Малітва да Пана Езуса Укрыжаванага з атрыманнем поўнага адпусту

Чалавека, які атрымаў поўны адпуст, можна параўнаць з дарослым, якому толькі што быў удзелены сакрамэнт хросту, таму Касцёл верыць, што, калі хтосьці памрэ адразу пасля атрымання поўнага адпусту, то трапіць у Божае Валадарства і без чыстца.

Поўны адпуст можна ахвяраваць за сябе ці за памерлага, але трэба памятаць, што гэта можна зрабіць толькі раз у дзень.

У дакуменце Апостальскай Сталіцы з пералікам адпустаў ад 1999 года, напісана, што мы можам атрымаць поўны адпуст кожную пятніцу Вялікага посту, памаліўшыся пасля святой Камуніі перад выяваю Езуса Укрыжаванага малітваю: «Вось я, добры і наймілейшы Езу» (n. 8 § 1, n. 2o).

Вось я, добры і наймілейшы Езу, схіляюся перад Тваім абліччам і з усёй руплівасцю духа, на якую я толькі здольны (-ая), прашу Цябе і малю, улі ў маё сэрца жывую веру, надзею і любоў, а таксама сапраўдную скруху за мае грахі і моцнае жаданне выправіцца.

З сэрцам, напоўненым глыбокімі пачуццямі і болем, я ўсёю душою спазіраю на Твае пяць ранаў і думкамі ў іх патанаю, памятаючы, што ўжо кароль Давід уклаў у Твае вусны прарочыя словы: «Прабілі рукі мае і ногі. Я магу палічыць усе мае косці». Амэн.


Ілюстрацыя: Le Christ cruxifié (XVIIème siècle, Museo Nacional del Prado, Madrid) d'Alonso Cano (1601-1667)

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней