Дваццаць сёмая звычайная нядзеля, год А (05.10.2014)
«Заспяваю прыяцелю майму песню сябра майго пра вінаграднік ягоны: Мой сябра меў вінаграднік на ўрадлівай гары. Ён ускапаў яго і ачысціў яго ад камення, і пасадзіў у ім адборную вінаградную лазу, і пабудаваў вежу пасярод яго, і давіла вычасаў у ім. Чакаў, што дасць ён гронкі вінаграду, але ён прынёс дзікія ягады. Дык цяпер, жыхары Ерузалема і мужы юдэйскія, рассудзіце мяне і вінаграднік мой. Што яшчэ я павінен быў зрабіць для вінаградніку майго і не зрабіў для яго? Чаму я чакаў гронак вінаграду, а ён прынёс дзікія ягады? Цяпер я пакажу вам, што я зраблю з вінаграднікам маім: я прыбяру яго агароджу, і будзе спустошаны ён, знішчу сцяну яго, і ён будзе затаптаны. І прывяду яго ў запусценне: не будуць падразаць і ўскопваць яго, і зарасце ён цернем і пустазеллем, і забараню хмарам ліць на яго дождж. Вінаграднік Пана Магуццяў — гэта дом Ізраэля, а мужы юдэйскія — Яго ўмілаваныя саджанцы; Ён чакаў правасуддзя — і вось беззаконне; чакаў справядлівасці — і вось крык» (Іс 5, 1–7).
«Езус сказаў першасвятарам і старэйшынам народа: “Паслухайце іншую прыпавесць. Быў адзін гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджай, выкапаў у ім давіла, пабудаваў вежу ды, аддаўшы яго вінаградарам, паехаў. Калі ж наблізіўся час ураджаю, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў, каб забраць ураджай свой. А вінаградары, схапіўшы слугаў ягоных, аднаго пабілі, другога забілі, а іншага закідалі камянямі. Той зноў паслаў яшчэ больш слугаў, і з імі ўчынілі тое самае. Урэшце ён паслаў да іх свайго сына, кажучы: «Ушануюць сына майго». Але, убачыўшы сына, вінаградары сказалі адзін аднаму: «Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ем яго і завалодаем спадчынай ягонай». І, схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі. Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць з гэтымі вінаградарамі?” Адказалі Яму: “Злачынцаў гэтых пакарае ліхою смерцю, а вінагараднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў адпаведны час”. Езус сказаў ім: «Няўжо ж вы ніколі не чыталі ў Пісаннях: «Камень, адкінуты будаўнікамі, стаў галавою вугла. Пан учыніў гэта, і дзіўнае яно ў вачах нашых»? Таму кажу вам, што адымецца ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які прынясе плады яго» (Мц 21, 33–43).
«Мой сябра меў вінаграднік на ўрадлівай гары»...
У сённшнім першым чытанні і ў Евангеллі мы чуем прыпавесці пра вінаграднік. Вінаграднік — гэта Касцёл. Езус — вінаградная лаза, мы — галіны. Першае чытанне распавядае, што Бог зрабіў для нас усё неабходнае, каб мы, як парасткі, далі смачныя плады. Але аказваецца, што вінаград вырас зусім не смачны, гаркавы і кіслы. Плады нашага жыцця могуць быць недаспелыя. Не хапае чыстай інтэнцыі ў тым, што мы робім. Каб радзіць добрыя плады, патрэбнае навяртанне. Як дасягнуць гэтага, мы чытаем ва ўрыўку з Паслання святога Паўла да Філіпянаў, і гэты ўрок варта цалкам засвоіць: «Ні пра што не турбуйцеся, але ў кожнай малітве і просьбе з удзячнасцю адкрывайце вашыя просьбы Богу. І спакой Божы, які пераўзыходзіць усялякі розум, будзе аберагаць сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысце Езусе. Нарэшце, браты, што ёсць праўдзівае, што годнае, што справядлівае, што беззаганнае, што ласкавае, што хвалебнае, калі гэта нейкая цнота або нешта годнае пахвалы — пра гэта думайце. Чаму навучыліся, і што прынялі, і пачулі, і ўбачылі ўва мне, тое чыніце, і Бог спакою будзе з вамі» (Флп 4, 6–9).
Аднак недахоп добрых пладоў — гэта віна не толькі саміх парасткаў — абыякавых да любові Божай хрысціянаў. Ёсць яшчэ сяляне, задача якіх — клапаціцца пра рост вінаградніка. Гэта біскупы, святары і катэхеты. Гэта могуць быць таксама і бацькі, і ўсе выхавацелі. Таму Бог, які выбраў добрую зямлю, дзе пасадзіў вінаграднік, выбраўшы для яго сонечны бок і спаслаўшы патрэбны дождж, так што вінаградніку (хрысціянам) усяго хапае, не толькі сутыкнуўся з абыякавасцю многіх вінаградных парасткаў, але і з нядбайнасцю некаторых сялянаў, якія дрэнна клапаціліся пра вінаграднік.
Што нам вынесці з гэтага? Мы — і вінаградары, і вінаградны парасткі — дзеці Божыя, і нам трэба ўсё глыбей у Духу Святым разважаць над таямніцаю Божай любові да нас. Глыбокае разважанне разам з прыняццем Божага натхнення і Яго ласкі дазволіць нам усё лепш і лепш кожны дзень адказваць на Божую любоў усім сваім жыццём.
Айцец Раман Шульц OP

