Некалькі думак перад Крыжовым шляхам
«…Карысней вам, каб адзін чалавек
памёр за людзей, а не каб увесь народ загінуў!»
(Ян 11, 50)
Калі Каяфа казаў, што лепш, каб загінуў Езус, а не ўвесь народ, ён вынес смяротны прысуд Езусу, перш чым гэта зрабіў Пілат. Трэба казаць: «Замучаны пры першасвятары Каяфе». Сапраўды, Крыжовы шлях павінен распачынацца з суда Каяфы.
Што нас палохае больш, чым Пілат, Каяфа і ўсе рымляне разам узятыя?
Абыякавасць людзей справядлівых у Святой Зямлі.
Чаму ніхто ў Радзе не выказаўся ў абарону Езуса?
Звычайна былі дыскусіі па справе асуджаных. У коле фарысеяў і святароў быў Юзаф з Арыматэі, Нікадэм, людзі, блізкія Езусу. Было таксама ўсё грамадства, якое чуйна стаяла за вокнамі Рады і магло крычаць, дапамагаць Езусу. Быў вылечаны сляпы ад нараджэння, быў адзін і другі невідушчы, быў удзячны пракажоны, які цяпер яшчэ раз мог аддзячыць Езусу.
Аднак ніхто не выказаўся ў абарону Езуса.
Хтосьці ж мог устаць і сказаць:
— Прабачце! Каяфа сказаў, што лепей, каб Езус памёр, чым быў бы знішчаны ўвесь народ. Чаму?! Езус жа аздараўляе глуханямых, невідушчых, пракажоных. Няхай Ён жыве! Ён вылечыць нашых хворых. Не будзе ўжо столькі пракажоных. Наш народ стане моцным, здаровым, дужым, і рымляне пачнуць з намі лічыцца. Толькі Езус можа выратаваць габрэйскі народ!
Хтосьці мог бы ўстаць і сказаць:
— У нас жа ёсць Святое Пісанне, незвычайныя Божыя кнігі, у якіх увесь час гаворыцца, што адзін чалавек ратаваў увесь народ. Напрыклад, Ной будаваў каўчэг у найцяжэйшых умовах — не на беразе ракі, а на схіле гары. Можна было лічыць яго вар’ятам і пытаць, чаго ён хоча. Рака даво лі плыткая, дажджу яшчэ няма, а ён будуе такі вялікі карабель! Яго маглі забіць як вар’ята. Аднак ён будаваў каўчэг, які выратаваў чалавецтва. Адзін ратуе чалавецтва ад патопу!
— Юзаф, праданы братамі ў Егіпет, выратаваў увесь габрэйскі народ — ажно дванаццаць пакаленняў! Ён атрымаў у Егіпце высокую пасаду дзякуючы таму, што тлумачыў сны. Потым паклікаў у Егіпет усіх братоў. Прабачыў ім і выратаваў увесь народ ад галоднай смерці.
— Майсей! Адзін чалавек ратуе ўвесь габрэйскі народ — выводзіць яго з няволі. Ён ведае, што трэба вывесці ў першую вясновую поўню, калі ў пустыні найвідней, калі можна пераходзіць праз Чырвонае мора, бо тады якраз спрыяльныя адлівы.
— Давід, які перамагае Галіяфа. Калі б ён яго не перамог, філістымляне парэзалі б на кавалкі ўсіх габрэяў. Адзін чалавек ратуе ўвесь народ.
Можа, Каяфа чытаў Святое Пісанне дагары нагамі і ўсё наадварот? Бо чаму ён кажа, што адзін чалавек павінен памерці, каб выратаваць увесь народ, калі традыцыя святых кнігаў гаворыць, што менавіта адзін чалавек ратаваў увесь народ ад смерці?
Але ніхто з Рады не адгукнуўся. Поўная цішыня і на Радзе, і на вулічках горада.
Жудасная абыякавасць людзей справядлівых.
Падумайма пра тое, што і цяпер такая самая сітуацыя. Мы часам наракаем на «вылюдкаў», якія мучылі Пана Езуса, і спяваем у Песнях жальбы пра тых, хто біў Яго па твары, штурхаў, піхаў. Аднак людзі веруючыя, справядлівыя, якія хо дзяць у кас цёл, спавядаюцца, часам застаюцца такімі абыя ка вымі перад абліччам зла.
Ці сапраўды наша справядлівасць справядлівая?
Ці здолеем мы супрацьстаяць злу, якое ёсць вакол нас?
Ці не нясём мы віны за смерць Пана Езуса?
Ці не скажуць калісьці: «Замучаны пры сумленным католіку, які хадзіў у касцёл, спавядаўся і які часам не мог пастаяць за сваю веру, традыцыю, за справядлівасць»?
На Крыжовым шляху
Чым быў Крыжовы шлях у вачах непрыяцеляў Пана Езуса тады, калі Ён ішоў на смерць? Чым ён з’яўляецца сёння для нас?
І Суд
Пілат быў у той час дзяржаўным дзеячам, уплывоваю асобаю, маральным аўтарытэтам. Калі ён уваходзіў у залу суда, усе кланяліся яму і стаялі смірна.
Сёння гэта трагічная постаць, чалавек слабахарактарны.
Мы думаем пра яго з сумам. Калі чуем яго прозвішча — нібы дакранаемся да бруднай раны, бо Пілат баяўся за сябе, асудзіў нявіннага Езуса. Ён думаў пра сябе і змарнаваў сваё жыццё.
З цягам часу выявілася, хто ёсць хто.
ІІ Крыж
У тыя часы крыж быў шыбеніцаю, чымсьці, што выклікала агіду, здавалася брыдкім.
Сёння крыж — найсвяцейшая рэліквія. Мы цалуем крыж, кленчым перад ім. Благаслаўляем крыжам.
ІІІ Падзенне
Ворагі Езуса глядзелі ў той час на Яго падзенне, як на прыніжэнне, ганьбу.
Сёння мы ўдзячныя Езусу. Ён так моцна любіў нас, што ажно ўпаў пад цяжарам любові да нас.
IV Маці
Тады хіба мала хто заўважыў гэтую сустрэчу. У Маці Божай, як і ва ўсіх жанчынаў, твар быў прыкрыты. Можа, Яе ўвогуле не пазналі?
Сёння нас ахоплівае ўзрушэнне, калі Маці Езу са становіцца Маці ўсіх людзей, блізкаю нам у кожным цярпенні.
V Кірынэец
Тады Кірынэец быў зусім выпадковым мінаком.
Сёння гэта несмяротная постаць. Столькі пісьменнікаў, вучоных, мастакоў забыта, а па мяць пра Кірынэйца і далей жыве.
VI Вераніка
Тады яна была звычайнаю жанчынаю, якая не мела голасу. Ніхто не звяртаў на яе ўвагі.
Сёння мы памятаем пра яе, асабліва на Крыжовым шляху.
Напэўна, Вераніка пастаянна пытаецца ў кожнага з нас:
— Ці здолееш ты наблізіцца да церпячага Езуса? Калі табе здаецца, што ты нічога не маеш, не ведаеш, як дапамагчы, памятай, церпячы Езус можа даць табе найбольш.
VII Падзенне
Упасці пад цяжарам любові і затым устаць — гэта вялікая Любоў.
VIII Жанчыны
Тады на гэтых жанчынаў глядзелі, як на габрэйскіх плачак.
Сёння яны нам нагадваюць Песні жальбы і ўсе прыгожыя велікапосныя песні.
«Жаль невыносны сэрца працінае…»
ІХ Падзенне
Тады, напэўна, смяяліся з Езуса. Гаварылі, што Ён ужо не ўстане.
Цяпер мы з пашанаю гаворым пра Яго падзенне і ўзрушваемся ад любові Езуса да нас.
Х Агаленне
Тады смяяліся з Езуса, здзекаваліся. Сорам і ганьба — стаць аголеным!
Які ж па-чалавечы блізкі Езус нам сёння! Менавіта такі, пазбаўлены адзення.
Які ж Ён блізкі ў кожнай чалавечай бядзе!
ХІ Цвікі
Тады быў чутны толькі страшэнны крык — крык Чалавека, якога прыбіваюць да крыжа.
А цяпер?
Рамуальд Траўгут пісаў у сваім дзённіку, што, думаючы пра гэтую стацыю, ён чытаў «Літанію да Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса».
Езу, Твае рукі былі ўжо прыбітыя. Ты нічога не мог падняць.
Твае ногі былі прыбітыя і Ты ўжо не мог хадзіць.
Менавіта тады Ты здзейсніў найвялікшую справу: прынёс самога сябе ў ахвяру.
Памолімся аб духу ахвяры.
ХІІ Смерць
Тады ворагам Езуса здавалася, што гэта адна з многіх смерцяў.
Цяпер мы ведаем, што гэта адзіная смерць, найважнейшая, бо яна дала нам святую Імшу, у якой Езус няспынна ахвяруе сябе Пану Богу з любові да нас.
ХІІІ На руках Маці
На зняцце з крыжа ворагі Езуса ўжо не глядзелі.
Таемная сустрэча самых блізкіх. Цішком, пакрыёма яны аддавалі апошнюю паслугу Езусу.
А сёння?
Якія цудоўныя карціны створаныя на гэтую тэму! Гэтую сцэну малявалі найлепшыя мастакі.
XIV Магіла і ўваскрасенне
Ворагам Езуса магіла здавалася адною з многіх магілаў.
Для нас гэта адзіная магіла. Яна стала святыняю ўваскрасення Пана.
На заканчэнне Крыжовага шляху
Мы кажам, што сучасны свет жахлівы, нядобры. Аднак у гэтым сучасным свеце мы бачым веліч Крыжовага шляху Езуса. Тады на яго глядзелі зусім не так, як цяпер.
Хоць гэты свет дрэнны, але дзякуючы хрысціянству ён перамяніўся.
Ксёндз Ян Твардоўскі
Паводле: Кс. Ян Твардоўскі. Вазьмі свой крыж. Разважанні Крыжовага шляху. «Про Хрысто», 2015