
Пераследаваных хрысціянаў сёння больш, чым у першыя стагоддзі. Гэты факт, нагаданы Папам 6 красавіка пасля малітвы «Regina caeli», пацвердзіў таксама швейцарскі кардынал Курт Кох у інтэрв’ю, апублікаваным 5 красавіка на старонках газеты «SonntagsZeitung», якая выходзіць у Цюрыху.
Кіраўнік Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству падкрэслівае, што 80 працэнтаў людзей, якіх цяпер пераследуюць за веру, — вызнаўцы Хрыста.
Кардынал Кох прывёў прыклады з жыцця Сірыі, Ірака, а таксама Кеніі, дзе ісламісты апошнім часам забілі каля 150 студэнтаў універсітэта ў горадзе Гарыса. На яго думку, Еўрапейскі саюз і Швейцарыя павінны больш рашуча рэагаваць на такія выклікі. Ён нават сказаў пра магчымасць дапамогі зброяй, каб нарэшце пакласці канец злачыннай дзейнасці т.зв. Ісламскай дзяржавы. Аднак перасцярог, што неабходна сачыць за тым, каб яна не трапіла ў чужыя рукі.
Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка.
Паводле gosc.pl