Не спакой, але раздзяленне

Дваццатая звычайная нядзеля, год С (11.08.2013).

«Езус сказаў сваім вучням: агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ўжо разгарэўся! Хростам павінен Я ахрысціцца і як жа пакутую, пакуль гэта не споўніцца! Думаеце, што Я прыйшоў даць зямлі спакой? Не, кажу вам, хутчэй раздзяленне. Бо з гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць падзеленыя, трое супраць дваіх і двое супраць траіх. Бацька будзе супраць сына, і сын супраць бацькі, маці супраць дачкі, і дачка супраць маці, свякроў супраць нявесткі сваёй, і нявестка супраць свекрыві сваёй» (Лк 12, 49–53).

Не спакой, але раздзяленне

«Як добра, Пане, што я хрысціянін. Дзякую Табе». «Як добра я сябе адчуваю, калі мы молімся разам, калі разам праслаўляем Пана Бога». Ці пазнаеце ў гэтых словах вашыя думкі? Калі мы добра сябе адчуваем у супольнасці Касцёла, калі вера нашая моцная, малітва гарачая, а побач людзі, якія нас разумеюць, якія, як і мы, шчыра вераць, то як можна сёння прыняць словы Езуса, якімі Ён пераконвае інакш паглядзець на сваю місію: «Думаеце, што Я прыйшоў даць зямлі спакой? Не, кажу вам, хутчэй раздзяленне».

Далей гучаць яшчэ больш моцныя словы пра супрацьстаянне, пра сітуацыі, калі мы аказваемся «супраць» іншых людзей. Ці пазнаём сябе ў гэтых словах? Ці адчуваем іх дзеянне ў сваім жыцці? Давайце прыгледзімся бліжэй. Добра, калі нам камфортна ў атачэнні людзей, з якімі мы разам молімся. Але, напэўна, можна знайсці сярод блізкіх і сяброў многа тых, хто нас не разумее. Не разумее нашай веры, нашай малітвы. Якія адносіны ў нас з гэтымі людзьмі?

Можна, зразумела, проста перастаць сустракацца з імі (цяжэй гэта зрабіць, калі непаразуменне ўзнікае з бацькамі і родзічамі). Але ці для таго мы пакліканыя да веры, каб пасля замкнуцца ў касцёле? Можна весці падвойнае жыццё, але гэта для хрысціяніна можа дрэнна скончыцца: «Ведаю твае справы: ты ні халодны, ні гарачы. О, калі б ты быў халодны ці гарачы! Але таму, што ты цёплы, а не гарачы і не халодны, выплюну цябе з вуснаў Маіх» (Ап 3, 15–16). Праз хрост мы атрымліваем не толькі Духа Святога і ўсе патрэбныя ласкі для развіцця веры і ўзрастання ў святасці, але і абавязак апостальства, дзялення верай з іншымі. Мы атрымліваем агонь Духа Святога, каб запальваць іншых людзей.

Сённяшнія словы Хрыста нагадваюць, што тым, хто сапраўды хоча ісці за Хрыстом, не будзе лёгка. Трэба быць гатовым да падзелаў і супраціву. Можа здарыцца, што мы апынемся ў меншасці. Але лепей быць у меншасці з Хрыстом, чым у вялікім натоўпе без Яго.

Што рабіць, калі будзе зусім цяжка? Калі будзе здавацца, што я адзін супраць усіх? Падказку дае нам святы Павел у другім літургічным чытанні (Гбр 12, 1–4): трэба бегчы. Працягваць далей бегчы да Хрыста. Не затрымлівацца ў сваім духоўным развіцці. Калі мы будзем сапраўды імкнуцца рухацца далей, можа і тыя іншыя, што цяпер не разумеюць нас, зацікавяцца, куды і да Каго мы так спяшаемся. І, дай Божа, каб калісьці яны захацелі пабегчы разам з намі.

Айцец Павел Мажэйка ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней