Усёмагутны Божа, падчас пандэміі, якая ахапіла ўсё чалавецтва, мы прагнем аднавіць акт аддання Тваёй міласэрнасці, здзейснены святым Янам Паўлам ІІ. Табе, міласэрны Ойча, мы даручаем лёс свету і лёс кожнага чалавека. Да Цябе, наш Нябесны Айцец, мы пакорна звяртаемся і просім Тваёй дапамогі.
Божа, учыні, каб пандэмія каранавіруса спынілася. Благаславі ўсіх, хто рупліва працуе дзеля таго, каб лячыць хворых, а здаровых захавай ад заразы. Вярні здароўе тым, хто захварэў, дай цярплівасць тым, хто знаходзіцца на каранціне, а памерлых прымі ў свой нябесны дом. Умацуй у здаровых людзей пачуццё адказнасці за сябе і іншых людзей, каб яны не парушалі неабходных абмежаванняў і прыходзілі на дапамогу церпячым. Аднаві нашую веру, каб цяжкія хвіліны мы перажывалі разам з Хрыстом, Тваім Сынам, які дзеля нас стаўся чалавекам і кожны дзень прабывае з намі. Спашлі Дух Свой на наш народ і на ўвесь свет, каб тыя, хто аб’яднаўся ў барацьбе з хваробаю, аб’ядналіся таксама ў праслаўленні Цябе, Стварыцеля сусвету, і рупліва змагаліся таксама з вірусам граху, які знішчае чалавечыя сэрцы.