Божа мой, Пане і Умілаваны мой!
Малітва св. Яна ад Крыжа
Калі памяць пра мае грахі не дазваляе Табе надалей здзяйсняць тое, аб чым я прашу Цябе, няхай спаўняецца Твая воля, якую я люблю больш за ўсё. Праяві да мяне сваю дабрыню і міласэрнасць, каб у іх я пазнаў Цябе.
А калі, о Пане, Ты чакаеш дзеянняў з майго боку, каб праз іх выканаць мае просьбы, удзялі мне іх і напоўні мяне імі. Дай мне таксама цярпенні, якія Ты жадаеш мне даць, і няхай спаўняецца Твая воля! Калі ж Ты не чакаеш дзеянняў з майго боку, то чаго, найміласцівейшы Божа, чакаеш і чаму марудзіш?
Калі ласка, аб якой я прашу Цябе праз Твайго Сына, вынікае з Тваёй міласэрнасці, вазьмі маё ўбоства, якога прагнеш, а мне дай скарбы, якіх таксама для мяне жадаеш. О мой Божа, хто ж можа вызваліцца са свайго ўбоства, калі Ты не падымеш яго да сябе чысцінёю Тваёй любові? Як жа можа ўзняцца да Цябе чалавек, які народжаны ва ўбостве, калі Ты не ўздымеш яго тою рукою, якою яго стварыў?
О мой Божа, Ты не пазбавіш мяне таго, што даў мне ў Тваім Сыне Езусе Хрысце, у якім Ты даў мне ўсё, чаго прагну; таму я цешуся, бо Ты не падманеш майго даверу! Чаму ж ты, душа мая, яшчэ марудзіш, калі ўжо цяпер можаш усім сэрцам любіць свайго Бога?
Мае нябёсы і мая зямля, мае народы, мае грэшнікі і справядлівыя. Анёлы — мае, Маці Божая — мая, усе справы — мае і сам Бог — мой і для мяне, бо Хрыстус — мой і ўвесь для мяне! Чаму ж ты, душа мая, яшчэ марудзіш і чаго шукаеш? Усё — тваё і ўсё — для цябе.
Ты — мая радасць
Малітва святой Тэрэзы Авільскай
Найвышэйшы Пане сусвету! Найвышэйшая моц! Найвышэйшая дабрыня! Мудрасць без пачатку і без канца! Твае справы бязмежныя.
Ты — бездань цудаў, якая прыгажосцю ўбірае ў сябе ўсю прыгажосць. Мой Божа, Ты — мая моц! Мой Божа, Ты — мая радасць. Што мне рабіць, каб Табе падабацца?
О Бязмежная міласэрнасць! Добразычлівасць, большая за ўсе заслугі! Як мы, смяротныя людзі, маглі б забыцца пра Цябе? Божа, памятай пра нашае ўбоства і скіруй свой позірк на нашую слабасць, бо Ты ведаеш усё.
Мой Божа, адзінае, чаго жадаю, — гэта любіць Цябе.
Мой Пане, якая ж вялікая любоў, якою Ты адорваеш сыноў чалавечых! І хто не любіць свайго бліжняга разам з Табою, той не любіць Цябе. Мой Пане, мы ясна гэта бачым, бо ўсю сваю Кроў Ты праліў з любові да ўсіх нас. Пане, я не здольная цярпець, калі мяне не падтрымае Твая ўсёмагутная рука, але моцаю Тваёй рукі я магу ўсё.
Не пакідай мяне, Пане, бо толькі Табе давяраю. Няхай я не буду асаромленая ў сваёй надзеі! Прагну заўсёды служыць Табе, а Ты ўчыні са мною тое, што захочаш. Божа, будзь са мною!
Будзь благаслаўлёны, будзь благаслаўлёны, мой Божа, навекі! Няхай усе стварэнні ўсхваляюць Цябе, а іх спеў праслаўлення заўсёды ўзносіцца да Цябе.
Кожны шукае Цябе, Езу Хрыстэ
Малітва святога Яна Паўла ІІ
Так, Езу Хрыстэ, кожны шукае Цябе. Многія шукаюць Цябе непасрэдна, звяртаючыся да Цябе па імені з верай, надзеяй і любоўю. Некаторыя шукаюць Цябе праз пасрэдніцтва іншых людзей. Аднак ёсць і тыя, хто шукае Цябе, зусім не ведаючы пра гэта... Тым не менш, усе людзі шукаюць Цябе, найперш шукаюць Цябе, таму што Ты першы шукаеш іх, таму што ва ўлонні Панны Марыі Ты стаў чалавекам для ўсіх людзей, таму што Ты адкупіў чалавецтва сваім Крыжам. І такім чынам Ты сам адкрыў сапраўдны шлях у заблытаных і немагчымых для хады сцежках чалавечага сэрца і прызначэння чалавека. Да Цябе, які ёсць дарогаю, і праўдаю, і жыццём, мы звяртаемся ў гэтай малітве праз сэрца Тваёй Маці, Найсвяцейшай Панны Марыі.
Анёл Панскі, 10 лютага 1985 г.
Малітва аб аздараўленні святога айца Піо
Ойча Нябесны, дзякую Табе за тое, што Ты мяне любіш. Дзякую Табе, што Ты паслаў у свет Сына Твайго і Пана нашага, Езуса Хрыста, каб Ён вызваліў і збавіў мяне. Я веру ў Тваю моц і ласку, якая падтрымлівае і лечыць мяне. Любячы Ойча, дакраніся да мяне цяпер сваімі далонямі, якія аздараўляюць, бо я веру, што Твая воля ў тым, каб я быў здаровы целам, розумам, душою і духам.
Ад галавы да ступняў ног абмый мяне найдаражэйшай Крывёю Сына Твайго і Пана нашага, Езуса Хрыста. Адкінь ад мяне тое, чаго ўва мне не павінна быць. Вылечы мае хворыя і няправільныя клеткі. Адкрый заблакаваныя артэрыі і вены, а таксама адбудуй і выпраў усё тое, што пашкоджана. Знішчы ўсе запаленчыя працэсы і інфекцыі моцаю найдаражэйшай Крыві Езуса Хрыста. Няхай агонь Тваёй аздараўляючай любові пройдзе праз усё маё цела і аздаровіць яго, каб яно функцыянавала так, як Ты яго стварыў. Дакраніся таксама да майго розуму і маіх эмоцый, нават у найглыбейшых кутках майго сэрца.
Напоўні мяне сваёю прысутнасцю, любоўю, радасцю і супакоем і прыцягні яшчэ бліжэй да сябе ў кожным моманце майго жыцця. Ойча, напоўні мяне сваім Святым Духам і дапамажы мне рабіць усё магчымае, каб маё жыццё прыносіла хвалу і пашану Твайму святому імені. Прашу Цябе аб гэтым у імя Пана Езуса Хрыста. Амэн.
Малітва аб асвячэнні святога Тамаша Кэмпійскага
Езу, асвяці мяне бляскам унутранага святла і знішчы цемру ў доме майго сэрца. Учыні, каб я перастаў увесь час блукаць, і вырві з мяне тую сілу, якая з’яўляецца прычынаю спакусаў.
Нястомна змагайся на маім баку і перамажы дзікага звера ўва мне і падманлівую пажадлівасць, няхай настане вялікі спакой Тваёй перамогі, а ў святой скініі чыстага сумлення няхай няспынна гучыць Твая хвала. Загадай вятрам і бурам, скажы мору: «Суцішся!», а віхуры: «Не дзьмі!» — і настане вялікая ціша.
Спашлі Тваё святло і праўду, няхай яны ззяюць над зямлёю, бо яна засохлая і пустая, пакуль Ты не асвеціш яе. Злі з гары ласку, акрапі сэрца нябеснаю расою, спусці струмені пабожнасці, няхай яны напояць глебу, каб яна прынесла добры і дасканалы плён.
Падымі маю душу, прыгнечаную цяжарам злачынстваў, і ўздымі мой сум да неба, і няхай мая душа пакаштуе слодычы вечнага шчасця і з неахвотаю думае пра зямныя справы.
Вырві мяне з нетрывалай радасці свету, бо нішто са створанага не здолее ў поўні заспакоіць мой голад і даць мне праўдзівую ра дасць. Злучы мяне з сабою непарыўным вузлом любові, бо для таго, хто любіць, дастаткова аднаго Цябе, бо без Цябе ўвесь свет — гэта марнасць.