
Чалавек жыве ў супольнасці людзей, таму ён не можа ізалявацца, не можа дазваляць праяўляцца эгаізму ў яго жыцці. Ён павінен маліцца не толькі за сябе, але і за ўсю супольнасць Касцёла, маліцца за тое, каб бліжнія навярнуліся ў веру, каб і яны атрымалі збаўленне і каб маглі сузіраць Бога тварам у твар пасля смерці. Прапануем вам памаліцца ў гэтай інтэнцыі з дапамогаю чатырнаццаці стацый мукі Езуса Хрыста, які памёр на Крыжы дзеля збаўлення ўсяго свету.
Уступная малітва
Пане Езу, Твой крыжовы шлях быў напоўнены цярпеннем. Мы хочам сёння разам з Табою ісці па ім і маліцца за святы Касцёл, каб усе людзі прынялі Тваё збаўленне.
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!Стацыя І
Езус асуджаны на смерць
C.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
«Пілат сказаў Яму: „Дык Ты кароль?“ Езус адказаў: „Ты кажаш, што Я кароль“» (Ян 18, 37).
«Пілат сказаў юдэям: „Вось кароль ваш!“ Але яны закрычалі: „Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго!“ (...) Тады ён выдаў ім Езуса на ўкрыжаванне» (пар. Ян 19, 14–16).
Пане Езу, Ты быў несправядліва асуджаны, дзякуем Табе за тое, што з любові да нас Ты прыняў на сябе несправядлівы прысуд, каб збавіць увесь свет. Божа, Валадар сусвету, просім Цябе, дапамажы нам жыць паводле Твайго Евангелля і абвяшчаць яго ўсюды.
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!Стацыя ІІ
Езус бярэ крыж
C.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
«Калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною» (Мц 16, 24).
Пане Езу, Збаўца наш, дзякуем Табе за тое, што Ты ўзяў крыж на свае плечы за ўсіх людзей, таксама і за тых, хто яшчэ не ведае, што Ты адкрыў шлях у неба. Дапамажы нам выкарыстоўваць кожную хвіліну для абвяшчэння Евангелля.
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя ІІІ
Езус падае першы раз
C.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
«Прыдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас» (Мц 11, 28).
Мы ўдзячныч Табе, Божа, за ўсе атрыманыя дабрадзействы, за Твае ласкі. Падтрымай нас на жыццёвым шляху, каб мы заўсёды былі з Табою і не адхіляліся ад выбранага шляху.
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя IV
Езус сустракае сваю Маці
C.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
«А праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў» (Лк 2, 35).
О Езу, дзякуем Табе за тое, што ў хвіліну смерці на крыжы Ты аддаў усіх пад апеку сваёй Маці, сэрца якой разрываў меч болю. Просім Цябе, Езу, каб надышоў для кожнага чалавека такі дзень, калі ён скажа Марыі: «Ты таксама і мая Маці, заступайся за мяне перад Панам Богам!»
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя V
Сымон Кірынэец дапамагае Езусу несці крыж
C.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
«Калі павялі Яго, схапілі нейкага Сымона Кірынэйца, які вяртаўся з поля, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс за Езусам» (Лк 23, 26).
«Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40).
Пане Езу, дапамога Сымона Кірынэйца шмат значыла для Цябе. Просім Цябе, навучы і нас дапамагаць іншым людзям. Дзякуем Табе таксама за ўсіх людзей, якія дзеляцца сваімі дабротамі з тымі, хто ў іх мае большую патрэбу.
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!Стацыя VI
Вераніка выцірае твар Езуса
C.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
«Няхай святло ваша так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах» (Мц 5, 16).
Пане Езу, дзякуем Табе за адвагу і сілу, якую Ты даеш святарам і духоўным асобам у абвяшчэнні Евангелля. Божа, для Цябе ўчынак Веранікі быў адважным вызнаннем веры, таму просім Цябе таксама аб адвазе ў вызнанні веры ў нашым штодзённым жыцці.
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя VII
Езус падае другі раз
C.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
«Хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам» (Ян 12, 26).
«Я — дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне» (Ян 14, 6).
Пане Езу, дзякуем Табе, што з кожным днём шмат новых людзей ідзе за Табою, каб пасля несці Божую праўду тым, хто яе яшчэ не ведае. Просім Цябе, Божа, каб мы таксама навучыліся верна ісці Тваім шляхам і заклікаць на яго іншых людзей.
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя VIII
Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын
C.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
«Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых» (Лк 23, 28).
Дзякуем Табе, Пане Езу, бо Ты нагадаў нам, што мы павінны клапаціцца не толькі пра сваё збаўленне, але і пра збаўленне бліжніх.
Суцяшаючы плачучых жанчын, Езу, Ты паказаў нам, што чакаеш нашага навяртання. Таму просім аб ласцы шчырай скрухі за ўчыненыя грахі.
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!Стацыя IX
Езус падае трэці раз
C.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
«Ён узяў на сябе цярпенні нашыя і панёс нашы хваробы, а мы думалі, што ён пакараны, пабіты і прыніжаны Богам. Ён зранены быў за беззаконні нашыя, раздаўлены за нашыя правіны. Пакаранне міру нашага на ім, і ў ранах яго мы атрымалі здароўе» (Іс 52, 13).
Пане Езу, мы ўдзячныя Табе, бо Ты захоўваеш нас ад роспачы, беручы на сябе нашыя цярпенні, штодзённыя крыжы.
Як цяжка бывае любіць Цябе і бліжняга! Просім Цябе, дай нам ласку, каб не сысці са шляху, які вядзе нас у неба.
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!Стацыя X
З Езуса здзіраюць адзенне
C.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
«...Падзялілі Ягоную вопратку, кідаючы лёсы» (Мц 17, 35).
«Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць» (Мц 5, 8).
Пане Езу, Ты з пакораю стаяў, калі з Цябе здымалі адзенне, каб даць нам сілу для захавання чыстасці нашых думкак, словаў і ўчынкаў, таму просім Цябе, навучы нас заўсёды памятаць, што мы з’яўляемся Божымі дзецьмі. Дзякуем Табе за ўсіх людзей, якія вучаць нас годна глядзець на прыгажосць чалавечага цела.
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!Стацыя XI
Укрыжаванне Езуса
C.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
«Была ж трэцяя гадзіна, калі ўкрыжавалі Яго (...) Разам з Ім укрыжавалі двух злачынцаў, аднаго з правага, а другога з левага боку ад Яго» (Мк 15, 25–27).
Шмат хворых, самотных людзей моляцца за Касцёл, яны ахвяруюць свае цярпенні і самоту за тых, хто працуе на далёкіх кантынентах, распаўсюджваючы Евангелле.
Пане Езу, Ты з любові да нас дазволіў прыбіць сябе да крыжа, просім Цябе, навучы нас прымаць розныя цяжкасці і выпрабаванні і ахвяраваць іх за іншых людзей.
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!Стацыя XII
Езус памірае на крыжы
C.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
«І было ўжо каля шостай гадзіны, і цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай. (...) І Езус закрычаў моцным голасам: „Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой“. І, сказаўшы гэта, сканаў» (Лк 23, 44–46).
Падаем перад Табою на калені, Езу, бо праз сваю муку і смерць на крыжы Ты здабыў збаўленне кожнаму чалавеку. Няхай кожны чалавек, які глядзіць на крыж, узгадае Твае цярпенні і падзякуе Табе за дар адкуплення.
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!Стацыя XIII
Езуса здымаюць з крыжа
C.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
«Калі падышлі да Езуса і ўбачылі, што Ён ужо памёр, не ламалі Яму галені, толькі адзін з жаўнераў прабіў Яго бок, і адразу выцекла кроў і вада» (Ян 19, 33–34).
Дзякуем Табе, Езу, за Тваё прабітае сэрца, якое так моцна палюбіла кожнага чалавека. Божа, мы таксама імкнемся да таго, каб мець такое ж сэрца — поўнае любові да Цябе і да кожнага чалавека.
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!Стацыя XIV
Езуса кладуць у грабніцу
C.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
«Узяўшы цела, Юзаф захінуў Яго ў чыстае палатно і паклаў у сваёй новай магіле, якую высек у скале. Пасля прываліў вялікі камень да ўваходу магілы і адышоў» (Мц 27, 59–60).
«Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць будзе. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі» (Ян 11, 25–26).
Дзякуем Табе, Езу, што Ты ўсім людзям даў надзею на перамогу над смерцю. Просім Цябе, няхай кожны чалавек, дзе б ён ні жыў, цешыўся праўдай аб уваскрашэнні.
Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Малітва на заканчэнне
Пане Езу, скончылася разважанне над Тваім Крыжовым шляхам, але не скончылася зямная пілігрымка людзей, таму мы павінны дапамагаць Табе несці ў свет Евангелле. Божа, благаславі нашыя добрыя пастановы. Амэн.
Падрыхтавала Іна Ламака.