Трыццатая звычайная нядзеля, год А (26.10.2014)
«Калі фарысеі пачулі, што Езус прымусіў замоўкнуць садукеяў, яны сабраліся разам. І адзін з іх, кніжнік, выпрабоўваючы Яго, спытаўся: “Настаўнік, якая запаведзь найбольшая ў Законе?” Езус адказаў яму: “«Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім». Гэта найбольшая і першая запаведзь. Другая ж — падобная да яе: «Любі бліжняга твайго, як самога сябе». На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі”» (Мц 22, 34–40).
Найбольшая і першая
Святое Пісанне (гл. Зых 20; Дрг 5) апавядае, што Бог даў Майсею 10 словаў — Дэкалог — запісаўшы іх на дзвюх каменных табліцах. Аднак яно не ўдакладняе колькасць запаведзяў на кожнай з табліц. Таму на шматлікіх выявах мастакі змяшчаюць іх па-рознаму. Існуе традыцыя змяшчаць на адной табліцы першыя тры запаведзі, а на другой — астатнія сем, бо выконваючы першыя запаведзі, мы сведчым пра сваю любоў да Бога, а іншыя сем дапамагаюць нам па-сапраўднаму любіць бліжняга.
Таму калі чалавек ставіць на першае месца ў сваім жыцці кагосьці або штосьці па-за Богам або без павагі cтавіцца да ўсяго, што з Ім звязана, не лічыць неабходным кожную нядзелю наведваць святую Імшу, знаходзячы іншыя заняткі — хіба ж не ашуквае ён сам сябе, мяркуючы і сцвярджаючы, што любіць Бога?
Што датычыць любові да бліжняга, як жа часта слова «любоў» ужываюць там, дзе яе і блізка няма, называючы гэтак проста эмоцыі, павярхоўную закаханасць або звычайную пажадлівасць! Сапраўдная любоў адносіцца не столькі да сферы эмоцый, колькі да вышэйшых уладаў душы — розуму і волі, паводле якіх мы з’яўляемся вобразам і падабенствам Стварыцеля.
Любоў да бліжняга — гэта выбар, рашэнне дапамагчы чалавеку атрымаць Найвышэйшае Дабро. Як канкрэтна гэта рабіць — якраз і кажуць нам запаведзі. Яны — пэўны і годны веры арыенцір у тым, куды ісці і як паводзіць сябе у розных абставінах, каб не зруйнаваць жыццё сабе і іншым, пазбегнуць «аварый» і «катастрофаў» на жыццёвым шляху...
Паслухмянасць Дэкалогу сведчыць таксама пра глыбіню і моц нашай веры, бо нават калі ў абмежаванасці чалавечага розуму мы не ўсведамляем, чаму нельга парушаць тую ці іншую запаведзь, аўтарытэт Бога, які стварыў нас, які лепш ведае, што нам карысна і заключыў гэта ў Дэкалогу, дапамагае нам не паддавацца спакусам і выбіраць правільны шлях.
Іншымі словамі, Дэкалог — гэта не што іншае, як расшыфроўка дзвюх запаведзяў, узгаданых Панам Езусам у сённяшнім евангельскім урыўку, на якіх «грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі». Яны ўплываюць адна на адну, яны цесна звязаныя між сабою, так што часта іх называюць адной галоўнай запаведдзю. І, напэўна, з гэтай прычыны ў рэлігійным мастацтве дзве каменныя табліцы, якія ўвасабляюць любоў да Бога і бліжняга, злучаюць разам, робячы падобнымі да вялікага сэрца — сімвала любові.
Айцец Міхал Ермашкевіч OP

