Напярэдадні Вялікадня нашых чытачоў радасна вітае чарговы, красавіцкі нумар часопіса «Ave Maria», які дапаможа падрыхтаваць душу да гэтай светлай урачыстасці і з чыстым сэрцам працягнуць свой шлях праз жыццёвыя выпрабаванні.
Адной з найважнейшых справаў на гэтым шляху з’яўляецца наша малітва, падчас якой мы нярэдка спазнаем рассеянасць, чэрствасць ці нават расчараванне… Але калі ўдумліва прачытаем артыкул а. Юрыя Кулая OCD «Характар хрысціянскай малітвы» ў свежым нумары часопіса, то ўзгадаем, што малітва — гэта аснова адносінаў з Богам, адносінаў, над якімі трэба нястомна працаваць, каб яны прыносілі наталенне душы.
Як піша яшчэ адзін аўтар часопіса, кс. Андрэй Рылка, мы павінны быць не толькі назіральнікамі, але і ўдзельнікамі Божага жыцця, што становіцца магчымым дзякуючы Эўхарыстыі. Святар у сваім артыкуле адказвае на пытанне, што цікавіць многіх католікаў: «Чаму святую Камунію ў Касцёле святары звычайна ўдзяляюць толькі ў адной постаці хлеба, а святой Крыві Пана не ўдзяляюць, хоць пра гэта сказана ў Евангеллі?».
Да свята Божай Міласэрнасці, якое чакае нас праз тыдзень пасля Вялікадня, Іна Бігель падрыхтавала артыкул «З гісторыі абраза Езуса Міласэрнага». Хоць многія ведаюць пра гісторыю ўзнікнення гэтага абраза, але мала хто чуў пра яго лёс, а таксама пра стварэнне яго копій. У сваім артыкуле аўтарка не раз дае слова мастакам, якія стварылі абразы Езуса Міласэрнага для касцёлаў Беларусі.
Пасля Вялікадня нас чакаюць шэрыя будні. Аднак «Шэрых дзён не бывае» — так называецца артыкул с. Паўлы Бобер MSF у рубрыцы «Старонка псіхолага», дзе аўтарка разважае пра тое, як прыняць сваё штодзённае жыццё і жыць ім, а не ўласнымі марамі, чаканнямі, спробамі ўзвысіцца над сваім «я».
Няхай гэтыя і іншыя цікавыя матэрыялы дапамогуць вам, шаноўныя чытачы, радасна сустрэць і перажыць велікодныя святы, каб з новымі духоўнымі сіламі цешыцца жыццю.