божай Барунскай, Суцяшальніцы засмучаных

Усемагутны Божа, Стварыцель і Вечны Валадар сусвету, Даўца ўсялякага дабра і Найлітасцівейшы Ойча! З пашанаю пакорна схіляючыся перад Табою, даверліва ўзносім да Цябе свае просьбы, будзь ласкавы выслухаць нас.

Ойча бязмежнай міласэрнасці! Праз заступніцтва Найсвяцейшай і Беззаганнай Панны Марыі, Прачыстай Маці Твайго Сына і нашага Збаўцы, Езуса Хрыста, учыні, каб кожны, хто ўзно­сіць свае просьбы перад Яе цудоўным абразом, які мы ўшаноўваем у гэтай барунскай святыні, атрымаў дапамогу, суцяшэнне і палёгку ва ўсіх сваіх патрэбах і цярпеннях.

Няхай каля падножжа святога абраза Каралевы, Маці Божай і нашай Суцяшальніцы ў Барунах, праз Яе магутнае заступніцтва засмучаныя атрымаюць суцяшэнне, хворыя — здароўе душы і цела, прыгнечаныя і пакрыўджаныя — дапамогу і паратунак, а грэшнікі і тыя, хто страціў сэнс жыцця, няхай вернуцца на шлях праўды і вернага служэння Табе, нашаму Пану. Усе ж няхай спазнаюць Тваю літасць і айцоўскае благаслаўленне.

Пане Езу Хрыстэ, Збаўца свету, Сыне Спрадвечнага Айца, акажы нам міласэрнасць Твайго Найлітасцівейшага Сэрца, а праз магутнае заступніцтва Тваёй Прачыстай Маці спашлі нам дары для душы і цела, аб якіх мы пакорна просім Цябе ў гэтым абраным Багаро­дзіцай месцы.

Маці Сына Божага, Суцяшальніца засмучаных, Ты аб’явіла сябе людзям у Барунах і ў гэтай святыні шчодра аказвала мацярынскую дапамогу і суцяшэнне незлічонай колькасці людзей, што на працягу стагоддзяў прыходзілі да Цябе з усімі сваімі патрэбамі. Вернікі ўшаноўваюць Цябе як Прытулак грэшных, Суцяшальніцу засмучаных і Выратавальніцу прыгнечаных. Памятай пра сваіх пакорных слугаў і будзь нам Маці; будзь магутнаю Апякункаю гэтага месца, ласкава кіруй намі, суцяшай народ свой у смутку і захоўвай ад усялякага зла, якое пагражае душы і целу; дай прахалоду душам, якія церпяць у чыстцы, і кіруй усімі намі згодна з найсвяцейшаю воляю свайго Сына Езуса Хрыста, якому разам з Айцом і Духам Святым няхай будзе пашана і хвала праз усе вякі вечныя. Амэн.

Малітва да Найсвяцейшай Панны Марыі, Суцяшальніцы засмучаных

Беззаганная Панна Марыя, Маці Божая і наша наймілейшая Маці! З пакораю стаім перад Табою і з глыбокім даверам просім Тваёй мацярынскай апекі. Святы Касцёл ушаноўвае Цябе як Суцяшальніцу засмучаных, таму да Цябе няспынна звяртаюцца тыя, хто знаходзіцца ў нядолі, хворыя — у цярпенні, канаючыя — у апошнюю гадзіну жыцця, убогія — у нястачы і ўсе, каму патрэбныя дапамога, падтрымка і абарона. Усіх Ты суцяшаеш і ўсім дапамагаеш.

Наша найлепшая Маці, узглянь таксама на нас, бедных грэшнікаў, і ласкава прымі нашыя пакорныя і поўныя надзеі і даверу просьбы. Прыйдзі да нас з дапамогаю ва ўсіх патрэбах душы і цела і выпрасі для нас у Сына свайго Езуса Хрыста неабходныя ласкі Божыя. Захавай нас ад усяго злога, асабліва ад  граху, каб мы сваім жыццём не давалі дрэннага прыкладу бліжнім.

Атуляй сваёю апекаю Паўсюдны Касцёл і будзь дапамогаю і абаронаю для Святога Айца. Выпрасі ў свайго Сына, Езуса Хрыста, справядлівы супакой ва ўсім свеце, а для нашых сем’яў — вернасць, любоў і згоду. Дапамагай дзецям і моладзі ўзрастаць у мудрасці і ў Божай ласцы. Выпрасі ласку навяртання для грэшнікаў і прабачэння за іх правіны, а справядлівым — ласку вытрываць у добрым. Спяшайся на дапамогу канаючым і дай прахалоду душам, церпячым у чыстцы. Наша Наймілейшая Маці, атулі ўсіх нас сваёю чулаю і магутнаю апекаю, каб мы маглі годна жыць, пабожна памерці і дасягнуць вечнага шчасця ў небе. Амэн.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней