Ушанаванне мукі i ўваскрасення Пана Езуса доўжыцца поўныя тры днi. Распачынаецца яно ў Вялiкi чацвер вечарам, а заканчваецца вечарам у нядзелю. Святы Пасхальны Трыдуум з’яўляецца своеасаблiваю кульмiнацыяй усяго літургічнага году. Гэта не падрыхтоўка да Вялiкадня, а само ўшанаванне Хрыстовай Пасхi, праз удзел у Яго муцы, смерцi i ўваскрасенні. Вернiкi павiнны прымаць шчыры ўдзел у гэтых абрадах, прыступаць да святой Камунiі, таму варта паспавядацца яшчэ да Вялiкага чацвярга.
Каб па-сапраўднаму зразумець сэнс Святога Пасхальнага Трыдуума, трэба памятаць, што смерць i ўваскрасенне Хрыста — адно цэлае. Хрыстус адкупiў чалавецтва не толькi праз сваю смерць, але i праз уваскрасенне, — значыць, усёю Пасхальнаю мiстэрыяй.
Апошняя Вячэра ў Вялiкi чацверВечарам у Вялiкi чацвер усе вернiкi збiраюцца разам са сваiмi душпастырамi, каб ушанаваць Апошнюю Вячэру ў часе ўрачыстай святой Iмшы. У евангельскім чытанні гэтай Iмшы гаворыцца пра абмыванне ног Апосталам (Ян 13, 1–15). Узаемная любоў павiнна быць умоваю i плёнам Эўхарыстыi. Наследуючы Хрыста, святар можа, паводле Евангелля, абмыць ногi дванаццацi мужчынам. На Gloria звоняць званы, а пасля змаўкаюць аж да Пасхальнай вiгiлii.
Пасля святой Iмшы Найсвяцейшы Сакрамэнт ва ўрачыстай працэсii пераносiцца да цямнiцы (бочная каплiца), дзе вернiкi адаруюць Пана Езуса да поўначы, разважаючы над Яго пакутаю ў Алiўным садзе. З алтара здымаюць убранне як сiмвал таго, што з Езуса здзерлi шаты.
У Вялiкi чацвер таксама ўзгадваецца ўстанаўленне сакрамэнту святарства. Таму ранiцаю ў катэдрах бiскуп цэлебруе ўрачыстую святую Iмшу разам са святарамi сваёй дыяцэзii. У часе святой Iмшы асвячаецца алей i хрызма, а святары складаюць святарскую прысягу.
Вялiкая пятнiцаУ Вялiкую пятнiцу не цэлебруецца святая Iмша. Пасля поўдня вернiкi збiраюцца на набажэнства, каб ушанаваць муку Хрыста. Самае важнае ў часе гэтага набажэнства — ушанаванне таямнiцы крыжа.
Набажэнства распачынаецца пры алтары, на якiм няма крыжа, свечак i абрусаў. Уся лiтургiя скiравана на тое, каб засяродзiць увагу вернiкаў на алтары, якi сiмвалiзуе самога Хрыста.
Набажэнства ў Вялiкую пятнiцу складаецца з наступных частак:
— лiтургiя слова: святар з мiнiстрантамi ва ўбраннi чырвонага колеру ў цiшы падыходзiць да алтара, чытае малiтву, потым адбываецца лiтургiя слова. Яна складаецца з двух чытанняў — апiсанне мукi Хрыста паводле св. Яна (Ян 18, 1–19, 42), казання i ўрачыстай малiтвы верных (за ўсё чалавецтва, за Касцёл, пастыраў i вернiкаў);
- адарацыя Крыжа: унясенне Крыжа, пакрытага жалобнаю фiялетаваю тканiнаю. Потым тканiна паступова адсланяецца з Крыжа, i ў гэты час святар тройчы спявае: «Вось дрэва Крыжа, на якiм памёр Збаўца свету». Вернiкi адказваюць: «Пойдзем з паклонам». Распачынаецца адарацыя Крыжа — народ Божы падыходзiць да Крыжа, цалуе гэта збавеннае дрэва з удзячнасцi за адкупленне;
- святая Камунiя: жыццядайным плёнам смерцi Хрыста з’яўляецца Эўхарыстыя, таму вернiкам удзяляецца святая Камунiя, кансэкраваная ў Вялiкi чацвер. Праз гэта Касцёл падкрэслiвае еднасць Ахвяры Вячэрнiка з Ахвяраю Крыжа;
- працэсiя да гробу Пана: пасля абрадаў Вялiкай пятнiцы Найсвяцейшы Сакрамэнт пераносяць у манстранцыi да так званага гробу Божага. Вернiкi там адаруюць Найсвяцейшы Сакрамэнт да Нядзелі Уваскрасення Пана.
Вялiкая субота
У Вялiкую суботу ў касцёлах не цэлебруецца святая Iмша. Вернiкi збiраюцца пры гробе Пана Езуса, каб разважаць над Яго мукаю i смерцю. Гэта дзень цiшы i засяроджанасцi. У Вялiкую суботу асвячаюцца велiкодныя стравы.
Вялiкдзень — Нядзеля Уваскрасення ПанаНоч перад Нядзеляю Уваскрасення Пана (Вялiкая Ноч) для хрысцiянаў была ночаю чування. Яе праводзiлi ў малiтве i слуханнi Слова Божага.
Хрысцiяне перанялi практыку чування i чакання ў гэту ноч вяртання ўваскрослага Хрыста. У касцёлах адбываецца лiтургiя Пасхальнай вiгiлii, якая складаецца з наступных частак:
– Лiтургiя святла: Перад касцёлам святар благаслаўляе агонь, потым запальвае пасхал (вялiкую свечку, якая сiмвалiзуе ўваскрослага Хрыста). З працэсiяй пасхал уносяць у касцёл, дзе патушана святло. Святар тройчы спявае «Святло Хрыстова», а вернiкi з удзячнасцю адказваюць «Дзякуем Богу» i запальваюць ад пасхала свае свечкi. Потым святар цi дыякан спявае пасхальнае пасланне «Exsultet», старажытны хрысцiянскi гiмн хвалы (VII ст.). У гэтым гiмне ўслаўляецца ўваскрослы Хрыстус, якога сiмвалiзуе запаленае святло.
– лiтургiя слова складаецца з дзевяцi чытанняў Святога Пiсання: сем са Старога Запавету i два з Новага Запавету (epistola i Евангелле). Перад чытаннем з Новага Запавету (epistola) святар пачынае спяваць гiмн Gloria, i пачынаюць званiць званы. Перад Евангеллем зноў спяваецца пасля саракадзённага перапынку радаснае Alleluja.
– Лiтургiя хросту: пасля «Лiтанii да ўсiх святых» святар благаслаўляе хрысцiльную ваду i ўдзяляе сакрамэнт святога хросту. Калi няма кандыдатаў да святога хросту i не благаслаўляецца хрысцiльная вада, то святар благаслаўляе ваду для акраплення. Затым адбываецца аднаўленне абяцанняў сакрамэнту хросту i акрапленне вернiкаў вадою — гэта напамiн пра наша хрышчэнне i пра нашу вернасць Хрысту.
– эўхарыстычная лiтургiя — пасля начнога чування ўваскрослы Езус запрашае нас на пасiлак, якi прыгатаваў праз сваю смерць i ўваскрасенне. Эўхарыстычная лiтургiя распачынаецца прыгатаваннем дароў. Тэксты i спевы — велiкодныя. Гэта першая велiкодная святая Iмша, нават калi яна скончыцца перад поўначчу Вялiкай суботы.
– рэзурэкцыйная працэсiя: адразу пасля вiгiлiйнай Iмшы, альбо раніцаю адбываецца ўрачыстая рэзурэкцыйная працэсiя, у часе якой нясуць Найсвяцейшы Сакрамэнт i сiмвал уваскрасення (фiгурку Хрыста і крыж, перавязаны чырвонаю стулаю). Працэсiя пачынаецца ад гробу Пана i абыходзiць адзiн альбо тры разы касцёл пад радасны велiкодны спеў.
«...Няхай сапраўды жыццё вашае стане ўваскрослым жыццём з Хрыстом, жыццём шчырых сведкаў узнёслай праўды змёртвыхпаўстання перад усiм светам» (Ян Павел II).