Малітвы за памерлых

За памерлага ў дзень смерці ці пахавання

Божа, які заўсёды літуешся і прабачаеш, пакорна просім Цябе, не аддавай у моц непрыяцеля і не забывай ніколі душы слугі Твайго (Тваёй) N. (імя), якога (якую) Ты сёння паклікаў з гэтага свету, але загадай святым Анёлам завесці яго (яе) душу ў нябесную Айчыну, а паколькі гэтая душа верыла і давярала Табе, няхай не церпіць пакаранняў пекла, але атрымае шчасце вечнае.

Змілуйся, Пане, над душою Твайго (Тваёй) слугі N. (імя), за якога (якую) мы молімся, з пакораю молячы аб Тваёй міласэрнасці, каб яна, ачышчаная, дасягнула вечнага адпачынку.

Прымі, Пане, нашыя малітвы за душу Твайго (Тваёй) слугі N. (імя); калі засталіся на ёй грахі, учыненыя на зямлі, няхай іх ласкава знішчыць міласэрнасць Твая. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

За памерлых 

Божа, міласэрны Пане, дай душам слугаў Тваіх месца ў небе, благаслаўлёны супакой і асвятлі яснасцю Твайго святла. Пане, выслухай ласкава нашыя малітвы за душы слугаў Тваіх, за якіх мы молімся, просячы, каб Ты прыняў іх у супольнасць сваіх святых. Учыні, просім Цябе, Пане, каб душы слугаў Тваіх, ачышчаныя ад сваіх правінаў, атрымалі прабачэнне і вечны супакой. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Акт штодзённага ахвяравання за памерлых

Пане Езу, Адкупіцель свету, яднаючыся з Тваёю Крыжовай Ахвярай, ахвярую Табе праз рукі Беззаганнай Маці свае малітвы і працу, радасці, цяжкасці і цярпенні ў інтэнцыі канаючых і памерлых, якія церпяць у чыстцы, і прашу Цябе, май ласку прыспешыць іх уваход да нябеснай хвалы, дзе Ты разам з Айцом і Духам Святым жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.

За памерлых, якія спачываюць на гэтых могілках

Божа, дзякуючы Тваёй міласэрнасці душы вернікаў спачываюць у супакоі. Прабач літасціва грахі Тваім слугам, якія тут спачываюць у Хрысце, каб яны, вызваленыя ад усялякіх правінаў, бясконца радаваліся з Табою.

Пане, прымі ласкава малітву, якую мы ўзносім за душы слугаў Тваіх, якія тут спачываюць у Хрысце, няхай яны, вызваленыя з путаў смерці, атрымаюць жыццё вечнае.

Божа, Святло верных душаў, выслухай нашыя просьбы і дай благаслаўлёны супакой і яснасць Твайго святла ў небе слугам Тваім, целы якіх спачываюць у Хрысце на гэтых могілках. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Малітва за памерлых святароў

Божа, Ты паклікаў святароў да сваёй службы і ўчыніў іх пастырамі нашых душаў. Аддаю Табе ў апеку ўсіх памерлых святароў, якія пры жыцці вялі мяне да Цябе. Выслухай маю малітву і дай ім шчасце ў небе разам з усімі апосталамі. Амэн.

За памерлага законніка альбо законніцу

Усемагутны Божа, памерлы брат (памерлая ся­стра) ішоў (ішла) да Цябе шляхам дасканалага наследавання Хрыста, якога палюбіў (палюбіла). Учыні, каб ён (яна) радаваўся (радавалася), калі Ты аб’явішся ў хвале, і разам са сваімі братамі (сёстрамі) меў (мела) удзел у вечным шчасці. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

За загінуўшых за Айчыну

Божа, Усемагутны Ойча, даручаем Тваёй Міласэрнасці ўсіх воінаў, якія загінулі, абараняючы Айчыну. Учыні, каб тыя, хто аддаў сваё жыццё Табе і Айчыне, маглі радавацца вечнаму жыццю ў Нябесным Валадарстве. Просім Цябе аб гэтым праз муку і смерць Езуса, нашага Збаўцы. Амэн.

За памерлых бацькоў

Божа, Ойча Нябесны, аддаем Табе ў апеку нашых памерлых бацькоў.  Ты ведаеш іх працу і цяжкасці жыцця. Праз муку і смерць Твайго Сына, у якога яны верылі, прабач ім усе грахі і прымі іх у сваё Валадарства. Дапамагай нам весці годнае жыццё, каб мы маглі сустрэцца з імі ў шчаслівай вечнасці. Амэн.

За памерлага бацьку

Божа, ад Цябе паходзіць усялякае бацькоў­ства, змілуйся над памерлым сваім слугою N., які як добры бацька клапаціўся пра сваю сям’ю. Адары яго  Тваім супакоем за любоў і вернасць, а яго сям’ю атулі сваёю апекаю. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

За памерлую маці

Пане Езу, Ты нарадзіўся з Панны Марыі і быў Ёй паслухмяны, змілуйся над Тваёю слугою N., якую Ты паклікаў да вечнасці, дай ёй узнагароду за яе мацярынскую любоў і адданасць і ўчыні, каб сваёй малітвай яна падтрымлівала тых, каго пакінула тут на зямлі. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.

За памерлага мужа альбо жонку

Найласкавейшы і міласэрны Ойча! Згодна з Тваёй воляй мы ішлі разам да Цябе шляхам сужэнскага жыцця, да якога Ты паклікаў нас, адарыўшы дарам узаемнага кахання і падтрымліваючы шматлікімі ласкамі. Па Тваёй волі зямное жыццё майго мужа (маёй жонкі) скончылася, таму напаўняе мяне туга расстання.

Дзякую Табе, о добры Ойча, за пражытыя разам гады і за ўсялякае дабро, якім мяне і іншых праз яго (яе) адарыў. Я веру ў жыццё вечнае і веру ў тое, што надалей мы можам трываць у любові і дапамагаць адно аднаму. Таму пакорна прашу Цябе, каб яму (ёй) Ты спаслаў сваю міласэрнасць, дараваў усялякія правіны і занядбанні і дазволіў яму (ёй) увайсці ў хвалу вечную. Учыні, каб мы маглі разам праслаўляць Цябе вечна. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

За памерлага сына альбо дачку

Усемагутны Божа, Ты пажадаў так рана паклікаць майго сына N. (маю дачку N.) з гэтага свету. Шчырым сэрцам, якое зранена болем расстання, даручаю яго (яе) Тваёй бязмежнай міласэрнасці. Прашу Цябе, праз заступніцтва Марыі, Маці Балеснай, якая стаяла пад крыжам Езуса, прабач яму (ёй) усе правіны, адары сваёй любоўю і прабачэннем, вызвалі ад усяго, што з’яўляецца прычынаю яго (яе) цярпенняў у чыстцы і дазволь яму (ёй) як мага хутчэй спа­знаць паўнату жыцця ў еднасці з Найсвяцейшай Тройцай, Беззаганнай Паннай Марыяй і ўсімі святымі. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

У гадавіну смерці бацькоў, родных, блізкіх

Ойча Нябесны! Ты аб’явіў нам Сябе ў сваім Сыне Езусе Хрысце як Бог міласэрнасці, літасці, вернасці і прабачэння. Глыбіню сваёй любові Ты выявіў у цярпеннях, смерці і змёртвыхпаўстанні Езуса. Сваю міласэрнасць Ты праяўляеш кожны раз, калі мы просім аб ёй праз пасрэдніцтва Хрыста.

Сёння, у гадавіну смерці, даручаю Табе, о добры Ойча, майго памерлага бацьку N. (маю памерлую маці N.), просячы Цябе праз заслугі Езуса Хрыста, Панны Марыі і ўсіх святых аб ласцы вечнага збаўлення для яго (яе).

У сваёй бясконцай любові Ты прадугледзеў для кожнага чалавека месца ў супольнасці святых, а тым, хто яшчэ знявечаны грахом і з-за гэтага не можа цалкам паяднацца з Табою, Ты дазваляеш ачышчацца нават пасля смерці.

Пакорна прашу Цябе, Ойча, поўны літасці, выслухай сёння маю малітву, якую ўзношу за N., ачысці яго (яе) душу, калі гэта яшчэ патрэбна, і прывядзі да вечнай радасці, якою Ты сам з’яўляешся. Амэн.

Малітва за душы, якія церпяць у чыстцы

Усемагутны Божа, праз смерць на крыжы Твайго Сына, Езуса Хрыста, Ты знішчыў нашу смерць, а праз Яго спачын у магіле і хвалебнае ўваскрасенне асвяціў нашыя магілы і вярнуў нам несмяротнае жыццё. Выслухай нашыя малітвы за ўсіх тых, хто памёр з Хрыстом, пахаваны і даверліва чакае ўваскрашэння. Божа жывых і памерлых, учыні ласкава, каб тыя, хто на зямлі пазнаў Цябе праз веру, бясконца праслаўлялі Цябе ў небе. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Вечны адпачынак дай ім, Пане, а святло вечнае няхай ім свеціць. Няхай адпачываюць у супакоі. Амэн.

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней