майскі нумар часопіса «Ave Maria»
«Misericordiae vultus» — прыцягвае ўвагу на вокладцы новага — майскага — нумара часопіса «Ave Maria» назва булы Святога Айца Францішка, якою ён абвясціў Год Міласэрнасці і ўрывак з якой друкуецца на старонках часопіса. Пагартаеш нумар — і здаецца, што гэтым загалоўкам можна ахапіць усе яго матэрыялы, бо само жыццё з яго радасцямі і выпрабаваннямі паказвае, што Бог заўсёды праяўляе сваю міласэрнасць у найбольш адпаведны час, калі мы адкрытыя на гэтае Божае дзеянне.
Ужо самі назвы артыкулаў сведчаць пра тое, што праз кожную падзею ў жыцці Касцёла Пан Бог жадае нагадаць нам пра штосьці істотнае, звярнуць увагу на вельмі важныя каштоўнасці: «Папа Францішак стаў сведкам цуду св. Януарыя», «Св. Грыгорый з Нарэка — доктар паўсюднага Касцёла», «Канферэнцыя, прысвечаная біскупу Баляславу Слоскансу», «Айцец Аляксандр Надсан — наш новы апякун у нябёсах».
А вось тэматыка артыкула кс. Андрэя Рылкі разгорнута вакол аднаго з найбольш хвалюючых і складаных пытанняў для вернікаў: чаму добры Бог дапускае зло? «Бог міласэрны, — піша святару адна з нашых чытачак. — Але чаму Ён дапускае смерць ці калецтва ні ў чым не павінных дзяцей, спасылае цяжкія хваробы і цярпенні на добрых і праведных людзей?» У гэтым пытанні заключана глыбокая таямніца міласэрнага Бога, без якой Ён не быў бы па-сапраўднаму міласэрным.
Вялікаю праяваю Божай дабрыні сталі аб’яўленні Маці Божай у Фаціме, 100-годдзе якіх рыхтуецца адзначаць Каталіцкі Касцёл. З гэтай нагоды ў часопісе друкуецца артыкул Вінцэнта Лашэўскага «Чатыры лісты сястры Люцыі», дзе пераканаўча паказваецца, што набажэнства першых суботаў месяца — выратавальнае кола для людзей нашага часу, якое дапаможа не патануць у бездані выпрабаванняў і выпрасіць у Бога шматлікія ласкі.
Несумненна, гэтыя і іншыя матэрыялы часопіса дапамогуць вам, шаноўныя чытачы, з даверам аддацца Божай міласэрнасці ва ўсіх сваіх справах і перажываннях.
Рэд.