Дваццаць восьмая звычайная нядзеля, год А (12.10.2014)

«Езус зноў расказаў ім прыпавесць: “Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для свайго сына. Ён паслаў сваіх слугаў паклікаць запрошаных на вяселле, але яны не хацелі прыйсці. Зноў паслаў іншых слугаў, кажучы: «Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормленая жыўнасць, і ўсё падрыхтавана; прыходзьце на вяселле». Але яны пагардзілі і адышлі, хто на сваё поле, а хто да свайго гандлю. Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх. Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад. Тады ён сказаў сваім слугам: «Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі. Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле». Тыя слугі, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі. Кароль, увайшоўшы паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельную вопратку, і сказаў яму: «Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі?» Той прамаўчаў. Тады кароль сказаў слугам: «Звяжыце яму ногі і рукі і выкіньце яго вон, у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў». Бо шмат пакліканых, але мала выбраных”» (Мц 22, 1–14).

Не баяцца зменаў

Прыпавесць пра гасцей, якія былі запрошаныя на каралеўскую гасціну і адмовіліся ад запрашэння з нейкіх сваіх прычын — страху ці перадузятасці — і заняліся іншымі справамі, нагадвае мне іншую гісторыю, можа і менш трагічную, але больш блізкую нашым часам. Адзін чалавек выправіўся ў падарожжа праз акіян на караблі. Дарога павінна была заняць два тыдні, таму ён добра да яе падрыхтаваўся: узяў з сабою сухары, сыр — нядрэнную ежу, якая не псуецца. Пачалося падарожжа. Ён еў свае сухары і глядзеў на людзей, якія хадзілі есці ў карабельны рэстаран. Там было цудоўнае меню. Спачатку наш вандроўнік даваў сабе рады, але праз некалькі дзён ужо глядзець не мог на сухары і сыр, тым больш, што так блізка былі розныя прысмакі. Праз паўтара тыдні, калі падарожжа восьвось павінна было скончыцца, ён не вытрымаў і пайшоў у рэстаран з прапановаю. Ён сказаў: «Я буду працаваць у кухні, мыць посуд, а наўзамен есці ў рэстаране». Загадчык папрасіў яго паказаць квіток, уважліва прачытаў напісанае на ім і сказаў: «Не ведаю, чаму Вы дагэтуль да нас не прыходзілі, харчаванне ў рэстаране ўваходзіць у кошт Вашага квітка».

Перадузятасць, страх, нежаданне нешта змяняць, звычкі — усё гэта не дазволіла нашаму герою карыстацца ўсімі магчымымі дабротамі. У выпадку з намі гаворка ідзе пра больш значныя рэчы. Што перашкаджае мне цалкам прыняць Божы дар, прыняць запрашэнне ў Яго Валадарства? Што ўтрымлівае мяне ад навяртання: лянота, звычкі, страх перад зменамі, боязь быць пакрыўджаным? Варта падумаць пра гэта, бо сапраўды шкада есці адны сухары, калі можна жыць поўным жыццём.

Айцец Крыштаф Коц’ян OP

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней