Малітвы аб вызваленні ад страху

Вызвалі мяне ад страху, які паралізуе

Пане Божа, вызвалі мяне ад усяго, што знявольвае мяне і знеахвочвае:

  • ад страху няўдачы,
  • ад страху памылак,
  • ад страху непатрэбнасці,
  • ад страху адзіноты,
  • ад страху, што ніхто мяне не палюбіць,
  • ад страху страціць самае неабходнае для жыцця,
  • ад боязі іншых людзей і сябе самога.

Пане, вызвалі мяне ад усіх маіх страхаў, а найперш ад тых, што выкліканыя злымі духамі. Амэн.

Малітва аб аздараўленні ад страхаў, трывогаў і адкінутасці

Духу Святы, Душа маёй душы! У глыбіні майго сэрца заўжды ёсць страхі і трывогі. Я заўжды баюся быць адкінутым. Я не ўмею прымаць тое, што адбываецца са мною. Прашу, забяры ўсё, што абцяжарвае і непакоіць мяне. Я веру, што Ты можаш мяне аздаравіць. Прыйдзі да мяне са сваёю ласкаю і ўмацаваннем і выслухай маю просьбу. Духу Святы, Душа маёй душы! Умацуй маё сэрца, нагадвай, што Бог любіць мяне бязмерна і заўжды прымае. Гэта Ён напаўняе мяне сапраўднаю любоўю, якая дапамагае мне падняцца пасля самых страшных упадкаў. Гэта Ён лечыць мае страхі, трывогі, адкінутасць і іншыя раны душы. Духу Святы, напоўні мяне мужнасцю і адвагаю, напоўні маю душу надзеяй. Амэн.

Малітва аб вызваленні ад страху

Божа, Стварыцель і Абаронца людзей! Ты стварыў чалавека паводле свайго вобразу і праз ласку хросту цудоўным чынам аднавіў нашую годнасць. Узглянь на мяне, свайго слугу, і пачуй маю малітву. Прашу Цябе, няхай маё сэрца напаўняе святло Тваёй славы. Аддалі ад мяне ўсе праявы гвалту, страху і боязі, каб у спакоі духа разам з братамі і сёстрамі я мог праслаўляць Цябе ў Тваім Касцёле. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Малітва да св. Рыты з Касіі ў прыгнёце і страху

Святая Рыта, благаслаўлёная апякунка ў безнадзейных справах! Выслухай маю малітву, дапамажы мне ў прыгнёце, суціш мой страх, суцеш мяне ў смутку. Я буду заўжды заклікаць тваё імя, просячы, каб ты нястомна заступалася за мяне перад Богам, каб Ён прабачыў мне, зберагаў мяне і збавіў мяне.

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней