Малітва Вялікай фацімскай навэнны (паводле Яна Паўла ІІ)

«Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою!»
Благаслаўлёная Ты, Марыя, пасланая Богам у Фаціму. Ты прынесла свету пасланне надзеі, заклік да малітвы і пакаяння, а таксама просьбу аб кампенсацыі за грахі, якія чыняць сучасныя людзі.

У той час, калі паволі набліжаецца спаўненне Тваіх словаў аб трыумфе Твайго Беззаганнага Сэрца, мы, удзельнічаючы ў Вялікай навэнне, якая рыхтуе нас да стогадовага юбілею Тваіх фацімскіх аб’яўленняў, звяртаемся да Цябе ў духу любові, пакоры і бязмежнага даверу і, яднаючыся з усім Касцёлам, усклікаем да Цябе: «Тваёй абароне аддаёмся, Святая Багародзіца!»

Сёння стаім перад Табою, наша Маці, Маці нашых сем’яў, Маці людзей і ўсіх народаў. Ты ведаеш усе нашыя цярпенні і надзеі, Ты па-мацярынску адчуваеш усе змаганні паміж дабром і злом, паміж святлом і цемрай, якія ўскалыхваюць наш сучасны свет. Просім, прымі нашыя малітвы, скіраваныя ў Найсвяцейшым Духу да Твайго Сэрца, і атулі мацярынскай любоўю наш чалавечы свет, які мы даручаем Табе, непакоячыся за зямны і вечны лёс нас саміх і ўсіх нашых братоў і сясцёр.

Ты казала са смуткам: «Шмат душаў ідзе на асуджэнне». Сваёй духоўнай дачцэ, Люцыі, Ты тлумачыла, што «сучасны свет заслугоўвае патопу больш, чым у час Ноя», а ў сваёй фацімскай таямніцы пакінула нам папярэджанне: сёння свет заслужыў вялікую Божую кару. Толькі Бог можа змяніць ход нашай гісторыі, пакласці канец распаўсюджванню вакол нас цывілізацыі смерці, абудзіць у людзей прагненне будаваць новы, лепшы свет. Як вучні Хрыста, пакліканыя да служэння пад Яго знамем, стоячы сёння перад Табою, мы прагнем разам з усім Касцёлам з’яднацца перад Тваім Беззаганным Сэрцам у пасвячэнні, з якім Твой Сын у любові да нас аддаў сябе Айцу: «І за іх Я пасвячаю сябе, каб і яны былі асвячоныя ў праўдзе» (Ян 17, 19). Прагнем з’яднацца з нашым Адкупіцелем у гэтым пасвячэнні за свет і за чалавецтва — пасвячэнні, якое ў Яго Боскім Сэрцы мае моц перапрашэння і ўзнагароды за грахі.

Сёння аддаемся Табе безаглядна, каб кожны з нас быў «цалкам Твой», ажно на вякі, каб нішто не адлучыла нас ад Езуса, Збаўцы свету. Няхай нашае пасвячэнне ў еднасці з пасвячэннем Твайго Сына мае моц перамяніць навакольны свет. Няхай яно агорне ўсіх людзей і пераўзыдзе ўсялякае зло, якое дух цемры здольны пасяліць у сэрцы чалавека і ў яго ўчынках — тое, якое ўжо распаліў у наш час.

Просім Цябе, Марыя! Пакажы нам сваё Беззаганнае Сэрца — шлях, які вядзе сучасны свет да Бога. Просім, «ад усялякай злой прыгоды выбаўляй нас заўсёды!»

Сярод мноства пагрозаў і няпэўнасці заўтрашняга дня ўсклікаем да Цябе з бязмежным даверам: дапамажы нам перамагчы жудасць зла, якое так лёгка ўкараняецца ў сэрцах сучасных людзей — зла, якое ў невымерных наступствах навісла над нашай сучаснасцю і, здаецца, перакрывае дарогі ў будучыню.

Ад голаду і вайны — выбаў нас!
Ад атамнай вайны, ад самазнішчэння, ад усіх войнаў — выбаў нас!
Ад грахоў супраць чалавечага жыцця, пачынаючы з хвіліны яго зачацця — выбаў нас!
Ад нянавісці і прыніжэння годнасці Божых дзяцей — выбаў нас!
Ад усялякай несправядлівасці ў грамадскім жыцці краіны і ўсяго свету — выбаў нас!
Ад невыканання Божых запаведзяў — выбаў нас!
Ад спробаў знішчыць праўду пра Бога ў чалавечых сэрцах — выбаў нас!
Ад грахоў супраць Духа Святога — выбаў нас!

Прымі, наша Маці, гэтыя нашыя заклікі, напоўненыя цярпеннем усіх людзей, абуджаныя цярпеннем цэлых грамадстваў!

Дапамажы нам моцаю Духа Святога перамагаць усялякі грэх, грэх у кожным яго абліччы: у нас саміх і вакол нас.

Няхай наш дзіцячы давер будзе Тваёю прыладаю, якую Ты выкарыстаеш згодна з Божаю воляю, каб хутчэй настала цывілізацыя любові, каб сярод нас абудзілася вясна хрысціянства і расквітнела святасць жыцця — у нас, нашых сем’ях і ўсіх народах.

Няхай у гісторыі свету яшчэ раз аб’явіцца бязмежная магутнасць Адкуплення — магутнасць міласэрнай Любові! Няхай яна спыніць зло! Няхай пераменіць сумленні людзей! Няхай у Тваім Беззаганным Сэрцы для ўсіх адкрыецца святло надзеі!

Няхай Тваё Беззаганнае Сэрца зменіць свет!
Амэн.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней