
Уменне спачуваць бліжняму, у патрэбную хвіліну прыйсці яму на дапамогу, не адказваць помстаю за зло і несправядлівасць, а маліцца за сваіх праціўнікаў і прабачаць ім — гэта тое, чаму дзеці могуць навучыцца падчас набажэнстваў Крыжовага шляху. Прапануем вам разважанні над чатырнаццаццю стацыямі мукі Езуса Хрыста, падрыхтаваныя спецыяльна для дзяцей.
Уступная малітва
Пане Езу, гэты шлях на Галготу Ты прайшоў цярпліва і без нараканняў, не асуджаючы нават тых, хто Цябе бічаваў і ўсклаў на плечы крыж. Больш за тое, Ты прайшоў гэты шлях дзеля ўсіх людзей — і дзеля тых, хто несправядліва аддаў Цябе на пакаранне, хто здзекаваўся з Цябе і Твайго вучэння; і дзеля тых, хто плакаў і шкадаваў Цябе, гледзячы на Тваю муку; і нават дзеля нас, сучасных людзей, хоць ужо прайшло больш за дзве тысячы гадоў.
Дзякуй, Пане Езу, за Тваю любоў, за тое, што на гэтым шляху Ты нёс нас у сваім сэрцы. І памёр, каб абараніць нас ад фізічнай смерці. Даруй за тое, што мы крыўдзілі блізкіх, адварочваліся ад тых, каму патрэбная была дапамога, ленаваліся і падманвалі. Мы хацелі б ніколі больш не абражаць Тваё святое сэрца сваімі грахамі, а, наадварот, навучыцца таксама прымаць у сваё сэрца блізкіх — і тых, хто любіць нас, разумее, і тых, хто робіць нам балюча.
Стацыя 1
Езус асуджаны на смерць
С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
Пане Езу, у Табе не знайшлі ніякай віны, але ўсё роўна асудзілі на смерць, бо першасвятары, начальнікі і ўвесь натоўп крычалі Пілату: «Укрыжуй, укрыжуй Яго!» Гэтак казалі людзі, якія на свае вочы бачылі усё дабро, што Ты ўчыніў людзям, а, магчыма, і на сабе спазналі Твае цуды і ласкі.
Дапамажы нам, Езу, таксама цярпліва адносіцца да людзей, якія несправядліва нас крыўдзяць і асуджаюць. Навучы і нас ніколі не судзіць іншых, не ісці за натоўпам і не здзекавацца са слабых, адважна гаварыць праўду нават там, дзе большасць верыць у хлусню.
Ойча наш...
С.: Ты за нас цярпеў ад ранаў,
Н.: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя 2
Езус бярэ крыж
С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
У тыя часы на крыжы каралі самых страшных злачынцаў. Што прымусіла столькіх людзей залічыць Цябе, Езу, да іх? Ты ўзяў на сябе хваробы людзей, а яны ўсклалі на Цябе яшчэ і цяжкае дрэва крыжа.
А што мы аддаем Табе за дары і спасланыя ласкі? Дапамажы нам, Хрыстэ, навучыцца ўдзячнасці за ўсё, што мы маем у сваім жыцці, за вялікія і малыя радасці, за апеку нашых родных, за нашых сяброў, за нашыя таленты і здольнасці, нават за выпрабаванні, якія робяць нас мацнейшымі.
Ойча наш...
С.: Ты за нас цярпеў ад ранаў,
Н.: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя 3
Езус падае першы раз
С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
Пане Езу, боль ад ранаў і цяжар крыжа адабралі ў Цябе сілы на гэтым шляху. Магчыма, кожны на Тваім месцы падумаў бы: «Ці варта падымацца і старацца цягнуць сваю ношу далей? Усё роўна прысуд вынесены...» Аднак Ты ўстаў і гэтым паказаў нам: трэба ісці да апошніх сіл. І ў той жа час трэба быць пакорным волі Бога да апошняга кроку.
Ойча наш...
С.: Ты за нас цярпеў ад ранаў,
Н.: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя 4
Езус сустракае сваю Маці
С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
Пане Езу, на Крыжовым шляху за Табою ішло шмат людзей. Некаторыя верылі, што Ты ні ў чым не вінаваты, плакалі і шкадавалі Цябе. Некаторыя, наадварот, прыйшлі сюды, каб дадаць Табе болю сваімі насмешкамі. Аднак Ты ведаў, што сярод гэтага натоўпу ёсць Твая любая Матуля, што Яна шукае Цябе, хоча падбегчы да Цябе, і кожная Твая рана Ёй таксама баліць.
Дапамажы нам, Езу, заўсёды памятаць, што Маці Божая гэтак жа і за нас перажывае ва ўсіх нашых цяжкасцях, а таксама радуецца ва ўсіх нашых перамогах.
Ойча наш...
С.: Ты за нас цярпеў ад ранаў,
Н.: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя 5
Сымон Кірынэец дапамагае Езусу несці крыж
С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
Сымона Кірынэйца прымусілі несці Твой крыж, Пане Езу. Ці разумеў ён у тыя хвіліны, што дапамагае самому Богу? А ці разумеем мы, што ў сэрцы кожнага нашага блізкага ці проста знаёмага чалавека таксама жывеш Ты, Хрыстэ? Калі гэты чалавек траціць сілы, здароўе і ўжо не можа сам рабіць нейкую справу, то разам з ім і Ты, Езу, зноў пакутуеш, нібы пад крыжам. Дапамажы нам навучыцца заўважаць такіх людзей і не адварочвацца ад іх бяды.
Ойча наш...
С.: Ты за нас цярпеў ад ранаў,
Н.: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя 6
Вераніка выцірае твар Езуса
С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
Хоць увесь натоўп крычаў, каб Цябе, Езу, укрыжавалі, Вераніка не пабаялася таго, што пра яе падумаюць іншыя, і падбегла да Цябе, выцерла Твой зранены і змучаны твар.
Дапамажы нам, Хрыстэ, навучыцца спачуваць тым, каму патрэбна дапамога, і быць смелымі, калі давядзецца бараніць гэтых людзей.
Ойча наш...
С.: Ты за нас цярпеў ад ранаў,
Н.: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя 7
Езус падае другі раз
С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
«Пакуль ты змагаешся, ты — пераможца», — так сказаў калісьці святы Аўгустын. Вось і Ты, Езу, нягледзячы на стомленасць і боль, падняўся пасля таго, як другі раз упаў. Навучы нас таксама не адчайвацца нават тады, калі ўсё здаецца цяжкім і бессэнсоўным. Дапамажы нам заўсёды памятаць: калі мы ўпалі, гэта не значыць, што больш не трэба хадзіць і бегаць. Гэта значыць, што мы навучымся быць мацнейшымі і спрытнейшымі.
Ойча наш...
С.: Ты за нас цярпеў ад ранаў,
Н.: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя 8
Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын
С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
Жанчыны плакалі і галасілі зза Твайго пакарання, Езу, а Ты знайшоў сілы іх суцешыць, хоць здавалася, што ў тую хвіліну суцяшэнне патрэбным было Табе.
Ты ведаў, Хрыстэ, як цяжка часам бывае тым, хто ідзе за Табою, слухае Цябе, вучыцца любіць і быць цярплівым. Таму Ты і суцешыў жанчынаў, якія плакалі. Іх слёзы — гэта слёзы па справядлівасці і праўдзе.
Ойча наш...
С.: Ты за нас цярпеў ад ранаў,
Н.: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя 9
Езус падае трэці раз
С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
Часам здаецца, што ў нас ужо ні на што не хапае сілаў. Ні на тое, каб зранку ўстаць і пайсці ў школу, ні на тое, каб уважліва слухаць настаўніцу і выконваць усе школьныя заданні, ні на прыбіранне дома ці ў класе. Езусу таксама, напэўна, здавалася, што Ён больш не можа несці крыж, калі ўпаў трэці раз. Аднак Ён зноў устаў і пайшоў на Галготу.
Дапамажы нам, Езу, без нараканняў працягваць выконваць свае абавязкі і падбадзёрваць тых, хто стаміўся і не адчувае ў сабе болей сілаў.
Ойча наш...
С.: Ты за нас цярпеў ад ранаў,
Н.: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя 10
З Езуса здзіраюць адзенне
С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
Пане Езу, у Цябе забралі ўсё, што толькі магчыма. Сілы, здароўе, вопратку. Засталося забраць жыццё. Але Ты не наракаў, наадварот, прасіў Бога Айца: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць». Нават да гэтых злачынцаў Ты не меў гневу і злосці, бо ў Цябе не адабралі галоўнага — любові.
Учыні, Езу, каб мы заўсёды апраналіся ў вопратку любові, якую ніхто не можа адабраць сілаю, каб атулялі ёю сваіх бліжніх, дзяліліся з імі добрымі словамі, рэчамі, кніжкамі або ежаю.
Ойча наш...
С.: Ты за нас цярпеў ад ранаў,
Н.: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя 11
Укрыжаванне Езуса
С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
Пане Езу, мы бачым Цябе на крыжы, прыбітага вострымі цвікамі. Ты — усемагутны Бог, і таму мог бы ў любую хвіліну спусціцца з крыжа і пакараць усіх, хто Цябе абразіў. Але Ты не захацеў перамагчы зло помстаю. Ты жадаў, каб кожны чалавек сам выбраў дабро.
Навучы нас, Пане Езу, таксама ніколі не даказваць сваю праўду злом, помстаю, здрадаю ці абразаю. Учыні, каб мы заўсёды памяталі, што моц — не ў тым, каб прымусіць кагосьці сілаю вярнуць нам кнігу ці цацку, а ў тым, каб нават сваіх крыўдзіцеляў мы ўмелі апраўдаць у сваім сэрцы і памаліцца за іх.
Ойча наш...
С.: Ты за нас цярпеў ад ранаў,
Н.: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя 12
Езус памірае на крыжы
С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
Людзям, якія верылі Табе, Езу, у гэтыя хвіліны здавалася, што ўсё скончылася, што яны больш не ўбачаць Цябе, не спытаюць у Цябе парады, не папросяць вылечыць іх ад хваробы. Аднак на самай справе з гэтага моманту многае толькі пачалося. Ты пайшоў да Айца, і, хоць мы Цябе не бачым, аднак ведаем, што Ты кожны дзень побач з намі, мы можам кожную хвіліну маліцца да Цябе і пытаць парады, кожны момант прасіць у Цябе дапамогі.
Ойча наш...
С.: Ты за нас цярпеў ад ранаў,
Н.: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя 13
Езуса здымаюць з крыжа
С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
У той момант на Галгоце было цёмна і змрочна. Многія зразумелі, што Ты, Езу, сапраўды быў Сынам Божым, і дрыжэлі са страху. Аднак у гэтай цемры з’явіўся, нібы праменьчык дабрыні і адвагі — Юзаф з Арыматэі, які тайна быў Тваім вучнем, Езу, а цяпер не пабаяўся яўна паказаць сваю веру і пайсці да Пілата, каб папрасіць з крыжа Тваё цела. Навучы нас, Хрыстэ, таксама не баяцца паказваць, што мы — Твае вучні.
Ойча наш...
С.: Ты за нас цярпеў ад ранаў,
Н.: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Стацыя 14
Езуса кладуць у грабніцу
С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!
Цяпер Цябе паклалі ў магілу, Езу, і пакінулі аднаго. Ты ляжаў у цёмнай скале, закрытай вялізным каменем. Усе, хто там быў, сталі разыходзіцца. Магчыма, хтосьці ішоў і думаў, што ў яго сэрца таксама нібы цвёрдая скала, у якой ляжыць Тваё змучанае цела. Як можна ажывіць у сваім сэрцы Езуса? Напрыклад, папрасіць прабачэння ў матулі за тое, што не слухаўся яе, не грубіць болей малодшаму браціку, дапамагчы тату парамантаваць ровар.
Няхай у нашых сэрцах Езус заўжды будзе жывым і радасным.
Ойча наш...
С.: Ты за нас цярпеў ад ранаў,
Н.: Езу Хрыстэ, змілуйся над намі!
Малітва на заканчэнне
Пане Езу, незадоўга да смерці Ты сказаў: «Вы будзеце смуткаваць, але смутак ваш абернецца ў радасць». Ты прайшоў гэты цяжкі шлях, на якім нёс кожнага з нас у сваім сэрцы, каб потым ужо ніколі не расставацца з намі. Дзякуй Табе за Тваю перамогу любоўю над злом, за Тваю пакору і цярплівасць. У гэтым — сапраўдная сіла, якая ператварае нашыя сэрцы з каменных у чулыя і шчырыя.
Дапамажы нам заўсёды памятаць пра Твой Крыжовы шлях, асабліва ў тыя хвіліны, калі нам здаецца, што вакол шмат несправядлівасці, бо ўрэшце яна будзе пераможаная Тваёю ласкаю. Амэн.
Ганна Шаўчэнка.
У матэрыяле выкарыстаны выявы стацый Крыжовага шляху з Падуанскай катэдры